Прэс-канферэнцыя міністра адукацыі, прымеркаваная да Дня настаўніка, адбылася 30 верасня ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь. Падкрэсліваючы грамадскую значнасць прафесійнага свята настаўнікаў, Сяргей Маскевіч адзначыў, што ад таго, як сустрэне педагог свайго маленькага выхаванца ў дашкольнай установе, якія веды атрымае навучэнец пачатковай школы, як растлумачыць заданне настаўнік-прадметнік, як навучыць працаваць і пакажа магчымасці калектыўнай творчасці сацыяльны педагог, залежыць, якім вырасце юны грамадзянін, якой будзе Беларусь у будучыні.
Па індэксе чалавечага развіцця наша краіна ў 2012 годзе паднялася на 50 месца (у 2011 годзе была на 65-м). Па паказчыках у сферы адукацыі сярэдняя працягласць навучання — 21 месца ў рэйтынгу (у 2011 годдзе — 63 месца). У сусветным рэйтынгу нацыянальнага дабрабыту па паказчыках у сферы адукацыі Беларусь займае 21 месца (у 2011 годзе мы былі на 22-м).
Міністр адукацыі з гонарам адзначыў асаблівыя вучэбныя дасягненні беларускіх навучэнцаў і студэнтаў, бо толькі гэтым летам на міжнародных прадметных алімпіядах сярод школьнікаў былі заваяваны 44 медалі (7 залатых, 16 сярэбраных, 21 бронзавы). А на XXVII Сусветнай летняй універсіядзе-2013, што праходзіла ў Казані, было заваявана 40 узнагарод па 12 відах спорту: 13 залатых, 13 сярэбраных і 14 бронзавых (у 2011 годзе ў Пекіне нашы юныя спартсмены здолелі атрымаць толькі 17 узнагарод).
“Згодна з апытаннямі (зрэз быў праведзены ў Гродзенскай вобласці), узровень задаволенасці спажыўцоў адукацыйных паслуг дастаткова высокі: у сярэднім вышэй за 4 балы па 5-бальнай шкале, — паведаміў Сяргей Маскевіч. — Так, у бацькоў дашкольнікаў гэты паказчык склаў 4,47, у школах — 4,26”. Міністр адзначыў, што з бягучага года гэты паказчык стане адным з асноўных у сістэме рэйтынгавай ацэнкі работы ўстаноў адукацыі.
Сёння ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі працуе больш за 104 тысячы педагагічных работнікаў. У іх ліку больш за 90 тысяч настаўнікаў-прадметнікаў. Першага верасня на педагагічны шлях ступілі 6283 маладыя спецыялісты.
Міністр адзначыў, што ўпраўленнямі адукацыі аблвыканкамаў, камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама праводзіцца мэтанакіраваная работа па замацаванні педагагічных кадраў ва ўстановах адукацыі, асабліва размешчаных у сельскай мясцовасці. У калектыўных дагаворах прадугледжаны меры матэрыяльнага стымулявання маладых спецыялістаў, частковая кампенсацыя аплаты за арэнду жылля, арганізацыя бясплатнага падвозу або частковая кампенсацыя аплаты за праезд да месца работы.
“Маладыя спецыялісты, як правіла, накіроўваюцца на работу па месцы жыхарства бацькоў, што дазваляе забяспечыць іх замацаванне ва ўстановах адукацыі пасля двухгадовай адпрацоўкі, знізіць адток кадраў, а таксама зняць жыллёвую праблему. Прымаюцца адпаведныя меры па аказанні дапамогі педагагічным работнікам у вырашэнні жыллёвых пытанняў”, — зазначыў міністр адукацыі.
Сяргей Маскевіч запэўніў, што ў краіне ў асноўным не адчуваецца дэфіцыту педагагічных кадраў. Прафесійную дзейнасць працягваюць педагогі пенсіённага ўзросту, якія вызначаюцца высокай кваліфікацыяй. Акрамя таго, свае настаўніцкія здольнасці дэманструюць лепшыя студэнты 5 курса МДЛУ, БДПУ імя Максіма Танка.
