Спантанная гаворка па алгарытме настаўніцы

- 12:19Педагагічная майстэрня

На ўроку настаўніцы англійскай мовы гімназіі № 3 Барысава Юліі Уладзіміраўны Сцяпанавай успомнілася нядаўна пачутае меркаванне Мікалая Іванавіча Запрудскага: “Калі настаўнік сам зацікаўлены ў пазнанні новага, то і яго вучням будзе цікава вучыцца”. Думка не новая, гэта ўжо аксіёма. Але яна патрабуе актуалізацыі, бо праблема вучнёўскай матывацыі па-ранейшаму не вырашана. І мне здаецца, што яна будзе знята пры наяўнасці пазнавальнай цікавасці ў настаўнікаў.


Юлія Уладзіміраўна — педагог з натхненнем. Яна мабільная і вельмі сучасная. Дарэчы, хачу сказаць ёй асобны дзякуй за тое, што на мой прыезд яна пагадзілася адразу. Тым самым яна паказала, як яе тэарэтычны пастулат “Запатрабаваны ўдзельнік грамадства — гнуткі, думаючы чалавек, здольны да мабільнасці і хуткай адаптацыі” працуе ў жыцці. Ужо калі знаходзілася ў трэцяй гімназіі Барысава, зразумела, што гнуткасць і мабільнасць Юліі Уладзіміраўны грунтуюцца на такіх жа якасцях адміністрацыі.

І дырэктар навучальнай установы, і яго намеснікі заўсёды адкрыты да ўсяго новага, паважаюць і падтрымліваюць імкненне да самарэалізацыі кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу. “Мы працуем у камандзе”, — заўважыла дырэктар Ірына Валер’еўна Кірык. Гэтая каманда дапамагла Юліі Уладзіміраўне стаць фіналістам конкурсу “Настаўнік года — 2017”. А агеньчык цікавасці да ўсяго, што адбываецца падчас конкурсу, у настаўніцы ўвесь час падтрымлівала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Веньямінаўна Карасёва. “Мне падабаецца вучыць дзяцей і калег”, — адзначыла яна. Не сумняваюся, што цікавасць Алены Веньямінаўны перадалася і яе падапечнай. Згаданая аксіёма ў дзеянні.


Цяпер запрашаю на ўрок Юліі Уладзіміраўны Сцяпанавай. Ён прайшоў у панядзелак і быў трэцім па ліку ў раскладзе сямікласнікаў. Пакуль ішла падрыхтоўка, я назірала за дзецьмі. Спакойныя, усмешлівыя, яны раскладвалі свае падручнікі і сшыткі, даставалі ручкі і алоўкі. У апошнія хвіліны перапынку некаторыя паспелі прайсці чарговы ўзровень сваёй гульні ў тэлефоне.

Настаўніца таксама падрыхтавалася да ўрока, праверыла ўсе камп’ютары, падключэнне да інтэрнэту. Яшчэ раз пераправерыла, ці працуе мультымедыйны праектар, ці ідзе прэзентацыя Power Point, расклала паперкі з заданнямі для вучняў. Каб увесці мяне ў курс справы, Юлія Уладзіміраўна адзначыла, што ўрок па сваім тыпе будзе камбінаваны.

“Мэта вучэбных заняткаў — фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі ў межах тэмы, якая вывучаецца. Плануецца, што да канца ўрока навучэнцы змогуць расказаць гісторыю сяброўства.


Мае задачы:

– садзейнічаць ужыванню актыўнага моўнага матэрыялу ў вусным маўленні сямікласнікаў;

– ствараць умовы для актыўнага маўленчага ўзаемадзеяння;

– спрыяць фарміраванню ўменняў планаваць свае камунікатыўныя паводзіны.

Задачамі для навучэнцаў з’яўляюцца: вучыцца ўзаемадзейнічаць з партнёрамі на англійскай мове і прымяняць атрыманыя веды на практыцы.

Метады навучання — камунікатыўны, інтэрактыўны”, — паведаміла настаўніца.

Празвінеў званок — усе занялі свае месцы. Пачаўся ўрок англійскай мовы ў 7 класе. Тэма ўрока — “Гісторыя сяброўства”. Як заўважыла Юлія Уладзіміраўна пасля званка, гэта быў завяршальны ўрок раздзела, дзеці ўжо валодалі дастатковым граматычным і лексічным матэрыялам. Камунікатыўнай сітуацыяй на ўроку стала гісторыя сяброўства, а формамі ўзаемадзеяння з вучнямі былі дыялог і палілог. Урок атрымаўся шматфункцыянальным і дынамічным.


