Словы і справа

- 15:23Выхаванне, Рознае

Захаванне памяці пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны — адзін з галоўных кірункаў ідэалагічнай работы з навучэнскай моладдзю… Гэтыя прыгожыя і справядлівыя словы, безумоўна, павінны падмацоўвацца канкрэтнымі прыгожымі справамі. Прыгожа расказваць вучням пра мужнасць салдат — і прыгожа пафарбаваць агароджу на брацкай магіле, прыгожа правесці змястоўную экскурсію па школьным музеі — і прымацаваць прыгожую шыльду на помніку. Слова і справа — аснова ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў гімназіі № 43 Мінска. Словы і справа — аснова гімназічнага праекта “Памяць сэрца”.

Кожны год па месцах воінскай славы навучэнцамі і педагогамі праводзяцца сотні паходаў, вандровак, экскурсій. Удзельнікі школьных пошукавых атрадаў раскрываюць невядомыя старонкі ваенных падзей, працягваюць складанне своеасаблівай кнігі памяці нашага народа. Адыдуць ветэраны, не застанецца і сведкаў Вялікай Айчыннай вайны, але іх успаміны, запісаныя юнымі пошукаўцамі-следапытамі, будуць спрыяць патрыятычнаму выхаванню наступных пакаленняў.

Такіх успамінаў настаўніца матэматыкі сталічнай 43-й гімназіі Таццяна Уладзіміраўна Булдава разам са сваёй калегай настаўніцай гісторыі Наталляй Вячаславаўнай Шарамецьевай і юнымі ўдзельнікамі пошукавага атрада “Памяць” запісалі мноства. Пра актыўнасць гэтай дзейнасці сведчаць наступныя факты: за 3 гады пошукавай работы здзейснена больш за дзясятак экспедыцый, складзены экскурсіі, сабраны экспанаты для школьнага музея. Вучні гімназіі № 43 Мінска (да гэтага навучальнага года — сярэдняй школы № 2) станавіліся прызёрамі Рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, Таццяна Уладзіміраўна паспяхова прадстаўляла вопыт сваёй работы на рэспубліканскіх семінарах, а на мінулым тыдні падчас гарадскога семінара кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі Мінска была ўзнагароджана медалём Міністэрства абароны за актыўную работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў.

За гэтай прыгожай фармулёўкай прыхаваны канкрэтныя справы, якія пачаліся ў 2013 годзе, калі настаўніца разам са сваім класам адправілася на ўскраек лесу паміж вёскамі Арэшнікі і Вадзіца Смалявіцкага раёна да месца расстрэлу ў 1943 годзе мясцовых жыхароў. Па словах Таццяны Уладзіміраўны, на гэтым месцы засталіся толькі 2 крыжы і самаробная шыльда з выдзертым надпісам, які сведчыў, што тут 3 студзеня 1943 года былі расстраляны ўсе мужчыны вёсак Арэшнікі і Вадзіца. “З часам гэтае месца зарасло хмызняком, крыжы пахіліліся, і толькі самаробная шыльда, прымацаваная да бярозы, нагадвала пра жудасную трагедыю. Пакінуць месца ў такім стане мы не маглі, і было вырашана яго добраўпарадкаваць, а таксама знайсці сведак тых падзей, запісаць іх успаміны”, — адзначыла настаўніца. Так нарадзілася ідэя праекта “Памяць сэрца”. З мэтай яго рэалізацыі ў маі 2013 года быў створаны атрад юных следапытаў “Памяць”, касцяк якога на сёння складаюць вучні 11 “А” класа.

Дык што ж адбылося на ўскрайку лесу 3 студзеня 1943 года? Ва ўпраўленні па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Міністэрства абароны, куды адміністрацыя гімназіі накіравала запыт, паведамілі, што карнікамі былі расстраляны 76 мірных жыхароў дзвюх вёсак. Пасля вайны рэшткі загінуўшых былі перапахаваны ў цэнтры Арэшнікаў у брацкай магіле. За больш падрабязным апісаннем падзей следапыты “Памяці” адправіліся ў экспедыцыю.