Разам з тым у некаторых установах узнікаюць пэўныя цяжкасці па запаўненні вакансій па прадметах фізіка-матэматычнага профілю. У Мінску ёсць патрэба ў настаўніках пачатковай школы, што абумоўлена значным павелічэннем колькасці навучэнцаў пачатковых класаў. За апошнія тры гады колькасць такіх класаў стала большай на 133.
Акрамя таго, у сталіцы існуе праблема недахопу кадраў у дашкольнай адукацыі. У міністэрстве ведаюць, адзначыў міністр, што ёсць цякучасць кадраў у дзіцячых садках. Для Мінска гэта асабліва характэрна, бо прапаноў на рынку працы сталіцы шмат. “Для маладых людзей няма праблемы знайсці сабе больш высокааплатную работу. Дастаткова адзін дзень пасядзець каля экрана тэлевізара, нават не на сайце вакансій”, — прызнаў міністр. Як вядома, заработная плата ў дашкольных установах з 1 ліпеня павялічылася на 20%, але, па словах Сяргея Маскевіча, з 1 студзеня яна зноў павялічыцца, і даволі прыкметна.
Паводле інфармацыі ад упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, павелічэнне педагагічнай нагрузкі настаўнікаў не паспрыяла звальненню педагагічных работнікаў. Усяго па рэспубліцы пасля павелічэння педагагічнай нагрузкі звольнена 11 чалавек.
Паводле праведзеных даследаванняў, у Беларусі мяняюць месца працы пасля заканчэння тэрміну размеркавання 7-8% маладых спецыялістаў-педагогаў. Як адзначыў міністр, гэта ўнутраная цякучасць кадраў у самой сістэме, калі, напрыклад, пасля адпрацоўкі абавязковага размеркавання малады спецыяліст пераходзіць на работу з вёскі ў горад. З самой жа сістэмы адток невялікі: асноўная частка падрыхтаваных настаўнікаў застаецца ў сферы.
Як вядома, дзейнасць настаўніка патрабуе пастаяннага самаўдасканалення, аднак, па ацэнцы спецыялістаў, у абсалютнай большасці пасля 20 — 25 гадоў работы рэгіструецца прафесійнае выгаранне. Пры гэтым большасць педагогаў адзначае, што хацелі б працаваць і далей, але ўжо не ў якасці педагога-прадметніка. “У прафесіі настаўніка трэба быць адначасова і знаўцам свайго прадмета, і творцам, не толькі выдатна ведаць фізіку або матэматыку, але і ўмець паднесці прадмет віртуозна, пісьменна і якасна”, — заўважыў Сяргей Маскевіч.
У мінулым навучальным годзе педагагічная нагрузка настаўніка ў сярэднім у абласцях складала 1,2 стаўкі, што дазволіла ва ўмовах павелічэння педнагрузкі максімальна захаваць існуючы кадравы патэнцыял. “Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі больш за 96 працэнтаў педагогаў працуюць з нагрузкай 20 і больш гадзін на тыдзень. Няпоўная вучэбная нагрузка ўстанаўлівалася толькі пры наяўнасці згоды работніка або па заявах тых, хто па нейкіх прычынах не можа выконваць нагрузку ў поўным аб’ёме”, — зазначыў міністр.
Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі рэспублікі на няпоўную стаўку (менш за 20 гадзін) працуюць 3853 чалавекі. Больш за 65 працэнтаў настаўнікаў, якія працуюць на няпоўную стаўку, — гэта тыя, хто дасягнуў пенсіённага ўзросту.
Павышэнне тарыфных ставак асобным катэгорыям педагагічных работнікаў на 25%, устаноўленае Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 689, дазволіла не толькі захаваць кошт гадзіны, але і павысіць сярэднюю заработную плату настаўнікам у сярэднім на 3%. Больш дакладная інфармацыя аб павелічэнні заработнай платы педагагічным работнікам з’явіцца ў канцы кастрычніка, калі паступяць статыстычныя даныя аб сярэднямесячнай заработнай плаце за верасень.