Першы этап — арганізацыйна-матывацыйны. Яго мэтамі з’яўляюцца стварэнне спрыяльнай атмасферы на ўроку, прагназаванне канчатковага выніку ўрока. Задача гэтага этапу — падрыхтаваць вучняў да работы, сфармуляваць мэту ўрока, стварыць сітуацыю поспеху і ўмовы для актыўнага ўзаемадзеяння, абапіраючыся на суб’ектыўны вопыт вучняў.

Калі гаварыць пра змест вучэбнай дзейнасці на гэтым этапе, то тут настаўніца задала тон усім заняткам, бо ўвядзенне ў атмасферу іншамоўнага асяроддзя прайшло лёгка і цікава. На ўрок Юлія Уладзіміраўна прынесла пасылку.

“Добрай раніцы, сябры. Ведаеце, сёння я атрымала пасылку. Ці можаце вы здагадацца, што ўнутры?” — звярнулася яна да вучняў. дэманструючы пакунак. Сямікласнікі, каб адгадаць, пачалі сыпаць наваднымі пытаннямі. Пасылка дапамагла стварыць умовы для вызначэння камунікатыўнай сітуацыі ўрока.

Прагучаў правільны адказ: у пасылцы быў фотаальбом. “Гэта альбом сяброўскіх успамінаў. Пасылка з Брытаніі. І падпісана: “Мэры”. Але няма ні аднаго фотаздымка, толькі словы “калі” і “дзе”. Якія пытанні можна задаць з гэтымі пытальнымі словамі? Задайце гэтыя пытанні свайму суседу. Ці можаце сказаць, пра што будзе наш урок?” — працягвала Юлія Уладзіміраўна. Сямікласнікі вызначылі, што ўрок будзе пра сяброў.


Другі этап урока — аперацыйна-пазнавальны. Яго мэты настаўніца акрэсліла так: актывізацыя лексічных адзінак пры праслухоўванні тэксту і ўжыванне вывучанай лексікі ў непадрыхтаваным маналагічным выказванні. Задачы этапу — падрыхтоўка вучняў да ўсвядомленага праслухоўвання і чытання інфармацыі, выкарыстанне прыёмаў аналізу і абагульнення, стварэнне ўмоў для актыўнага ўзаемадзеяння і ўсвядомленай дзейнасці.

“Я ўсё ж знайшла адзін фотаздымак, — звярнулася да сямікласнікаў Юлія Уладзіміраўна. — Паглядзіце на фота, апішыце падлеткаў. Як вы лічыце, якія яны па характары?” — спытала настаўніца. Навучэнцы адказваюць на пытанне, выкарыстоўваючы актыўную лексіку. Адбываецца ўдасканаленне навыкаў успрымання і разумення мовы на слых.

“Мне цікава, дзе і калі яны пазнаёміліся. А вам? У мяне ёсць некалькі пытанняў. Падумайце, якімі будуць адказы, і запішыце іх на лістках”, — задала пытанне Юлія Ула-дзіміраўна. Дзеці, прадугледжваючы адказы, робяць пазнакі на каляровых лістках.

Настаўніца прапануе паслухаць, што Мэры і Піт самі расказваюць пра сваё сяброўства, і праверыць, наколькі правільныя адказы далі сямікласнікі. Затым дзеці аб’ядналіся ў пары з тымі, у каго лісток быў такога ж колеру. Далей адбываецца прамежкавая рэфлексія з выкарыстаннем праграмы Learninbg Apps. Навучэнцы правяраюць свае здагадкі, выконваюць інтэрактыўнае практыкаванне на камп’ютарах у парах, правяраюць самастойна.

“Цяпер паслухаем іх яшчэ раз і запоўнім пропускі ў тэкстах, а пасля адкажам на пытанне, чаму ж Піт і Мэры пасябравалі”, — дае чарговае заданне настаўніца. Вучні слухаюць запіс, запаўняюць пропускі, правяраюць і адказваюць на пастаўленае пытанне.

На трэцім — аперацыйна-дзейнасным — этапе мэтамі былі актывізацыя лексікі пры праглядавым чытанні і ўжыванне яе ў непадрыхтаваным маналагічным выказванні, творчы перанос ведаў у новую плоскасць. Задача трэцяга этапу — падрыхтаваць вучняў да свядомага чытання інфармацыі, да выкарыстання прыёмаў дэдукцыі і абагульнення, стварыць умовы для актыўнага ўзаемадзеяння, садзейнічаць удасканаленню камунікатыўных навыкаў і крытычнага мыслення ў межах вызначанай тэмы, стварыць умовы для самакантролю і самакарэкцыі.

