Смелы крок 

- 11:05Выхаванне, Спартыўныя падзеі

У рамках дабрачыннага праекта “Смелы крок”, які стартаваў у Гродне, была адкрыта зала для заняткаў кікбоксінгам і тайландскім боксам.

З ініцыятывай аб стварэнні рэспубліканскага спартыўнага дабрачыннага праекта “Смелы крок” у 2020 годзе выступіў Прэзідэнцкі спартыўны клуб. Ідэю падтрымалі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Беларуская федэрацыя кікбоксінга і тайландскага бокса.

У выніку рэалізацыі праекта дзеці ва ўзросце ад 10 да 15 гадоў ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны, якія трапілі ў няпростыя жыццёвыя сітуацыі, атрымалі магчымасць рэгулярна займацца тайландскім боксам і кікбоксінгам на базе цэнтраў спартыўнай падрыхтоўкі МУС пад кіраўніцтвам высокакваліфікаваных трэнераў, прызначаных беларускай Федэрацыяй кікбоксінга і тайландскага бокса. Ужо адкрыты спецыялізаваныя спартыўныя залы ў шасці рэгіёнах краіны: Мінску, Мінскай вобласці, Магілёве, Полацку, Гомелі і Брэсце. Адкрыццём залы ў Гродне завяршаецца першы этап рэалізацыі праекта. 

Ва ўрачыстым мерапрыемстве адкрыцця залы прынялі ўдзел старшыня Гро­дзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, старшыня цэнтральнага савета рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Прэзідэнцкі спартыўны клуб” Дзмітрый Лукашэнка.

Як падкрэсліў Уладзімір Каранік, адкрыццё новай спартыўнай залы — знакавая падзея для рэгіёна.

— Важна, што такі праект — гэта сапраўды вялікі крок да развіцця масавага спорту, і шмат дзяцей атрымаюць магчымасць займацца ім бясплатна. Я ўпэўнены, што заняткі будуць спрыяць павышэнню здароўя нашага падрастаючага пакалення, развіццю іх маральна-псіхалагічных якасцей. Маладыя лю­дзі свае ўменні, навыкі і сілу будуць прымяняць для абароны слабых і на карысць Радзімы, праслаўляючы нашу краіну далёка за яе межамі. Я ўпэўнены, што сярод гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак мы ўбачым у будучыні чэмпіёнаў, у іх гонар будзе гучаць гімн і ўзнімацца сцяг нашай краіны, — сказаў Уладзімір Каранік.  

Словы ўдзячнасці старшыня Гродзенскага аблвыканкама выказаў у адрас усіх, хто прыклаў свае намаганні для рэалізацыі практа “Смелы крок”.

Юрый Караеў, які з’яўляецца старшынёй Беларускай федэрацыі кікбоксінга і тайландскага бокса, звярнуў увагу на тое, якую работу праводзіць Прэзідэнцкі спартыўны клуб. 

— Гэта высакародная справа — далучаць дзяцей усёй краіны да заняткаў спортам. Дзякуючы фінансавай падтрымцы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, дзеці змогуць займацца бясплатна. Гэта важна ў першую чаргу для здароўя дзяцей, бо спорт — гэта і ёсць здароўе. Тайскі бокс — стратэгічны від спорту ў Тайлан­дзе. Тым не менш беларусы ўварваліся ў яго шмат гадоў назад дзякуючы Яўгену Дабратворскаму, Анатолю Семанчуку, Дзмітрыю Варацу — гродзенскаму трэнеру, які з’яўляецца легендай тайскага бокса ў Беларусі, а ў Гродне — культавым байцом, якога ведае кожны, — сказаў Юрый Караеў. 

Старшыня цэнтральнага савета рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Прэзідэнцкі спартыўны клуб”  Дзмітрый Лукашэнка падзякаваў усім, хто прымаў удзел у рэалізацыі гэтага праекта, асабліва трэнерам за іх прафесіяналізм і цярпенне, а таксама бацькам за тое, што прывялі сваіх дзяцей у спартыўную залу. А юным спарт­сменам пажадаў здароўя, поспехаў і перамог.  

— Прэзідэнцкі спартыўны клуб сумесна з Міністэрствам унутраных спраў і Беларускай федэрацыяй кікбоксінга і тайландскага бокса рэалізоўвае праект “Смелы крок”. Яго можна назваць спартыўна-дабрачынным. Перад намі стаяла няпростая задача — адкрыць у кожнай вобласці краіны
залы і ўкамплектаваць іх прафесіяналамі-трэнерамі. Адкрыццём залы ў Гродне мы завяршаем першы этап рэалізацыі праекта. Думаю, што ў гэтага праекта вялікая будучыня, — сказаў Дзмітрый Лукашэнка.

Праект ужо можа ганарыцца сваімі спартыўнымі дасягненнямі: 4 чалавекі выканалі нарматыў кандыдата ў майстры спорту, адзін юнак стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы 2022 года ў Турцыі. На маладзёжным чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь тры чалавекі сталі чэмпіёнамі, чатыры заваявалі “серабро”, пяць — “бронзу”.

Цяпер і ў гродзенскіх  юнакоў і дзяўчат будзе магчымасць імкнуцца да спартыўных вяршынь. 

Ірына АНІКЕВІЧ.