“Ад жыхара вёскі Арэшнікі Віктара Макаравіча Хмяльніцкага мы пачулі, што ўсіх жыхароў немцы сагналі на калгасны двор. Мужчын аддзялілі ад жанчын і дзяцей, пастроілі ў калону і пагналі па прасёлкавай дарозе. На ўскрайку лесу калону спынілі. Людзей па пяць-шэсць чалавек сталі адводзіць убок і расстрэльваць. Потым карнікі вярнуліся назад і спалілі вёскі дашчэнту”, — паведаміла настаўніца.

Памятнай атрымалася і гутарка з Яўгеніяй Аляксееўнай Тарасенка, якой тады было 14 гадоў. Яе ўспаміны асабліва пранікнёныя і вельмі падрабязныя: “Колькі жанчын засталося без мужыкоў, а дзяцей без бацькоў! Як жа ім цяжка было! Чамусьці мне ўспомнілася Надзя Хмяльніцкая. Двое дзяцей, сама цяжарная. Хату спалілі, мужа расстралялі. На наступны дзень нарадзіла. Жыла ў склепе, зрабілі печачку. Вось так патроху і вырасціла дзяцей. Гора цяпнула столькі, што хапіла б не на адно жыццё…”

Вёскам Арэшнікі і Вадзіца пашчасціла: пасля вайны яны адрадзіліся. Кожны год напярэдадні Дня Перамогі ўдзельнікі пошукавага атрада 43-й сталічнай гімназіі прыяз-джаюць на месца расстрэлу мірных жыхароў, каб ушанаваць іх памяць. І ўшаноўваецца памяць не толькі прыгожымі словамі спецыяльна распрацаванай экскурсіі. На месцы расстрэлу быў высечаны хмызняк, усталявана агароджа, пафарбаваны крыжы, заменена шыльда, разбіты кветнік, акрамя таго, удакладнены спіс расстраляных і перапахаваных у брацкай магіле. Вызначана, што лічбы ў розных крыніцах аб колькасці расстраляных і перапахаваных адрозніваюцца. Так што азнаямляльная экспедыцыя, праведзеная ў 2013 годзе да месца расстрэлу, не была выпадковай.

Не стала выпадковасцю і наведванне калектывам сталічнай гімназіі падчас турыстычнага паходу месца пахавання жыхароў вёскі Новае Сяло Барысаўскага раёна, якія 5 мая 1943 года былі знішчаны карнікамі. “Фашысты ўварваліся ў вёску і акружылі яе. Усіх жыхароў выгналі з дамоў і пагналі ў калгаснае гумно. Прыкладамі аўтаматаў падганялі старых, не шкадавалі жанчын з маленькімі дзецьмі і немаўлятамі. Калі ўсе вяскоўцы апынуліся ў хляве, карнікі замкнулі дзверы, абклалі будынак саломай, аблілі бензінам і падпалілі. Драўлянае гумно імгненна загарэлася. У дыме задыхаліся і плакалі дзеці. Дарослыя спрабавалі ратаваць іх. Пад націскам дзясяткаў чалавечых цел не вытрымалі і ўпалі дзверы. У ахопленым агнём адзенні, спалоханыя людзі кінуліся бегчы, але тых, хто вырываўся з полымя, расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў. 148 жыхароў Новага Сяла жывымі згарэлі ў агні, больш за палову з іх — дзеці. Вёска была разрабавана і спалена дашчэнту. Пасля вайны яна не адрадзілася. Цяпер на месцы калгаснага гумна — помнік”, — менавіта такімі кранальнымі словамі азнаёміла Таццяна Уладзіміраўна з падзеямі ваеннага часу. Для ўшанавання памяці пра загінуўшых сталічныя госці сумесна з супрацоўнікамі філіяла Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму добраўпарадкавалі месца знішчэння людзей. На працягу трох гадоў юныя следапыты станавіліся ўдзельнікамі палатачнага краязнаўча-турыстычнага летніка ў вёсцы Карсакавічы Барысаўскага раёна, які ладзіўся сумесна з барысаўскімі эколагамі і турыстамі.

Смалявіцкі, Барысаўскі раён… У гэтым годзе пошукавы дэсант “Памяці” высадзіўся ў Пухавіцкім раёне, у вёсцы Узляны, у ваколіцах якой 4 ліпеня 1944 года здзейснілі подзвіг 49 гвардзейцаў 5-й батарэі 220-га знішчальна-супрацьтанкавага артылерыйскага палка 48-й арміі. Па словах Таццяны Уладзіміраўны, па часе бой быў нядоўгім, але па велічы здзейсненага яго ўдзельнікамі подзвігу з’яўляецца яркім прыкладам гераізму і мужнасці салдат. 3 ліпеня 1944 года. Нямецкія войскі, размешчаныя на ўсход ад вызваленага Мінска, трапілі ў акружэнне. Перагарадзіць ім шлях да адступлення было даручана гвардзейцам 5-й батарэі 220-га знішчальна-супрацьтанкавага палка 48-й арміі. Камандаваў батарэяй гвардыі капітан А.К.Леанцюк. У 3 гадзіны ночы ў ваколіцах Узлян з’явілася калона немцаў. Амаль тры гадзіны ішоў бой. З 49 гвардзейцаў жывымі засталіся 27. У тым баі батарэя знішчыла больш за 600 гітлераўцаў, 2 самаходныя ўстаноўкі, 4 мінамёты, 9 аўтамашын і бронетранспарцёраў, 6 кулямётаў. За ўзорнае выкананне баявога задання, стойкасць, мужнасць і адвагу ўвесь асабісты склад батарэі быў узнагароджаны ордэнамі, а пяці чырвонаармейцам, у тым ліку гвардыі капітану Антону Канстанцінавічу Леанцюку, было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

“Доўгі час цэнтрам шматгадовай пошукавай работы па аднаўленні карціны бою была Узлянская базавая школа. Яе вучні разам з педагогамі працавалі ў архівах і збіралі дакументы, перапісваліся з удзельнікамі і сведкамі бою. Сёння Узлянская школа зачынена. Тое, што ўдалося захаваць, было перададзена ў музей “Аб подзвігу вялікім і вечным” нашай гімназіі. Баявы шлях удзельнікаў таго бою, іх біяграфіі мы працягваем даследаваць”, — адзначыла настаўніца.

Таццяна Уладзіміраўна і яе калегі лічаць выхаваўчы патэнцыял праекта “Памяць сэрца” невычэрпным. Сустрэчы са сведкамі ваенных падзей, іх аповеды і ўспаміны, паходы па дарогах вайны і пошукавыя экспедыцыі адкрываюць навучэнцам малавядомыя старонкі гісторыі, спрыяюць фарміраванню паважлівых адносін да прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Дзеці і падлеткі навучыліся праяўляць ініцыятыву, самастойнасць, адказнасць.

Юныя следапыты, акрамя таго, актыўна ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах і конкурсах грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці. Так, у 2014 і 2015 гадах яны станавіліся пераможцамі рэспубліканскай ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”, сёлета неслі Вахту памяці на Пасту № 1 горада-героя Мінска і сумесную Вахту памяці ля Вечнага агню на плошчы Славы ў Магілёве.

Актыўны ўдзел у жыцці пошукавага атрада прымаюць бацькі юных следапытаў. Дарослыя аказваюць матэрыяльную дапамогу, прадастаўляюць транспарт. Яны даюць парады, падтрымліваюць добрымі словамі і, канечне, справай. Сумеснымі намаганнямі зроблена шмат карысных спраў падчас экспедыцый у Смалявіцкі, Барысаўскі, Пухавіцкі раёны.

Многае яшчэ наперадзе, бо ў сапраўднага следапыта-пошукаўца слова і справа ніколі не разыходзяцца, дапаўняюць адно аднаго, з’яўляюцца адзіным цэлым — нашай гістарычнай памяццю.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва атрада “Памяць”.