“Спачатку трэба назапасіць свой інтэлект, а потым спрабаваць сфарміраваць інтэлект вучняў”

- 12:30Адукацыйная прастора

Як толькі прыйшла працаваць, некаторыя вучні падыходзілі да яе і пыталіся, на два гады да іх прыйшла ці на больш. І калі было асабліва цяжка, сабе самой не хлусіла: напэўна, толькі на два. А пасля можна калі і не зусім сысці з прафесіі, то перавесці сваю ўвагу на іншую сферу дзейнасці — больш прыбытковую, больш кар’ерную. Прайшло амаль чатыры гады, і калі для кагосьці яны здаліся б ужо цяжкай ношай, то для яе аказаліся крыламі. Маладая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сталічнай гімназіі № 34 Дар’я Алегаўна Касякова не толькі пераканалася ў тым, што з педагогікі — ні нагой, але змагла пакарыць не адну прафесійную вяршыню.

За некалькі гадоў у педагогіцы Дар’я Касякова не толькі атрымала грант Мінгарвыканкама і выдала ўласны практыкум. Яна паспяхова спрабуе сябе ў конкурсе педагагічнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”.

“Для мяне гісторыя заўсёды была нечым рамантычным, загадкавым, незвычайным. Магчыма, у многім дзякуючы цікавым настаўнікам. Любы школьны прадмет павінен выкладаць незвычайны настаўнік, якому цікава працаваць, які гарыць прафесіяй. Гэта не абавязкова выкарыстанне новых прыёмаў, супермаляўнічай нагляднасці на ўроку, але абавязкова практыка-арыентаванае навучанне. Любому школьнаму прадмету, на мой погляд, неабходна сувязь з жыццём. Канечне, у гісторыі — найбольшы патэнцыял у гэтым плане, таму што ва ўсіх нас былі і ёсць родныя і блізкія, іх багаты вопыт, які і складае нашу гісторыю”, — адзначыла Дар’я Алегаўна.

Пра самаўдасканаленне

Маладая настаўніца пастаянна ўдасканальвае свой прафесіяналізм: прысутнічае на розных мерапрыемствах, якія праводзяць настаўнікі-практыкі, метадысты, прычым няважна, якая прэзентуецца тэма і па якім прадмеце, — усюды можна знайсці карысную для сябе інфармацыю.

“Нават калі 90 працэнтаў з таго, што паказваюць і расказваюць, ведаю, то ў кожнай прэзентацыі знаходзіцца некалькі захапляючых і незнаёмых момантаў. З’яўляюся ўдзельнікам педагагічнага клуба “Вялікі перапынак”, а там кожны настаўнік такі, што калі ты адзін раз яго прэзентацыю ўбачыў, то ў сваю школу прыходзіш з мільёнам новых ідэй. Зразумела, усё здабытае такім чынам я выкарыстоўваю з улікам узровеню пазнавальных здольнасцей сваіх вучняў”, — працягвае настаўніца.

Калі ты малады педагог і ў цябе няма знаёмстваў у педагагічным асяроддзі, напачатку вельмі цяжка знайсці тых, хто з радасцю падзеліцца сваімі прафесійнымі здабыткамі. “Я паступова прабіваю сабе дарогу да вопыту: наведваю педагагічныя мерапрыемствы, знаёмлюся з калегамі, праяўляю сябе, каб мяне заўважылі. А вось метадычную літаратуру чытаю вельмі рэдка. Лічу, што, пакуль пісалася тая ці іншая кніга, пакуль выдавалася і дайшла да чытача, усё напісанае будзе ўжо неактуальным”, — лічыць педагог.

Нягледзячы на некаторыя цяжкасці адаптацыйнага перыяду, дзяўчына пераканана, што маладым педагогам быць куды лягчэй, чым сталым: “З-за свайго ўзросту больш паспяваеш, дзецям з табой цікавей, таму што ўсе гэтыя новыя прыёмы яшчэ ў навіну і не заезджаны гадамі працы. Бывае, прыходжу падаваць заяўку на нейкі конкурс, а мне кажуць, што ў мяне яшчэ маленькі вопыт і трэба папрацаваць гадоў пяць, каб прыняць у ім удзел. А я, прызнаюся шчыра, са смуткам чакаю ператварэння сваёй прафесійнай маладосці ў сталасць”.

Вопыт — у кнігу

Нядаўна Дар’я Алегаўна стала пераможцай гарадскога конкурсу “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” і ўладальніцай гранта Мінгарвыканкама за распрацоўку інавацыйнага адукацыйнага праекта “Выкарыстанне сучасных прыёмаў і сродкаў навучання для фарміравання прадметных кампетэнцый навучэнцаў 5—6 класаў у працэсе вывучэння гісторыі”.

