Сонца ў сэрцах і ўсмешках

- 10:44Адукацыйная прастора

Яркі адбітак роднай зоркі жыве ў кожным з нас: свеціцца радасцю, ззяе верай, сагравае дабрынёй і пяшчотай. На першы дзень лета прыпадае цудоўнае сонечнае свята. Ім пачынаюцца летнія канікулы, і яно па праве належыць дзецям, таму што ў іх — нашы радасць і надзея, праца і клопат, гонар і шчасце. Міжнародны дзень абароны дзяцей быў заснаваны рашэннем кангрэса Міжнароднай дэмакратычнай федэрацыі жанчын у Парыжы ў 1949 годзе, упершыню святкаваўся ў 1950 годзе, а на цяперашні час яго адзначаюць ва ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі. Дзяцінства — світанне жыцця, і мы павінны прыкласці ўсе намаганні, каб яно было чыстым, лагодным. Першага чэрвеня не толькі свята дзяцінства, але і напамін пра адказнасць грамадства за лёс кожнага дзіцяці.

Як паведамілі ва ўпраўленні адукацыі Віцебскага аблвыканкама, апошні званок ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі вобласці адзвінеў для амаль 110,4 тысячы навучэнцаў. З чэрвеня загарадныя лагеры паўночнага рэгіёна адкрыюць летні аздараўленчы сезон. Плануецца, што сёлета на летніх канікулах тут адпачнуць і ўмацуюць здароўе 43 620 хлопчыкаў і дзяўчынак, у тым ліку 15 000 дзяцей у лагерах з кругласутачным і 28 620 — з дзённым знаходжаннем. З абласнога бюджэту выдаткавана 29 тысяч рублёў на даплату пуцёвак для дзяцей з уразлівых катэгорый, прадугледжаны таксама сродкі на аплату 20 пуцёвак для дзяцей, якія пакутуюць на цукровы дыябет. Акрамя таго, дадатковыя сродкі для аплаты пуцёвак сіротам, дзецям з інваліднасцю і дзецям з мнагадзетных сем’яў выдзяляюць райвыканкамы.

Пакуль малодшыя школьнікі жывуць у прадчуванні вясёлага і бесклапотнага адпачынку, для 6857 выпускнікоў адзінаццатых і 9889 — дзявятых класаў наступае пара экзаменаў, самавызначэння і ўступных выпрабаванняў ва ўстановы прафесійнай адукацыі. Былыя старшакласнікі гатовы дастойна сустрэць жыццёвыя іспыты, але ж як хочацца ім, дарослым, дасведчаным і адказным, хаця б ненадоўга затрымаць школьныя гады! І свята дзяцінства для іх асаблівае — кранальнае, шчырае і з лёгкай развітальнай гарчынкай.

— Час бяжыць несупынна, і нашы выпускнікі сёння развітваюцца з дзяцінствам. І ў гэты дзень яны для нас — маленькія дзеці, якія малююць на асфальце, спяваюць дзіцячыя песні, вяртаюцца на ўрокі за свае першыя парты да сваіх першых настаўнікаў, — расказала педагог-арганізатар гімназіі № 2 Віцебска Таццяна Вярхоўская. — Учора гэтыя маладыя людзі былі зусім іншыя, атрымлівалі дыпломы і граматы за свае дасягненні ў вучобе, спорце, даследчай дзейнасці. Сярод іх — пераможцы рэспубліканскіх конкурсу работ навучэнцаў даследчага характару (канферэнцыі) і алімпіяды па вучэбных прадметах, шэрага адкрытых універсітэцкіх алімпіяд, удзельнікі каманд інтэлектуальных гульняў (зусім нядаўна мы сталі чэмпіёнамі Еўропы па брэйн-рынгу), міжнародных спартыўных спаборніцтваў, актыўныя валанцёры, вопытныя парашутысты і барцы, уладальнікі прэмій прэстыжных творчых конкурсаў і фестываляў, мастакі і паэты, ілюстратары кніг для дзяцей (ёсць прыклады, калі гімназісты маюць паспяховы вопыт супрацоўніцтва з выдавецтвамі), удзельнікі маладзёжных музычных гуртоў. Нашы дзеці вельмі чулыя, добрыя, ветлівыя. Яны разумеюць, што сталі такімі дзякуючы дарослым, сваім бацькам, настаўнікам, і шчыра ўдзячны гімназіі. Гэта будучыя паспяховыя інжынеры і праграмісты, дыпламаты і педагогі, артысты і музыканты. Аднак галоўнае, як мне здаецца, усе яны будуць выдатнымі Людзьмі — менавіта з вялікай літары. Я ўсім сэрцам жадаю, каб у нашых дзяцей здзейсніліся запаветныя мары, а выпускнікам — каб ніколі не спыняліся на дасягнутым, у жыцці не зважалі на часовыя няўдачы, а ўпарта ішлі да пастаўленай мэты. Толькі так можна ўсвядоміць яе значнасць, адчуць сапраўдную вартасць дасягнутай перамогі і памкненне да далейшага развіцця.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.