У 1988 годзе настаўніца гісторыі са Слоніма Вера Фядута стала гераіняй першай паласы “Настаўніцкай”. Яна захоўвае той пажоўклы нумар у дамашнім архіве і з гордасцю азіраецца на пройдзены шлях у прафесіі. Падрабязнасці — у матэрыяле нашага карэспандэнта.

— Гэты нумар выйшаў напярэдадні XIX Усесаюзнай партыйнай канферэнцыі ў Маскве. Дэлегацыя Гродзеншчыны складалася з 22 чалавек. І ад партыйнай арганізацыі вобласці я была адзіным прадстаўніком нашай прафесіі, — успамінае суразмоўніца.
Да таго моманту яе працоўны стаж складаў больш за 15 гадоў. Фактычна ўвесь гэты час яна ўзначальвала раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў гісторыі і ўжо стала заснавальніцай краязнаўчага музея ў Дзераўноўскай школе, вядомага ў многіх кутках Беларусі і не толькі.
— Памятаю, прымалі дэлегацыю кіраўнікоў устаноў адукацыі з усёй краіны. Прадстаўлялі вопыт работы і прэзентавалі цікавыя праекты, — гаворыць Вера Уладзіміраўна.
Справа жыцця
Работа над стварэннем школьнага музея пачалася са збору інфармацыі пра землякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Паралельна разам з вучнямі вяла перапіску з воінамі 96-й Гомельскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава стралковай дывізіі, якая вызваляла Слонімскі край.
— Нам даслалі фатаграфіі ветэранаў і ўспаміны камандзіра дывізіі. Усе гэтыя матэрыялы прадстаўлены ў экспазіцыі музея, які першапачаткова задумваўся менавіта як музей баявой славы. Але ключавы акцэнт у пашырэнні меж яго прафілізацыі вызначыў выпадак. У 80-я гады як прадстаўнік грамадскасці ўвайшла ў склад камісіі, якая займалася апісаннем маёмасці закрытага на той момант храма ў Дзераўной. Частка дакументаў і прадметаў была перададзена ў іншыя храмы, а частка ні ў кога не выклікала цікавасці. Зразумела, акрамя настаўніка гісторыі, — успамінае педагог.
Так у школьны музей трапілі спавядальныя кнігі Свята-Троіцкай царквы ад 1861 года і пачалася работа па фарміраванні экспазіцыі ўжо краязнаўчага музея.
— У 2012 годзе музею было прысвоена званне народнага, тройчы ён быў адзначаны дыпломамі Міністэрства адукацыі, — з гордасцю расказвае суразмоўніца.
Успамінае, як разам з дзецьмі збіралі інфармацыю пра 19 археалагічных помнікаў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, ваеннае мінулае малой радзімы і вядомых людзей краю… Не заглядаючы ў падрыхтаваныя запісы, суразмоўніца пералічвае даты адкрыцця новых залаў музея і прозвішчы вучняў-аўтараў цікавых даследчых праектаў.
І на заслужаным адпачынку яна не страчвае сувязі са школьным музеем. Ды і хіба можа перарвацца такая сувязь, калі кіруе педагагічным калектывам школы ў Дзераўной вучаніца Веры Уладзіміраўны.
— Метады і прыёмы, якія мая настаўніца выкарыстоўвала на ўроках, часта аналізую ўжо з пазіцыі калегі. Яна заўсёды ведала пра новае ў педагогіцы і актыўна ўкараняла гэтае новае на сваіх уроках. Ужо ў гады майго школьнага дзяцінства давала нам з аднакласнікамі рознаўзроўневыя заданні. На яе ўрокі ніхто не прыходзіў непадрыхтаваным. А вось атрымаць такую жаданую пяцёрку па гісторыі было няпроста, — дзеліцца дырэктар Дзераўноўскай базавай школы Марына Ціунчык.
На шляху да поспеху

— Ключавы аспект на шляху да поспеху любога педагога — эрудыцыя і пастаянная самаадукацыя, — дзеліцца сакрэтамі майстэрства заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.
