Скейт-парк і заняткі па 3D-мадэляванні. Чым плануе зацікавіць падлеткаў Гродзенскі абласны палац творчасці

- 11:14Гродненская область, Новости

Сучасны камп’ютарны клас і абноўленая швейная майстэрня, скейт­-парк, больш магчымасцей для аматараў робататэхнікі і ўпершыню заняткі па 3D-­мадэляванні… Гродзенскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі гатовы здзіўляць навучэнцаў цікавымі прапановамі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сёлета мы істотна абнавілі матэрыяльна-тэхнічную базу, што для дзяцей і педагогаў заўсёды новыя магчымасці. Адна з навінак — гэта скейт-пляцоўка. Яшчэ на этапе яе ўстаноўкі гэтым летам вакол увесь час збіралася моладзь. І гэта лепшае пацвярджэнне запатрабаванасці і своечасовасці яе з’яўлення. Сёння разглядаем варыянт правя­дзення тут арганізаваных заняткаў пад кіраў­ніцтвам педагога дадатковай адукацыі, — пачынае размову дырэктар Палаца твор­часці дзяцей і моладзі Наталля Кавалёва.

Яна адзначыла, што ўстанова сёння аб’ядноўвае пераважна школьнікаў малодшага і сярэдняга звяна. А новыя напрамкі дзей­насці, уключаючы магчымасці скейт-парка, будуць садзейнічаць павышанай увазе да палаца з боку падлеткаў.

— Галоўнае — да нас завітаць, а ўжо далей пералік прапаноў і магчымасцей фактычна сам зробіць сваю справу. Толькі сёлета прапануем дзецям больш за 150 аб’яднанняў па інтарэсах. Праца­ваць з навучэнцамі будуць каля 90 педагогаў, у руках якіх развівацца спартыўна, творча і інтэлектуальна будуць больш за 2000 дзяцей, — гаворыць Наталля Віктараўна.

Абнавілі да новага навучальнага года практычна ўсе памяшканні для правядзення заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах. А ў актавай зале з нядаўняга часу дадатковы антураж сцэнічным выступленням надаюць бакавыя святлодыёдныя экраны, новае музычнае абсталяванне.

Можна не сумнявацца, што дзясятку гурткоўцы паставяць і сучаснаму камп’ютарнаму класу. Тым больш з улікам таго, што, акрамя заняткаў па робататэхніцы і зай­мальнай інфарматыцы, малады спецыяліст установы дадатковай адукацыі бу­дзе весці тут яшчэ і заняткі па 3D-мадэляванні.

— Зноў жа ў інтарэсах хлопчыкаў і дзяўчынак закупілі новыя наборы канструктара для заняткаў па робататэхніцы і два карты для картынгу. У кабінеце швейнай справы з’явіліся шматфункцыянальныя сталы для падрыхтоўкі ма­дэлей да пашыву і аформленая па ўсіх правілах моды прымерачная. У распараджэнні юных ма­дэльераў з гэтага года і новая тэхніка — пяцінітачны авярлок. Да таго ж у нашай музычнай студыі з’явілася лічбавая ўдарная ўстаноўка і лічбавае піяніна, — дадае кіраўнік установы.

Актыўна развіваюць сёння тут медыянапрамак. Для юных аператараў у мінулым навучальным годзе закупілі святлоабсталяванне, як у сапраўднай тэлестудыі, храмакей, відэакамеру, пятлічныя мікрафоны і не толькі. Уся гэтая тэхніка ў руках медыйных актывістаў дзіцячага прэс-цэнтра ўжо паказала сябе ў дзеянні. Яны актыўна рыхтавалі сюжэты пра тое, як у Гродне праходзіла Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў.

— Усе ролікі набіралі добрыя прагляды, і гэты кірунак мы плануем развіваць. Сёння ўжо вызначылі памяшканне, дзе арганізуем цэлую медыястудыю, — працягвае Наталля Кавалёва.

Дарэчы, дзверы Палаца творчасці былі адчынены для юных гурткоўцаў на працягу ўсяго лета. Педагогі ўстановы дадатковай адукацыі пабывалі з цікавымі майстар-класамі ў многіх аздараўленчых лагерах. Ра­зам з тым актыўна займаліся пошукам новых напрамкаў работы, каб у 2024/2025 навучальным го­дзе зацікавіць яшчэ большую колькасць дзяцей.

— Новыя напрамкі плануем адкрыць практычна па ўсіх профілях — ад спартыўнага да творчага. Акрамя ўжо згаданага 3D-мадэлявання, гэта, напрыклад, заняткі аквааэробікай і нешта накшталт галь­ванапластыкі. Растлумачу, чаму накшталт: такі кірунак творчасці прадугледжвае работу з хімічнымі элементамі. Мы гэты кампанент тэхнікі заменім на больш экалагічны. Таксама плануем развіваць тэат­ральную творчасць, — адзначае суразмоў­ніца.

Фактычна кожны тыдзень лета з экскурсіямі ў Палац творчасці наведваліся юныя адпачывальнікі школьных аздараўленчых лагераў абласнога цэнтра. Знаёміліся яны не толькі з экспазіцыяй музея дзіцячых арганізацый, але і з магчымасцямі карыснай арганізацыі вольнага часу ўжо падчас навучальнага года. Нярэдка цікавіліся магчымасцю запісацца ў тое ці іншае аб’яднанне па інтарэсах, і гэта важны крок на шляху прыцягнення вучнёўскай аўдыторыі.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара