Спартсмены заўсёды наперадзе!

- 10:27Актуально, Апошнія запісы, Рознае

29 чэрвеня Міністэрства адукацыі сабрала лепшых студэнтаў-спартсменаў краіны на ганаровым уручэнні прэмій Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту (БАСС). Сёлета матэрыяльныя заахвочванні былі ўручаны пераможцам і прызёрам XXVII Сусветнай зімняй і XXVIII Сусветнай летняй універсіяд, чэмпіянатаў свету сярод студэнтаў па выніках 2015 года, а таксама студэнтам, якія дасягнулі поспехаў у галіне масавага спорту.

Міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў, які з’яўляецца старшынёй БАСС, на адкрыцці мерапрыемства падкрэсліў, што спорту ў нашай краіне ўдзяляецца шмат увагі, асаблівае месца сёння займае масавы спорт, таму папулярызацыя студэнтамі пэўнага яго віду ў сваёй навучальнай установе зможа прывабіць многіх да карысных заняткаў. “Вы — добры прыклад таго, як паспяхова можна сумяшчаць вучобу і спорт”, — звярнуўся міністр да студэнтаў. Міхаіл Анатольевіч параіў арганізоўваць ва ўніверсітэтах больш цікавых спартыўных ініцыятыў, масавых стартаў і іншых мерапрыемстваў, якія б маглі служыць нагодай для масавых заняткаў спортам. Дарэчы, сам Міхаіл Анатольевіч падчас вучобы ў БДУ займаўся барацьбой, плаваннем і бегам. А 4 верасня ён плануе выйсці на дыстанцыю паўмарафону па дарогах сталіцы разам з сынам.

Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту была створана ў 2012 годзе, і ў яе ўвайшлі ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны. Сёлета для атрымання прэміі ўніверсітэты рэкамендавалі 36 студэнтаў-спартсменаў. Каб вызначыць самых годных, былі распрацаваны пэўныя крытэрыі адбору. Улічвалася літаральна ўсё: вынікі на сусветных летняй і зімняй універсіядах 2015 года, чэмпіянатах Еўропы сярод студэнтаў, міжнародных спаборніцтвах сярод юніёраў і дарослых, удзел у спаборніцтвах рэспубліканскай універсіяды, прыналежнасць да нацыянальнай зборнай каманды і нават грамадская дзейнасць студэнтаў і паспяховасць у вучобе.

Сертыфікаты прэмій студэнтам-спартсменам уручаліся ў дзвюх намінацыях. У намінацыі “Масавы спорт” узнагароду атрымаў студэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання бронзавы прызёр першынства Беларусі па вольнай і грэка-рымскай барацьбе Данііл Зашчук. Удастоілася прэміі і студэнтка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, трохразовая чэмпіёнка Рэспубліканскай універсіяды — 2015 спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, пераможца ў скачках у даўжыню і эстафетным бегу Хрысціна Алейнікава. Узнагароду атрымала і студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Наталля Цапік, якая з’яўляецца пяціразовым сярэбраным прызёрам Рэспубліканскай універсіяды — 2015 спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, у тым ліку і ў памяшканні. Апошнім у намінацыі “Масавы спорт” быў узнагароджаны яшчэ адзін прадстаўнік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Дзяніс Пузакоў, які з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па футболе. Каманда ўніверсітэта, якую ўзначальвае Дзяніс, стала пераможцай Рэспубліканскай універсіяды — 2015 па футболе.


Прэміі ў другой намінацыі “Спорт вышэйшых дасягненняў” атрымалі перспектыўныя студэнты-спартсмены, члены нацыянальных зборных каманд Беларусі, у тым ліку студэнтка Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, майстар спорту міжнароднага класа, член зборнай каманды па веславанні на байдарках і каноэ Каміла Бобр; студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, майстар спорту міжнароднага класа, член зборнай каманды па веславанні на байдарках і каноэ Глеб Саладуха. Поспехаў у тым жа відзе спорту дасягнула студэнтка Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Дарына Пікулева, майстар спорту міжнароднага класа і пераможца шматлікіх чэмпіянатаў і першынстваў. Таксама грашовы сертыфікат атрымала студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна майстар спорту міжнароднага класа Таццяна Халадовіч, якая з’яўляецца членам зборнай каманды па лёгкай атлетыцы, чэмпіёнкай Сусветнай універсіяды ў Кванжу (Паўднёвая Карэя) у кіданні кап’я.

Дарэчы, трое з прысутных студэнтаў-спартсменаў уключаны ў нацыянальную алімпійскую зборную і рыхтуюцца да ХХХІ Летніх Алімпійскіх гульняў, якія пройдуць у Бразіліі: Таццяна Халадовіч, Дзмітрый Асанаў і Глеб Саладуха. Міністр адукацыі шчыра павіншаваў спартсменаў і пажадаў ім перамогі.

Напрыканцы мерапрыемства Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў нагадаў: “Спорт — гэта нялёгкі хлеб, яго трэба не проста любіць, а аддаваць сябе яму. Жыццё паказвае, што той, хто актыўна займаецца спортам, любіць працаваць і па жыцці заўсёды наперадзе”.

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.