Гаворачы пра новаўвядзенні бягучага навучальнага года, міністр яшчэ раз акцэнтаваў увагу на тым, што ў сярэдніх школах на III ступені навучання павялічана колькасць вучэбных гадзін па некаторых прадметах (фізіка, матэматыка, хімія, біялогія). Гэта зроблена за кошт факультатываў. У сувязі з гэтым для вывучэння прапануюцца наступныя кірункі: фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, філалагічны і грамадазнаўчы. Адукацыйны працэс у гэтых школах арганізаваны па аналогіі з гімназіямі і ліцэямі.
“Такое новаўвядзенне не з’яўляецца строга абавязковым для ўсіх школ. Заснавальнік установы адукацыі вызначае, у якіх школах уводзіць вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні, а таксама напрамкі, па якіх можна арганізоўваць такое навучанне (зыходзячы з магчымасцей установы адукацыі, запытаў вучняў і іх законных прадстаўнікоў, запатрабаванасці пэўных прафесій на рынку працы), — падкрэсліў міністр адукацыі.
Адказваючы на пытанне наконт павышэння якасці ў выкладанні замежных моў, міністр адзначыў, што першы выпускны экзамен па замежнай мове, які выпускнікі школ здавалі сёлета, прайшоў паспяхова. “Абавязковы выпускны экзамен па замежнай мове паказаў, што мы рушым у правільным кірунку. Канечне, нельга сказаць, што нашы дзеці загавораць адразу і добра, але сітуацыя змянілася. І настаўнікі, і вучні зразумелі неабходнасць і важнасць належнага вывучэння замежнай мовы, таму можна меркаваць, што з цягам часу нашы выпускнікі ўсё ж загавораць. Ды і час спрыяе большаму распаўсюджванню замежнай мовы. У нас заключаецца шмат міжнародных дагавораў аб супрацоўніцтве паміж прадпрыемствамі. Акрамя таго, у 2014 годзе ў нашай краіне пройдзе чэмпіянат свету па хакеі, таму ведаць англійскую мову — гэта жыццёвая неабходнасць”, — адзначыў міністр.
З гэтага года ў навучальных установах краіны ўведзена новая кваліфікацыйная катэгорыя “настаўнік-метадыст”. Прэтэндэнты на яе атрыманне павінны мець аўтарскую методыку выкладання прадмета або ўласны вопыт, які абагульнены і выкарыстоўваецца іншымі настаўнікамі, публікацыі ў навукова-педагагічных выданнях і іншыя заслугі. На сённяшні дзень такую катэгорыю атрымаў 31 педагог.
“Напрыклад, нестандартныя метады вывучэння беларускай мовы і літаратуры прапануе навучэнцам настаўніца віцебскай гімназіі № 5 Галіна Анатольеўна Сухава. Дыскусійныя тэхналогіі актыўна выкарыстоўвае ў адукацыйным працэсе дырэктар Паплаўскага комплексу “дзіцячы сад – школа” Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці Віталь Мікалаевіч Дудко. Арыгінальныя падыходы да міжпрадметных сувязей на прыкладзе матэматыкі, інфарматыкі і працоўнага навучання можна ацаніць, наведаўшы ўрокі настаўніка Лошніцкай раённай гімназіі Барысаўскага раёна Івана Віктаравіча Якіменкі. З мінулага года значна павышаны патрабаванні да педагогаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Цяпер гэтую катэгорыю неабходна пацвярджаць кожных 5 гадоў”, — расказаў Сяргей Маскевіч.
Дарэчы, як адзначыў міністр адукацыі, у хуткім часе ў нас можа з’явіцца адукацыйны канал, дзе, акрамя праграм адукацыйнай накіраванасці, будзе трансліравацца лепшы педагагічны вопыт.