“Я знайшла яшчэ два фотаздымкі: Сэм і Хелен са сваімі сябрамі. На адваротным баку напісаны іх гісторыі сяброўства. Якія ж яны розныя! Хочаце пачытаць? Падыдзіце да мяне, вазьміце картку і аб’яднайцеся ў дзве групы. Абмяркуйце ў групах адказы на пытанні”, — прапанавала Юлія Уладзіміраўна. Навучэнцы чытаюць два тэксты ў групах (А і В) і адказваюць на пытанні.

“Бачу, што вы гатовы, — працягвала праз некалькі хвілін настаўніца. — Цяпер знайдзіце сабе суразмоўніка з іншай групы з такім жа нумарам на картцы, як у вас, і раскажыце яму гэтую гісторыю”. Навучэнцы ўзаемадзейнічаюць у парах, а затым адказваюць на пытанне “Хто з гэтых дзяцей мог бы стаць вашым сябрам і чаму?”.

Дзеля развіцця непадрыхтаванага маналагічнага маўлення Юлія Уладзіміраўна дала наступнае заданне: “Як вы думаеце, у гэтых дзяцей атрымалася расказаць нам свае гісторыі? Я ўпэўнена, што і ў вас атрымаецца. Што нам трэба, каб напісаць добрую лагічную гісторыю? Пытанні! А яшчэ паглядзіце на гэтыя словы, якія дапамогуць нам звя-заць часткі вашай гісторыі.

У гэтым альбоме ёсць некалькі нататак, кароткіх і нецікавых. Вы можаце дапамагчы гэтым гісторыям стаць маляўнічымі? Я не сумнявалася! Падыдзіце да мяне, вазьміце картку і аб’яднайцеся ў тры групы. У групах складзіце гісторыю і намалюйце фота да яе”. Сямікласнікі складаюць гісторыі ў групах.


Настаў апошні, чацвёрты, ацэначна-рэфлексіўны этап урока. Яго мэта — усведамленне вучнямі значнасці ведаў, атрыманых на ўроку, выбар і падрыхтоўка да паспяховага выканання дамашняга задання. Задача этапу — спрыяць развіццю рэфлексіўных навыкаў і фармуляванню высноў.

“Ну што ж, самы час прэзентаваць вашы гісторыі і ўпрыгожыць фотаздымкамі гэты альбом. Якая з гісторый вам спадабалася больш? Чаму?” — задала пытанні Юлія Уладзіміраўна. Навучэнцы групай прадстаўляюць свае работы, абмяркоўваюць, адказваюць на пытанні.

Урок практычна завершаны. Настаўніца задае дамашняе заданне: “Каб зрабіць гэты альбом больш каштоўным для мяне, мне патрэбна ваша дапамога. Дома падрыхтуйце свае гісторыі з фотаздымкамі або малюнкамі”. Навучэнцы запісваюць дамашняе заданне, задаюць удакладняльныя пытанні. Затым Юлія Уладзіміраўна каменціруе дзейнасць вучняў на ўроку, выстаўляе адзнакі. Званок. Урок скончаны.

Ад сябе заўважу, што ўрок прайшоў на адным дыханні. Вучні былі актыўнымі ўдзельнікамі на ўсіх этапах урока. Ім было цікава, таму працавалі з ахвотай. Яшчэ мне вельмі спадабалася атмасфера творчай разняволенасці і псіхалагічнага камфорту, якая панавала ўсе 45 хвілін. Сямікласнікі гаварылі без страху памыліцца і былі свабоднымі ў сваіх выказваннях і думках.

Урок Юліі Уладзіміраўны прадэманстраваў і яе вопыт, які настаўніца прадстаўляла на конкурсе. Гэта выкарыстанне мультымедыйных матэрыялаў (інтэрактыўныя практыкаванні, воблака слоў).

А цяпер слова настаўніцы: “Урок атрымаўся. Усе пастаўленыя задачы выкананы. Калі рыхтавала гэты ўрок, то шукала цікавую ідэю, каб зачапіць сваіх вучняў. Вырашыла, што пачну з сюрпрызу, з яго дапамогай увяду дзяцей у камунікатыўную сітуацыю. У выніку сямікласнікі поўнасцю ўключыліся ў працэс, калі пачалі задаваць мне навадныя пытанні. Калі яны зразумелі, што фотаздымкаў у альбоме няма, а толькі адны пытанні, то здагадаліся, што мы на працягу ўрока будзем адказваць на прапанаваныя пытанні. Гэта было неабходна, каб апісаць гісторыю сяброўства таго ці іншага персанажа.

Для фармулявання мэт урока я выкарыстоўвала адзін са сваіх прыёмаў — воблака слоў. На экране былі абрысы дзяўчынкі, а ўнутры змешчаны пытальныя словы. Дзеці зразумелі, што мы будзем адказваць на пытанні. Яны самі сфармулявалі тэму ўрока, яго мэту, акрэслілі нашы віды дзейнасці. Спачатку вучні пазнаёміліся з персанажамі з падручніка. Для зручнасці ўсю інфармацыю перанесла на smart-дошку. Апісанне персанажаў адбывалася франтальна. Вучні для апісання выкарыстоўвалі сваю актыўную лексіку. Тут адбываўся кантроль засваення раней вывучанага вучэбнага матэрыялу.

Потым у нас было праслухоўванне тэксту. Пасля першага праслухоўвання дзецям быў прапанаваны шэраг пытанняў з падручніка, якія дапамаглі ім сарыентавацца, вакол чаго будзе весціся гаворка. Вучні атрымалі рознакаляровыя паперкі, якія пасля дапамаглі падзяліць іх на пары (па колеры). Іх першыя адказы аказаліся няправільнымі, таму ўзнікла патрэба пачуць правільныя. Тут на дапамогу прыйшло інтэрактыўнае практыкаванне, створанае ў дадатку Learning Apps, калі дзеці, разбіўшыся на пары, правяралі сябе самі на камп’ютарах. Была створана сітуацыя поспеху: калі вучань бачыў, што памыляецца, у яго была магчымасць хуценька пераставіць адказы.

Гэты этап мы адрэфлексіравалі, адказаўшы на пытанне “Што герояў зрабіла сябрамі?”. Пры другім праслухоўванні сямікласнікі запоўнілі пропускі (яны бачылі змест аўдыязапісу), сканцэнтраваліся на дэталях. Мы абмеркавалі пытанні і адказы. Я задала ключавое пытанне: “Ці змаглі Мэры і Піт стаць сапраўднымі сябрамі?”.

Наступны этап патрабаваў ад дзяцей не рэцэптыўнага, а актыўнага ўдзелу. Тут было прапанавана прачытаць адну эмацыянальную гісторыю сяброўства і абмеркаваць яе ў групах. Затым адбылася гаворка ў парах. Змена камунікатыўнага партнёра садзейнічала развіццю камунікатыўных навыкаў. Падчас рэфлексіі вучні адказвалі на пытанне “Хто з прапанаваных у гісторыях герояў мог бы стаць вашым сябрам?”. Гісторыі для кожнай групы складала сама. Арыентавалася на захапленні дзяцей. Дзяўчаты, напрыклад, цікавяцца мадэлінгам, хлопцы шмат чытаюць, нехта любіць хадзіць у тэатр, адзін вучань займаецца стварэннем відэа, а другі захапляецца спортам. Рэальныя інтарэсы дзяцей ляглі ў аснову тых гісторый сяброўства, якія яны атрымалі на раздрукоўках.

Далей дзеля развіцця свабоднага маўлення сямікласнікі ў групах апісвалі гісторыю сяброўства прапанаваных герояў (былі дадзены некаторыя дэталі). Ключавым аб’ектам на ўроку быў альбом, які трэба было запоўніць фотаздымкамі, таму прапанавала вучням намаляваць фотаздымкі да тых сюжэтаў, якія былі ў іх у раздатачным матэрыяле. У кожнай групе дзеці самі вырашалі, хто будзе маляваць, а хто пасля абароніць праект. Мне здаецца, было цікава, прычым уклад у работу зрабіў кожны.

Дамашнім заданнем стала апісаць сваю гісторыю сяброўства, дапоўніўшы яе фотаздымкамі, відэа ці малюнкамі. Гэтыя дзеці вельмі творчыя, таму я іх не абмяжоўваю. Сваіх вучняў вучу спантаннасці ў маўленні, каб яны не разгубіліся, калі трапяць за мяжу, і маглі спакойна расказаць пра сваю краіну замежным гасцям”, — расказала Юлія Уладзіміраўна Сцяпанава.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.