Слуцкі дзяржаўны індустрыяльны каледж больш чым 70 гадоў рыхтуе высокакваліфікаваныя кадры для прамысловасці, будаўніцтва, грамадскага харчавання і гандлю. Пра дасягненні і планы ўстановы раскажа яе дырэктар Сяргей ШЫЛОВІЧ.
— Сяргей Мікалаевіч, што зроблена ў каледжы за 70 гадоў? Якімі дасягненнямі ганарыцца ваша ўстанова адукацыі?
— Гісторыя нашага каледжа пачынаецца даўно. У далёкім 1952 годзе на падставе загада № 295 Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР у вёсцы Палажэвічы Старадарожскага раёна Бабруйскай вобласці была арганізавана школа механізацыі сельскай гаспадаркі. Навучанне ў ёй вялося толькі 6 месяцаў, а навучэнцы набіраліся з ліку дэмабілізаваных. Іх падрыхтоўку ажыццяўлялі ў трох класах і дзвюх лабараторыях па спецыяльнасцях “Трактарыст”, “Механік”, “Камбайнер”. Прайшоўшы шэраг пераўтварэнняў за перыяд свайго існавання, у 2022 годзе мы былі перайменаваны ў Слуцкі дзяржаўны індустрыяльны каледж. Сёння наша ўстанова ажыццяўляе падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў для прадпрыемстваў і арганізацый прамысловага комплексу, будаўнічай галіны, грамадскага харчавання і гандлю па 7 спецыяльнасцях і 11 кваліфікацыях, запатрабаваных на рынку працы. Кожнаму нашаму выпускніку прадастаўляецца першае працоўнае месца зыходзячы з яго пажаданняў і патрэб эканомікі рэгіёна.
— На працягу двух гадоў у каледжы рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-асобасных кампетэнцый навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі метадам праектаў”. У чым яго сутнасць?
— Інавацыйны праект накіраваны на далучэнне педагогаў і навучэнцаў да праектнай дзейнасці па розных кірунках. Як вынік, сёння ў нас пяць дыпломаў рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак “Выхаваўчае асяроддзе як фактар станаўлення і развіцця асобы”.
Акрамя гэтага, з 2017 па 2020 год наша ўстанова адукацыі выступала рэспубліканскай пляцоўкай для рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання прафесійнай кампетэнцыі педагогаў для навучання навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”. Выкладчык каледжа Вольга Сямёнава прымае актыўны ўдзел у якасці спікера праекта “Школа інклюзіўнага педагога” і дзеліцца вопытам работы ў інклюзіўных групах з калегамі з блізкага замежжа.
З верасня 2021 года каледж ажыццяўляе дзейнасць у статусе вядучай установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі па такім кірунку, як “Навукова-метадычнае забеспячэнне прафесійна-тэхнічнай адукацыі” па кваліфікацыі “тынкоўшчык” у тых вучэбных групах, дзе адукацыйны працэс адначасова арганізаваны для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і іншых дзяцей. Мэта дзейнасці педагагічнага калектыву ў такім кірунку — распрацоўка і апрабацыя навукова-метадычнага забеспячэння прафесійна-тэхнічнай адукацыі па гэтай кваліфікацыі.
— Раскажыце аб прафесійных перамогах сваіх навучэнцаў.
— Сярод значных падзей апошніх гадоў — перамога ў рэспубліканскім конкурсе “Лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне ў Рэспубліцы Беларусь за 2021 год”, на міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва “ПрадЭкспа”, перамогі на абласным конкурсе “Лепшы навучэнец устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Мінскай вобласці”. Дзякуючы зладжанай і прафесійнай рабоце калектыву педагогаў і навучэнцаў, на працягу апошніх гадоў па выніках абласнога конкурсу, дзе ацэньваюцца высокія паказчыкі ў развіцці адукацыі, каледж з’яўляецца адной з найбольш паспяховых устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Мінскай вобласці. Акрамя гэтага, ва ўстанове ажыццяўляецца дадатковая адукацыя дарослых па прафесійнай падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі рабочых. Падрыхтоўка вядзецца па дагаворах з упраўленнямі па працы, арганізацыямі па такіх прафесіях, як тынкоўшчык, слесар па рамонце аўтамабіляў, кухар, вадзіцель аўтамабіля і інш.