У свой час яна вяла ў Дзераўноўскай школе заняткі школы юнага гісторыка і школы юнага экскурсавода, палітклуба “Равеснік”, факультатыў “Асновы навукова-даследчай дзейнасці”. Любіць сваю справу і ўсім сэрцам аддавацца ёй вучыла і педагогаў праз работу раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання і ўдзел у семінарах і практыкумах рознага ўзроўню. Таксама праводзіла лекцыйныя заняткі ў ГрАІРА і тады яшчэ Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Узначальвала Вера Уладзіміраўна раённую практычную краязнаўчую лабараторыю і з’яўлялася членам аўтарскага калектыву “Метадычных рэкамендацый па арганізацыі класнай і пазакласнай выхаваўчай работы з вучнямі” Купалаўскага ўніверсітэта. Распрацоўкі педагога былі адзначаны на рэспубліканскай выставе метадычнай літаратуры.
Вера Уладзіміраўна з’яўляецца суаўтарам вучэбнага дапаможніка “Гісторыя Беларусі”, па якім займаліся пяцікласнікі з 1995 па 2005 год.
— У аснову гэтай грунтоўнай працы быў пакладзены прынцып рознаўзроўневасці ведаў. Да кожнага параграфа мы прапаноўвалі дадатковыя матэрыялы ў канцы падручніка і спасылкі на літаратурныя крыніцы па тэме, метадычныя рэкамендацыі, — гартаючы падручнік, гаворыць суразмоўніца.
У надзейных руках
Яна заўсёды старалася выкарыстоўваць цікавыя формы і метады работы. У 90-я гады яе вучні ўжо ведалі, што такое лекцыйна-заліковая сістэма, і нават былі знаёмы з аналагам сучасных ІКТ.
— Запісвала з дапамогай відэамагнітафона тэлеперадачы краязнаўчай тэматыкі і дэманстравала асобныя фрагменты на ўроках, — з усмешкай успамінае Вера Уладзіміраўна.
Дзясяткі такіх відэакасет захоўваюцца ў фондах школьнага музея і нагадваюць цяперашнім педагогам пра шчырую захопленасць Веры Уладзіміраўны сваёй справай.
— Маім сённяшнім калегам складаней зацікавіць дзяцей вучобай, — дзеліцца ветэран педагагічнай працы. — Сучасныя тэхналогіі робяць веды лёгкадаступнымі. А тое, што лёгка даецца, не заўсёды высока цэніцца. Таму адной толькі захопленасці сваім прадметам сучаснаму настаўніку недастаткова.
На пытанне, ці сумуе па школе, Вера Уладзіміраўна адказала шматзначнай паўзай. А пасля дадала:
— Мой стаж у прафесіі — паўстагоддзя, але калегі не даюць адчуць, што мой вопыт стаў перагорнутай старонкай. Мая школьна-музейная справа ў надзейных руках маладой настаўніцы Вольгі Дзягцярык, якая нярэдка звяртаецца з пытаннямі і па параду.
***
Разам з дзецьмі Вера Уладзіміраўна распрацавала пяць турыстычных маршрутаў, якія знаёмяць са святынямі роднага краю і памятнымі месцамі, звязанымі з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, помнікамі прыроды і такой дарагой сэрцу вёскай Дзераўной.
— Кожны год наш музей наведвала больш за тысячу гасцей, і многія з іх прайшлі па гэтых турыстычных маршрутах. У пачатку 2000-х мы прымалі нават гасцей са сталічнага тэлебачання. Пра нашу малую радзіму тады здымалі тэлеперадачу праз прызму гісторыка-краязнаўчага музея школы. І эпіграфам да таго выпуску і некаторых наступных праграм цыкла сталі словы вучаніцы Тані Русак: “Ля рэчкі, што Пляхоўкаю завецца, // Стаіць, цвіце мой родны кут. // І ён навечна ў сэрцы застанецца, // Бо нарадзіўся, вырас тут”, — успамінае Вера Уладзіміраўна.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара





