Такую назву меў рэспубліканскі адукацыйны семінар, які дзіцячая грамадская арганізацыя “Беларуская рэспубліканская скаўцкая асацыяцыя” правяла ў Мінскім раёне. У трохдзённым семінары прынялі ўдзел дарослыя лідары грамадскай арганізацыі, а таксама педагогі, метадысты і кіраўнікі ўстаноў агульнай і дадатковай адукацыі з Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай абласцей і Мінска.
Асноўнай мэтай семінара было выяўленне рэсурсаў, вызначэнне максімальна эфектыўных форм і падыходаў у фарміраванні перспектыў партнёрства Беларускай рэспубліканскай скаўцкай асацыяцыі з установамі адукацыі, установамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў рамках рэалізацыі маладзёжнай праграмы БРСА “Усебаковае развіццё асобы і фарміраванне характару дзяцей і маладых людзей”.
У рамках семінара разглядаліся патрэбы дзяцей і выклікі ў сучасным грамадстве, тое, як скаўтынг можа адказаць на гэтыя патрэбы і выклікі, разглядалася ўнікальнасць сістэмы скаўцкага метаду, а таксама сфера развіцця асобы і адукацыйныя маршруты з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей і моладзі, віды дзейнасці ў скаўтынгу, была прэзентавана друкаваная прадукцыя для паспяховай работы.
Удзельнікі семінара ў форме трэнінгаў і генерацыі ідэй атрымалі канкрэтныя рэкамендацыі, як арганізаваць скаўцкае аб’яднанне ў рэгіёне, а таксама атрымаць падтрымку ад БРСА. У кожнай установе адукацыі зараз створаны ўсе ўмовы для работы скаўцкіх груп, рэалізацыі сумесных праектаў і праграм. Скаўцкі рух, выкарыстоўваючы такія элементы, як навучанне праз справу, развіццё лідарства, далучэнне да мясцовай суполкі, жыццё на прыродзе, дазволіць раскрыць патэнцыял не толькі дзяцей і моладзі, але і педагогаў нашай краіны.
Беларуская рэспубліканская скаўцкая асацыяцыя з’яўляецца членам Сусветнай арганізацыі скаўцкага руху, што аб’ядноўвае 40 мільёнаў маладых людзей і дарослых, якія ўплываюць на пазітыўныя змены ў больш чым 200 краінах свету.
На семінары была прэзентавана маладзёжная праграма Беларускай рэспубліканскай скаўцкай асацыяцыі. Гэта канцэпцыя ўсебаковага развіцця асобы і фарміравання характару дзяцей і моладзі як адказных грамадзян на аснове трыццацігадовага вопыту работы дзіцячай грамадскай арганізацыі ў супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі Беларусі, а таксама спецыялістамі ў галіне педагогікі, псіхалогіі, медыцыны, фізічнай культуры, спорту і турызму.
Прадстаўленая праграма ўнікальная тым, што ў гульнявой, інтэрактыўнай форме дазволіць кожнаму ўдзельніку самому выбраць і ажыццявіць індывідуальны шлях развіцця, які адпавядае яго патрэбам і магчымасцям.
Для кожнай узроставай секцыі прадугледжаны адпаведныя формы работы, якія ствараюць развіццёвую прастору. Паглыбляючыся ў яе, дзеці і падлеткі вучацца самастойна ставіць мэты развіцця на аснове ўласных інтарэсаў і патрэб і бяруць на сябе адказнасць за выкананне свайго індывідуальнага адукацыйнага маршруту.
Так, дзеці 6—10 гадоў паглыбляюцца ў адукацыйную гульню “Па старонках джунгляў”, заснаваную на знаёмай ім гісторыі пра Маўглі — дзіця, якое вырасла ў лесе побач з мудрымі звярамі-настаўнікамі. Дзяцей чакаюць цікавыя адкрыцці, неверагодныя гісторыі, новыя знаёмствы і верныя сябры.
Падлеткі 11—17 гадоў акунаюцца ў адукацыйную гульню “Скаўцкія сцяжыны”. Гульня ўлічвае культурныя традыцыі і каштоўнасці беларускага народа і ўключае ў сябе тры этапы: “Зялёныя пушчы” — даследаванне знешняга свету, асваенне навыкаў жыцця на прыродзе ў гармоніі з навакольнымі (11—13 гадоў); “Хуткія воды” — выпрабаванне ўласных сіл і пазнанне магчымасцей каманды (14—15 гадоў); “Мудрыя валуны” — пошукі ўласнага прызначэння ў жыцці (16—17 гадоў).
Маладыя людзі 18—21 года вучацца ствараць сацыяльнае ўзаемадзеянне “Правільныя напрамкі”, ініцыіруюць свае праекты, становяцца лідарамі і актыўнымі арганізатарамі, падарожнічаюць.
З’яўляючыся адной з прагрэсіўных сістэм выхавання і навучання — устойлівай, адкрытай, такой, якая адпавядае патрэбам часу, скаўтынг не паўтарае і не замяшчае сям’ю, школу і іншыя сацыяльныя інстытуты, якія ўплываюць на фарміраванне асобы, а ўносіць дадатковы ўклад у развіццё дзяцей і моладзі.
Вынікам семінара стала тое, што яго ўдзельнікі склалі планы супрацоўніцтва паміж скаўцкай асацыяцыяй і ўстановамі агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі ў напрамку ініцыіравання новых праектаў, творчых і інфармацыйных інтэрактыўных сустрэч, валанцёрскіх акцый, культпаходаў і экаэкспедыцый. Плануецца, што прапанаваная праграма самаразвіцця дапоўніць дзеючыя формы навучання і выхавання дзяцей і моладзі інавацыйнымі адукацыйнымі тэхналогіямі, а супрацоўніцтва будзе рэалізавана як у рамках шостага школьнага дня, так і ў вольны і канікулярны час.
Асноўная ідэя, выказаная ўсімі ўдзельнікамі семінара ў пацвярджэнне фундаментальнай асновы маладзёжнай праграмы, — “Будучыня будзе такой, якой яе бачаць дзеці!”.
Кацярына НІКІЦІНА,
прэс-сакратар Беларускай скаўцкай арганізацыі.