Неабходна на прадпрыемствах і ў арганізацыях адрадзіць настаўніцтва — перадачу прафесійных ведаў ад дасведчанага работніка маладому спецыялісту
— Ці многа задач ставіце перад калектывам на будучыню?
— Так, задач у нас многа, і хочацца ў вырашэнні кожнай быць і заставацца першымі. Так, імкнёмся да забеспячэння эфектыўнага ўзаемадзеяння з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў у сферы павышэння якасці адукацыі навучэнцаў з улікам кампетэнтнаснага падыходу. Акрамя гэтага, будзем і далей арганізоўваць разам з імі сумесную эфектыўную работу для павелічэння колькасці абітурыентаў, якія паступаюць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.
Як дырэктар установы, імкнуся стварыць у каледжы адаптыўнае адукацыйнае асяроддзе, якое дазволіць забяспечыць эфектыўнае навучанне, выхаванне і сацыяльную інтэграцыю ўсіх навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Задача ўсяго нашага калектыву — стварэнне ўмоў для кваліфікаваных і канкурэнтаздольных спецыялістаў-рабочых, якія не толькі валодаюць патрэбнымі ўменнямі і навыкамі, але і любяць сваю работу, ставяць мэты для свайго прафесійнага развіцця і дасягаюць іх.
— Якімі прынцыпамі кіруецеся ў рабоце?
— У першую чаргу гэта прафесіяналізм, правільнае дэлегаванне паўнамоцтваў, карэктнае стаўленне да калектыву. Я ўпэўнены, што дырэктар павінен пераконваць, калі гэта трэба, а не прымушаць. Кіраўнік павінен натхняць, стымуляваць да работы кожнага, адзначаць і дзякаваць за поспехі. Тады будзе адэкватная зваротная сувязь з боку калег, якія будуць імкнуцца зрабіць сваю работу яшчэ лепш. Таксама сярод задач кіраўніка — вызначыць, хто на што здатны, што дапаможа гарманічна размеркаваць абавязкі. Важна даць магчымасць кожнаму раскрыцца напоўніцу. Я ўпэўнены ў тым, што дырэктар любой навучальнай установы павінен умець правільна будаваць стратэгію яе развіцця. Для гэтага неабходна пастаянна трымаць руку на пульсе, умець аналізаваць і прадбачыць. Шчыра кажучы, да сабе як да прафесіянала я стаўлюся даволі крытычна. Ведаю слабыя бакі, але не баюся пры гэтым звяртацца па дапамогу і параду да больш кампетэнтных і дасведчаных людзей.
— На што звяртаеце ўвагу, калі прымаеце на работу новых спецыялістаў?
— Калі прыходзяць маладыя спецыялісты, звяртаю ўвагу на іх уменне працаваць у камандзе. Важна, каб яны хацелі стаць прафесіяналамі, імкнуліся да гэтага, каб былі мабільнымі і ўмелі выходзіць за рамкі абавязкаў, прапісаных у службовай інструкцыі, калі гэта трэба. Неканфліктнасць, пазітыўнасць чалавека, прыстойнасць — таксама вельмі важныя і неабходныя рысы для педагогаў. Адмовіць прэтэндэнту магу ў тым выпадку, калі падчас субяседавання бачу няшчырасць суразмоўніка, калі чую ад яго выразы кшталту “я гэта ўмею”, “я і з гэтым лёгка спраўлюся”. Немагчыма ўсё ўмець і ва ўсім быць прафесіяналам, прыходзячы на работу маладым спецыялістам.
— Як будуеце ўзаемадзеянне з навучэнскай моладдзю?
— Для работы з моладдзю і стварэння ўмоў для ўсебаковага развіцця навучэнцаў, раскрыцця іх творчага патэнцыялу ў каледжы дзейнічае пярвічная арганізацыя БРСМ. Яе работу курыруе педагог-арганізатар Ірына Норка — старшыня маладзёжнага парламента пры Слуцкім раённым Савеце дэпутатаў, член Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе. Удзел у маладзёжным парламенцкім руху — гэта выдатны спосаб праявіць сябе, дапамагчы моладзі сфарміраваць прававую і палітычную культуру, вывучыць праблемы, якія існуюць у маладзёжным асяроддзі, знайсці шляхі іх вырашэння.