“Першыя класы, з якімі пачала працаваць, былі 5-я і 6-я. І адразу сутыкнулася з праблемай: старажытны свет і сярэднявечча, якія вывучаюцца ў гэтых класах, настолькі далёкія ад сучаснасці, што дзецям было незразумела, для чаго ім патрэбна гэта ведаць, якое яны маюць да ўсяго гэтага дачыненне. Я пачала шукаць адказы на гэтыя пытанні, каб звязаць далёкую гісторыю з сучаснасцю. Напрыклад, дзеці пыталіся: “Навошта нам ведаць паўстанне Спартака?” Звяртаемся да актуальнасці: няўжо не цікава, чаму беларускую кандытарскую фабрыку назвалі імем старажытнарымскага раба Спартака? У выніку я распрацавала да кожнага ўрока шэраг заданняў: калі цікавіць гэтае пытанне, вы можаце знайсці адказ на яго, пачытаўшы тое і тое, паглядзеўшы такі фільм.

Чаму заданні былі распрацаваны толькі для 5—6 класаў? Усё проста: калі спачатку пачынаеш распрацоўку заданняў для больш старшых класаў, гэта практычна заўсёды неэфектыўна. Ужо ў 7 класе цікавасць да прадмета страчана, калі яна не была закладзена з самага пачатку, у 5—6 класах. З цягам часу я скампанавала ўсе заданні і згрупавала іх па асноўных прадметных кампетэнцыях. Такім чынам, атрымаўся праект, які я рэалізоўваю ў 5—6 класах, з якім мы паспяхова фарміруем новыя навыкі, веды, якія будуць актуальны. Разам з маім універсітэцкім навуковым кіраўніком Аляксандрам Аляксандравічам Карзюком мы выпусцілі дапаможнік-практыкум “Гісторыя старажытнага свету” з гэтымі заданнямі. Ён ужо знаходзіцца ў свабодным доступе ў кніжных магазінах”, — расказала Дар’я Алегаўна.

Пра метады і прыёмы

У маладой настаўніцы наладжаны сяброўскія адносіны з вучнямі, нягледзячы на тое, што расслабіцца яна ім не дазваляе: “Прытрымліваюся меркавання, што добры ўрок — гэта ўрок, дзе 80 працэнтаў часу працуе вучань, а настаўнік толькі кіруе гэтай работай. Вельмі цяжка было першы і, магчыма, другі год, калі я выпрацоўвала сваю методыку, шукала цікавыя прыёмы. Зараз у мяне ёсць інструментарый, тая скарбонка, адкуль проста бярэш тое, што ў канкрэтны момант трэба”.

На думку маладой настаўніцы, большасць прыёмаў, якія выкарыстоўваюцца на ўроку, павінны быць інтэрактыўнымі, калі дзеці кантактуюць адно з адным і з настаўнікам: выказваюць свае думкі, меркаванні, пажаданні. Многія ўвесь час сядзяць у інтэрнэце — у іх мала рэальных зносін, іншыя проста не кантактуюць, хоць і сядзяць разам. Калі ж яны на ўроку працуюць у парах, у групах — хочуць яны таго ці не, павінны наладжваць камунікацыю.

“Я заўсёды карыстаюся двума прыёмамі групоўкі: першы не пакідае вучням выбару (напрыклад, разбіцца па групах у залежнасці ад полу, ад пары года, калі нарадзіўся) і другі, калі дзіця павінна ацаніць сябе (напрыклад, разбіцца па групах у залежнасці ад таго, які жанр кіно любіць — фантастыку, камедыю, жахі і г.д.). Гэта дазваляе паглядзець збоку на асабістыя меркаванні навучэнцаў, іх унутраны свет і на тое, якія зносіны і кантакты існуюць у калектыве”, — адзначыла маладая настаўніца.

Другі момант, на якім засяроджваецца Дар’я Алегаўна, рыхтуючы тэму, — актуальнасць: “Дзецям цікавыя мультфільмы, таму я шырока выкарыстоўваю іх у сваёй практыцы. Яны любяць абмяркоўваць, што пішуць сродкі масавай інфармацыі, таму мы часта глядзім відэаролікі, чытаем газеты”.

