Скрыпты, сімулятары, “стандартызаваны пацыент”

- 11:11Віцебшчына

Практыка-арыентаваны падыход у падрыхтоўцы медыкаў

У сучасным свеце высокія патрабаванні прад’яўляюцца  да падрыхтоўкі высокакваліфікаваных канкурэнтаздольных спецыялістаў. Грамадства адчувае патрэбу ў прафесіяналах, творчых і крэатыўных, ініцыятыўных і прадпрымальных, здольных генерыраваць новыя ідэі, працаваць у камандзе, рэалізоўваць праекты. У сувязі з гэтым акцэнт у Аршанскім дзяржаўным медыцынскім каледжы зроблены на практыка-арыентаваны падыход.

Высокая якасць адукацыйных паслуг, што прадастаўляюцца ў каледжы, стварае станоўчы імідж установы адукацыі. Тут ужо каторы год запар захоўваецца конкурс пры паступленні абітурыентаў. Так, летась на бюджэтнае аддзяленне спецыяльнасці “Лячэбная справа” конкурс склаў 1,5 чалавека на месца, а на платнае аддзяленне спецыяльнасці “Зубапратэзная справа” — 1,6. Прахадны бал на бюджэтную форму атрымання адукацыі па спецыяльнасці “Сястрынская справа” — 8,4 бала, па спецыяльнасці “Лячэбная справа” — 9,0 бала, а па спецыяльнасці “Зубапратэзная справа” — 20,3.

Як адзначыў намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Віталь Матораў, галоўнай задачай педагагічнага калектыву з’яўляецца падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія маюць практыка-арыентаваную адукацыю, гатовых рэалізаваць сябе ў асобасным і прафесійным плане ва ўмовах рыначнага асяроддзя, якое пастаянна мяняецца і адпавядае патрабаванням сістэмы аховы здароўя.

Па словах метадыста каледжа Наталлі Кібак, у тыпавым вучэбным плане 58% вучэбнага часу адводзіцца на практычныя заняткі па спецыяльнасці “Сястрынская справа”, 52% — па спецыяльнасці “Лячэбная справа”. Больш за ўсё гадзін на практычныя заняткі адводзіцца на спецыяльнасць “Зубапратэзная справа” — 74%. На кампанент “Практыка” выдзяляецца 15,5 тыдня на спецыяльнасцях “Сястрынская справа” і “Зубапратэзная справа” і 26 тыдняў на спецыяльнасці “Лячэбная справа”. 

Сёння ўпор у навучанні робіцца на прынцыпы дыялагізму і практыкаарыентаванасці. У іх аснову пакла­дзены рэальныя прафесійныя задачы, складанасць якіх узрастае ад курса да курса, спецыфіка прафесійнай дзейнасці спецыялістаў і інтэграцыя ведаў, метадаў розных галін навукі і практыкі. Педагогі каледжа актыўна выкарыстоўваюць тэхналогіі праблемнага навучання, гульнявыя тэхналогіі, якія дапамагаюць навучэнцам распазнаваць прафесійныя спосабы вырашэння праблемных сітуацый, спры­яюць фарміраванню прафесійнага мыслення, аналітычных здольнасцей і навыкаў, а таксама актыўныя і інтэрактыўныя метады навучання.

— Сутнасць тэхналогіі праблемнага навучання заключаецца ў пастаноўцы выкладчыкам і вырашэнні навучэнцамі праблемнага пытання, праблемнай задачы і праблемнай сітуацыі, — расказала Наталля Кібак. — Праблемнае пытанне — пытанне, у якім схавана супярэчнасць, яно адкрывае магчы­масць неаднатыпных адказаў і неадназначнага рашэння. (Ці трэба, а калі трэба, то якім чынам, паведамляць анкалагічна хвораму яго дыягназ? Ці можна пераліваць кансерваваную кроў пацыенту з унутраным крывацёкам?) Праблемныя задачы — задачы, якія не маюць стандартнага рашэння і носяць пошукавы характар. (Працэдурная медсястра выканала забор крыві з вены ў пацыента. Кроў выпусціла ў прабірку, якая стаяла ў штатыве, затым змясціла штатыў і бланк накіравання ў поліэтыленавы пакет і аднесла ў лабараторыю, размешчаную ў гэтай жа лячэбнай установе. Ці правільныя дзеянні медсястры?)

Праблемная сітуацыя ўзнікае тады, калі для асэнсавання сітуацыі здзяйснення неабходных дзеянняў у навучэнца не хапае ведаў ці вядомых спосабаў дзеяння. (Пацыенту, які знаходзіцца ў аддзяленні, родныя прынеслі смажаную рыбу. Праз чатыры гадзіны пасля яе ўжывання ў яго з’явілася рвота, вадкі стул, уздуцце жывата, боль у падлыжачнай вобласці. Што павінна зрабіць медсястра?)