Так, у рамках інфармацыйна-асветніцкага праекта “Адзіны парламенцкі дзень” Ірына Мікалаеўна абмяркоўвае з навучэнцамі пытанні рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў і праграм для падтрымкі таленавітай моладзі, магчымасць іх удзелу ў рабоце грамадскіх аб’яднанняў і інш. Згадзіцеся, каму быць сапраўдным лідарам сярод моладзі і весці яе за сабой, як не аднагодку, які больш блізкі па духу, мае такія ж інтарэсы і погляды. Сёння важна далучаць навучэнцаў да той дзейнасці, якая знаходзіць у іх пазітыўны водгук, цікавая ім. Для падтрымкі і развіцця праваахоўнага руху сярод моладзі ў каледжы створаны маладзёжны атрад аховы правапарадку “МОСТ”.
А для занятасці навучэнцаў у свабодны ад вучобы час у каледжы ствараюцца і працуюць групы другаснай занятасці. У перыяд іх работы навучэнцы выконваюць рамонтныя работы, работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Такой дзейнасцю ахопліваюцца навучэнцы падуліковых катэгорый. Фінансаванне груп другаснай занятасці ажыццяўляецца па дагаворы з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Слуцкага райвыканкама.
— Сяргей Мікалаевіч, вы даўно ў прафтэхадукацыі і бачыце яе развіццё знутры. Наколькі эфектыўна сёння працуе сістэма ПТА?
— На сённяшні дзень сістэма ПТА ў нашай краіне працуе даволі эфектыўна і задавальняе патрэбы эканомікі ў кадрах. А працаўладкаванне выпускнікоў дасягнула практычна 100%. Разам з тым ёсць і праблемныя пытанні, якія турбуюць многіх. Сярод важных фактараў, якія аказваюць уплыў на працэс узаемадзеяння ўстаноў адукацыі і гаспадарчых суб’ектаў, выступае дзяржаўнае стымуляванне. І найбольш дзейсным рычагом з’яўляюцца падатковыя льготы. Але, як паказвае практыка, для прадпрыемстваў і арганізацый падатковых ільгот у заканадаўстве не прадугледжана. Гэта адмоўна адбіваецца на імкненні кіраўнікоў прадпрыемстваў да супрацоўніцтва і аказання дапамогі ўстановам адукацыі.
Неабходна на прадпрыемствах і ў арганізацыях адрадзіць настаўніцтва — перадачу прафесійных ведаў ад дасведчанага работніка маладому спецыялісту. Таксама хочацца адзначыць нізкую дынаміку абнаўлення выкладчыцкага складу, майстроў вытворчага навучання. У гэтым некалькі прычын, але я адзначыў бы адну, якую па сілах вырашыць унутры нашай сістэмы. УВА трэба аднавіць або пашырыць падрыхтоўку выкладчыкаў спецыяльных вучэбных прадметаў з прысваеннем кваліфікацыі “педагог-інжынер”. А ССНУ — з прысваеннем кваліфікацыі “майстар вытворчага навучання”. Гэта, напрыклад, тычыцца спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў” (вытворчая і педагагічная дзейнасць), “Тэхналогія зварачных работ”.
Работадаўцы і іншыя сацыяльныя партнёры недастаткова эфектыўна ўдзельнічаюць у вырашэнні праблем прафесійнай адукацыі, уключаючы фарміраванне заказу на падрыхтоўку кадраў, запатрабаваных на рынку працы. Галоўная роля ў выкананні мэтавага заказу па-ранейшаму належыць установам ПТА, а не заказчыкам кадраў. Менавіта яны павінны падабраць сабе будучых работнікаў, непасрэдна ўдзельнічаць у працэсе іх навучання, сумесна з установай адукацыі адсочваць іх практычную падрыхтоўку. Калі ёсць неабходнасць, то карэкціраваць яе, прымаць меры ўздзеяння да нядбайных навучэнцаў, стымуляваць іх жаданне да якаснага засваення вучэбных праграм.
Наталля САХНО
Фота аўтара