Інтэграцыйныя ўтварэнні постсавецкай прасторы, у тым ліку ЕАЭС, СНД, адкрыты для новых удзельнікаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву ТАСС для тэлефільма, прысвечанага 25-годдзю СНД, і тэлепраграме “Формула ўлады”.
У час інтэрв’ю вялікая ўвага была ўдзелена тэме інтэграцыі на постсавецкай прасторы і развіццю інтэграцыйных утварэнняў. “СНД — вялікая палітычная і дыпламатычная пляцоўка, дзе абмяркоўваюцца глабальныя пытанні і потым даюцца арыенціры, у якім напрамку будзем рухацца”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
“У нас з’явіўся і Еўразійскі эканамічны саюз, — сказаў прэзідэнт. — Гэта эканоміка, эканамічная інтэграцыя, мытныя праблемы, без палітыкі і ваенных аспектаў. ЕАЭС — гэта эканоміка”.
АДКБ — гэта ваенна-палітычны саюз, прадоўжыў беларускі лідар. “Так, гэта не НАТА, не натаўскі блок, ён не мае такой сілы. Але гэта іншая структура, дзе стаяць пэўныя задачы. Дапусцім, Беларусь і Расія на заходнім напрамку — адзіная армія, адзіная групоўка. Гэта пытанні АДКБ”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
“І самая глыбокая інтэграцыя — гэта будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, — перакананы прэзідэнт. — Тут і эканоміка, і палітыка, і сумесныя расткі органаў улады. Гэта вельмі глыбокая форма інтэграцыі”.
“Калі хто-небудзь да гэтай агульнай пляцоўкі СНД гатовы далучыцца, далучыцца да эканамічнага саюза ў рамках ЕАЭС — далучайцеся. Калі ў ЕАЭС і СНД нехта хоча вельмі глыбокай інтэграцыі і дарос да ўзроўню нашай Саюзнай дзяржавы — калі ласка, далучайцеся. Усе саюзы адкрыты, калі вы гатовы”, — заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, існуючая сістэма рознаўзроўневай інтэграцыі на гэтым этапе задавальняе ўсіх. “І галоўнае — гэтая канструкцыя задавальняе цяперашні стан адносін паміж дзяржавамі постсавецкай прасторы”, — рэзюмаваў Прэзідэнт Беларусі.
Беларусь і Расія прайшлі велізарны шлях, каб не разысціся, не разарваць адносіны і застацца блізкімі сябрамі і ў эканоміцы, і ў палітыцы, і ў грамадскім жыцці, адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
“Складаны шлях, але мы яго праходзім дастойна, хоць і з некаторымі шурпатасцямі”, — сказаў Аляксандр Лука шэн ка.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што краіны вельмі шмат зрабілі ў плане адзінства, каб народы не былі пакрыўджаны распадам Савецкага Саюза, — больш, чым хто-небудзь з постсавецкіх рэспублік. “Мы прынялі шмат рашэнняў, якія ўраўноўваюць беларусаў і расіян у правах. Мы адышлі ад той прорвы, якая магла быць паміж Беларуссю і Расіяй і якая намячалася тады пад Смаленскам. Але было б няпраўдай, калі б мы гаварылі толькі аб станоўчым баку. У нас шмат праблем”, — заўважыў беларускі лідар.
“Мы, мабыць, у нечым не разумелі Расію. Расія хапалася то за газавую, то за нафтавую трубу, то не прапускала нашы тавары. Мы дзесьці, напэўна, сябе не зусім правільна паводзілі, хоць стараліся “старэйшага брата” не крыўдзіць і не злаваць. Гэта таксама праўда”, — адзначыў прэзідэнт.
У інтэрв’ю Аляксандр Лукашэнка таксама прызнаўся, што хацеў бы, каб людзі ніколі не думалі, што ім чагосьці не хапае.
“Вы ведаеце, я хацеў бы, каб людзі ніколі, заглядваючы ў кашалёк або ўласную кішэню, не думалі аб тым, што ім на штосьці не хапае, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Заўсёды частцы народа чагосьці не хапае, гэта зразумела. А я хацеў бы, каб людзі ў Беларусі ніколі пра гэта не турбаваліся. Вось гэта мая адзіная мара”.
Разам з тым прэзідэнт падкрэсліў, што людзі павінны і самі думаць пра сваю будучыню. “І тады сваё жыццё можна забяспечыць. Прыводжу канкрэтны прыклад. Некалькі гадоў назад мной быў падпісаны ўказ і прынята рашэнне аб развіцці аграэкатурызму: каля трох тысяч прадпрымальных сем’яў стварылі ўласныя, лічыце, прадпрыемствы, пабудавалі вёскі, дамы, дзе могуць адпачываць ад дзесяці да пяцідзесяці — сотні чалавек. І гэтыя прадпрымальныя людзі жывуць нядрэнна. Чаму любы беларус не можа, паставіўшы перад сабой мэту, забяспечыць сябе і сям’ю, зарабіць? Можа. І гэта мая мара, каб у нас у Беларусі, яшчэ раз падкрэслю, ніколі, заглядваючы ў кашалёк і кішэню, не перажывалі пра тое, што не хапае грошай. Я гэта зраблю”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Вядучае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Расіі ТАСС — адно з найбуйнейшых у свеце. Інфармацыйныя прадукты ТАСС атрымліваюць больш як 5 тысяч карпаратыўных падпісчыкаў у Расіі і за яе межамі, у тым ліку больш як 1 тысячу СМІ, 200 дыпламатычных прадстаўніцтваў, звыш 250 фінансавых кампаній і больш як 2 тысячы прамысловых прадпрыемстваў, навуковых і навучальных устаноў.
“Формула ўлады” — сумесны праект інфармацыйнага агенцтва ТАСС і расійскага тэлебачання. Праграма выходзіць у эфір з 2000 года: з 2000 па 2005 год праект трансліравалі па Першым канале, з 2005 і да гэтага часу — па тэлеканале “Расія”. У эфір выйшла звыш 350 праграм з кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў больш як 170 краін.
Інтэрв’ю герояў праграмы ў тэкставым варыянце, як правіла, публікуецца ў “Расійскай газеце”, а таксама на сайце ў стужцы агенцтва ТАСС.