У практыцы навучання выкарыстоўваюцца і спецыфічныя тэхналогіі. Напрыклад, да інтэрактыўных тэхналогій адносіцца методыка навучання “Стандартызаваны пацыент”. СП — чалавек, падрыхтаваны сімуліраваць рэальнага пацыента настолькі дакладна, што сімуляцыю не можа заўважыць нават вопытны клініцыст. У якасці стандартызаванага пацыента выступаюць навучэнцы, лабаранты і выкладчыкі. Гэтая методыка з’яўляецца каштоўным інструментам для аб’ектыўнага кантролю прафесійных кампетэнцый будучых спецыялістаў. Яна лагічна ўбудоўваецца ў змест і структуру вучэбнай праграмы, прымяняецца пры адпрацоўцы навыкаў аказання неадкладнай медыцынскай дапамогі і можа выкарыстоўвацца пры правядзенні прамежкавай і выніковай атэстацыі.

У адукацыйным працэсе прымяняюцца скрыпты (сцэнарыі зносін медыцынскага работніка з пацыентам), а таксама сімуляцыйныя тэхналогіі навучання, якія дазваляюць маладым спецыялістам хутчэй увайсці ў прафесію. Дарэчы, у каледжы падрыхтавана памяшканне для сімуляцыйнай лабараторыі. Хутка туды паступіць новае абсталяванне. Педагогі ўпэўнены: аснашчаныя сучаснымі сімулятарамі лабараторыі дазволяць мадэля­ваць сцэнарыі розных клінічных сітуацый, што павысіць бяспеку працэсу навучання для пацыентаў і навучэнцаў і ўзровень практычнай падрыхтоўкі спецыялістаў.

Сярод перспектыў развіцця практыка-арыентаванага навучання — павышэнне прафесійнай кампетэнцыі выкладчыкаў праз самаадукацыйную дзейнасць, павышэнне кваліфікацыі, удзел у метадычных семінарах, навукова-практычных  канферэнцыях, распрацоўка практыка-арыентаваных вучэбных дапаможнікаў па вучэбных дысцыплінах, актывізацыя работы па арганізацыі вучэбна-даследчай дзейнасці навучэнцаў і правядзенне конкурсаў прафесійнага майстэрства.

Маладым спецыялістам у сучасных умовах неабходны не толькі добрыя тэарэтычныя веды, але і прафесійныя кампетэнцыі, якія яны набываюць падчас вучэбных практычных заняткаў і пры праходжанні пераддыпломнай практыкі. Гэта павышае якасць адукацыі і дазваляе будучаму спецыялісту быць больш канкурэнтаздольным, таму практыка навучэнцаў з’яўляецца найважнейшым элементам праграм падрыхтоўкі  спецыялістаў. У сувязі з гэтым каледж вядзе цесную работу з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў.

Як расказала кіраўнік практыкі Наталля Шумская, базамі практычнай падрыхтоўкі навучэнцаў каледжа з’яўляюцца ўстановы аховы здароўя  Віцебскай, Гродзенскай, Гомельскай, Брэсцкай і Мінскай абласцей. У гэтым навучальным годзе заключана 100 дагавораў з арганізацыямі аховы здароўя, што дазволіла накіраваць усіх навучэнцаў на вучэбна-вытворчую практыку па месцах размеркавання. Так, з арганізацыямі аховы здароўя Аршанскага рэгіёна заключаны дагаворы аб узаемадзеянні. У адпаведнасці з імі, базавыя арганізацыі забяспечваюць правядзенне вучэбна-вытворчай практыкі навучэнцаў, садзейнічаюць стварэнню рабочых месцаў у структурных падраздзяленнях базавай арганізацыі з высокім узроўнем арганізацыі працы, з прагрэсіўнымі тэхналогіямі і сучасным абсталяваннем. Яны аказваюць інфармацыйную падтрымку каледжу па пытаннях тэндэнцый развіцця базавай арганізацыі, а таксама ўкаранення сучасных тэхналогій, тэхнікі і абсталявання. Базавыя арганізацыі накіроўваюць сваіх прадстаўнікоў у склад дзяржаўных кваліфікацыйных камісій, экзаменацыйных камісій. Сумесна з каледжам яны праводзяць мэтанакіраваную прафарыентацыйную работу, працаўладкоўваюць накіраваных на работу выпускнікоў каледжа ў адпаведнасці з дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы спецыя­лістаў (практычна 40% ад колькасці абітурыентаў — мэтавікі). Гэта, бадай, самы правільны шлях: наймальнік бачыць свайго будучага супрацоўніка і становіцца саўдзельнікам працэсу падрыхтоўкі. Дарэчы, усе выпускнікі каледжа, нават тыя, якія вучацца за кошт уласных сродкаў, размяркоўваюцца ва ўстановы аховы здароўя краіны.

Пры правядзенні вучэбных і практычных заняткаў дамінуе менавіта практычная дзейнасць, таму ўся клінічная частка заняткаў праходзіць ва ўмовах устаноў аховы здароўя Оршы (гарадской бальніцы № 1, паліклінікі № 3, гарадскога радзільнага дома і гарадской дзіцячай стаматалагічнай паліклінікі), дзе абсталяваны 10 вучэбных пакояў.

Развіццё практыка-арыентаванага асяроддзя каледжа дае магчымасць наблізіць змест вучэбных дысцыплін да будучай прафесійнай дзейнасці медработніка, стварае ўмовы для мэтанакіраванага фарміравання канкурэнтаздольнасці маладых спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.