Смачнае выхаванне

- 9:41Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Сучасныя падыходы ў спалучэнні з традыцыямі беларускай нацыянальнай кухні: у Беларусі стартуе пілотны праект па арганізацыі харчавання ў школах. 

У паўночным рэгіёне тры ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі вызначаны пляцоўкамі рэспубліканскага пілотнага праекта, нацэленага на ўдасканаленне арганізацыі харчавання, апрабацыю новых тэхналогій і прынцыпаў харчавання навучэнцаў. Гімназія № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава, сярэдняя школа № 2 Гарадка імя А.П.Сабалеўскага і Дабрамыслінская сярэдняя школа імя Л.П.Ціхмянава Лёзненскага раёна з 1 снежня пачалі ажыццяўленне падрыхтоўчага этапу. Як паведаміла галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Наталля Мазянькова, на сёння з улікам пажаданняў навучэнцаў і бацькоў распрацавана, згодна з дзіцячай дыетыкай, 50 фірменных страў. Пасля ўзгаднення органамі Дзяржсаннагляду яны складуць двухтыднёвыя рацыёны харчавання. Практычная рэалізацыя праекта стартуе 9 студзеня. Характэрна, што ў сваёй рабоце спецыялісты-тэхнолагі кіраваліся ў тым ліку лепшымі здабыткамі нацыянальнай кухні. Гэта заканамерна, бо традыцыі харчавання з’яўляюцца істотнай часткай этнакультурнай спадчыны і дзейсным інструментам выхавання. Нашы продкі надавалі сур’ёзнае значэнне ўласцівасцям і якасці прадуктаў. Беларуская кухня ўключае мноства рэцэптаў і прыёмаў, якія адпавядаюць патрабаванням да рацыянальнага, здаровага харчавання. Праз вывучэнне традыцыйных страў, спосабаў іх гатавання і афармлення, застольнага этыкету навучэнцы атрымліва­юць сацыяльна значную інфармацыю, якая ўплывае на развіццё асобы, фарміраванне светапогляду, патрыятычных пачуццяў і эстэтычнага густу. Прычым вынік прымянення на практыцы важных для кожнага тэарэтычных ведаў можна ў прамым сэнсе слова пакаштаваць. У выпадку з беларускай кухняй атрымліваецца карысна і вельмі смачна! 

 

Пілотны праект — адзін са складнікаў сістэмнай работы, што праводзіцца ў вобласці ў азначаным напрамку. Вялікая роля тут належыць факультатыўным заняткам “Па прыступках правіл здаровага харчавання”. Задзейнічаны ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, асаблівая ўвага — пачатковай школе. Настаўнікі арыентуюць вучняў як на засваенне ведаў, так і на іх рэалізацыю ў жыцці, станаўленне матывацыйнай сферы гігіенічных паводзін. Навучэнцы даведваюцца і, галоўнае, пачынаюць прытрымлівацца асноўных прынцыпаў здаровага ладу жыцця. 

 

Чытайце матэрыял Таццяны Бондаравай у нумары ад 16 снежня 2022 года.