За адзін урок настаўніца можа выкарыстаць 5—6 разнастайных прыёмаў, кожны з якіх здзіўляе нават дарослага. Актыўныя заданні, медыяпрыёмы вельмі чаканыя для дзяцей. Але ў настаўніцы існуе адна ўмова: незвычайныя заданні будуць уключаны ва ўрок толькі ў тым выпадку, калі дома яе вучні правядуць добрую тэарэтычную падрыхтоўку. Аднак актыўная работа спрацоўвае не ў кожным класе. Настаўніца прызнаецца, што і ў яе ёсць такія класы, дзе вучні больш замкнутыя і ў інтэрактыве працаваць не імкнуцца. У гэтым выпадку ідзе ў ход класічны рэжым адукацыйнага працэсу.

Адзін з самых любімых дзецьмі медыяпрыёмаў — kahoot. Гэта сэрвіс для стварэння анлайн-віктарын і тэстаў. Вучні могуць адказваць на створаныя настаўнікам тэсты з планшэта, смартфона — з любога тэхнічнага сродку, які мае доступ да інтэрнэту. Такім чынам, настаўніца спалучае на сваіх уроках неспалучальныя рэчы — адукацыйны працэс і карыстанне гаджэтамі. На пачатку ўрока навучэнцы рэгіструюцца ў сэрвісе, усе зарэгістраваныя паказваюцца на камп’ютары настаўніцы. Пасля пачынаюць адказваць на пытанні тэста. Табло з набранымі баламі адлюстроўваецца на маніторы настаўніцы.

“Зразумела, дзецям гэта цікава ўжо хаця б таму, што ўсё робіцца ў тэлефоне. Для мяне гэты сэрвіс ні ў якім разе не праверка дамашняга задання, адзнакі за выкананне заданняў я не стаўлю. Але гэта добры транслятар, які дапамагае ўбачыць, якія базавыя паняцці дзеці засвоілі, каб працаваць далей. Мне зручна, таму што вынік практычна імгненны: сшыткі з заданнямі правяраць не трэба. Да таго ж гэты сэрвіс зручны і калегам: я ім скарысталася, склала тэст — і ён ужо будзе ў інтэрнэце. Любы іншы настаўнік можа выкарыстаць яго на сваім уроку або, узяўшы за ўзор, зрабіць нешта сваё. Але я прытрымліваюся меркавання, што вынікі такіх тэстаў нельга ацэньваць. Па-першае, гэты тэст абмежаваны па часе, а вучні ўсе розныя — хтосьці думае хутка, хтосьці больш марудлівы. Па-другое, тэсты простыя, маюць толькі адзін правільны адказ, таму максімум, які можна паставіць за бездакорнае выкананне — 6 балаў”, — расказала Дар’я Алегаўна.

Яшчэ адзін яскравы прыклад медыяпрыёмаў, якім часта карыстаецца маладая настаўніца, — медыяазбука. Гэтая інтэлектуальная гульня, складаецца з пытанняў на кожную літару алфавіта, прадстаўленых у выглядзе нейкага вобраза.

“Я карыстаюся вобразамі з мульцікаў, якія ўжо сфарміраваны ў дзяцей, падбіраю да іх паняцці з тэмы ўрока. Задача вучня — успомніць сюжэт мульціка і прааналізаваць, з якім, напрыклад, эканамічным паняццем гэта звязана. На пошук адказу даецца пэўны час, дзеці працуюць у камандах. Можа быць і наадварот, вучні самі складаюць медыяазбуку ў якасці дамашняга задання”.

Кожны ўрок падчас актыўнай работы дзеці набіраюць балы — зорачкі. “Ніколі не агучваю выніковыя балы напрыканцы ўрока. У розных дзяцей можа набрацца, напрыклад, па 20 зорачак з 30-і. Але я ведаю, што для аднаго 20 — гэта дасягненне, актыўная работа на ўроку, а для іншага — звычайная з’ява, якая лёгка даецца і сур’ёзнай асабістай працы не адлюстроўвае. Таму ў выніку адзін атрымае 8, а другі — 6. Разам з тым магчымасць дапрацаваць сваю адзнаку пакідаю заўсёды”, — гаворыць настаўніца.

Не ператварыцца ў транслятара інфармацыі, застацца цікавай для вучняў асобай дапамагае самаадукацыя ў галіне гісторыі і грамадазнаўства. “У любой навуцы пастаянна развіваюцца новыя ідэі, версіі, ствараюцца інавацыі, з’яўляюцца новыя вучоныя. І тое, што я тлумачыла сваім вучням год назад, ужо сёння можа быць неактуальна. Неабходна падтрымліваць сваю прафесійную цікавасць да навукі. Спачатку назапасіць свой інтэлект, а потым спрабаваць сфарміраваць інтэлект у сваіх вучняў”, — рэзюмавала Дар’я Алегаўна.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.