Спецыялізацыя — валанцёр

- 10:03Інфармацыйная гадзіна

22 сакавіка на базе Міністэрства адукацыі адбылося пасяджэнне падкамітэта па пытаннях арганізацыі работы валанцёраў “Аб падрыхтоўцы правядзення II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе”.

Першым вялікім вопытам у арганізацыі правядзення мерапрыемстваў міжнароднага ўзроўню для Беларусі стаў чэмпіянат свету па хакеі — 2014, дзе была высока ацэнена работа студэнтаў-валанцёраў. Зараз перад падкамітэтам стаялі задачы вывучэння і пераймання вопыту ў арганізатараў I Еўрапейскіх гульняў у Баку. На поўную ж сілу праграма павінна пачаць працаваць за год да мерапрыемства.

На сустрэчы абмяркоўвалася пытанне якаснай падрыхтоўкі стаудэнтаў-валанцёраў у сферы абслугоўвання гасцей Беларусі, а таксама іх размяшчэння. “Калі мы гаворым пра функцыянаванне студэнцкай вёскі, то ў нас павінна быць дакладнае ўяўленнне аб тым, хто за што адказвае, пачынаючы ад міністра і заканчваючы рэктарамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Кожны павінен ведаць: калі выселяцца студэнты, як стварыць камфортныя ўмовы для пражывання гасцей, арганізаваць медыцынскае абслугоўванне, харчаванне”, — заўважыў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Абмяркоўвалася таксама дабудоўка інтэрната на праспекце Дзяржынскага. Ігар Васільевіч выказаў ідэю наконт магчымага стварэння на тэрыторыі студэнцкай вёскі філіяла 33-й гарадской студэнцкай паліклінікі, дзе мог бы размясціцца своеасаблівы рэабілітацыйны цэнтр са спецыяльнымі трэнажорамі. Акрамя таго, міністр адзначыў неабходнасць узаемадзеяння паміж прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі і іншых структур — МУС, МНС, КДБ — для забеспячэння максімальнай бяспекі замежных гасцей.

Начальнік упраўлення сацыяльна-выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Марыя Саротнік агучыла, па якіх прынцыпах працавалі замежныя калегі, па якіх напрамках праводзіўся набор валанцёраў, расказала пра методыкі, згодна з якімі вялася работа са студэнтамі, а таксама пра крытэрыі іх адбору. Затым быў падведзены вынік таго, што ўжо зроблена на цяперашнім этапе падрыхтоўкі: распрацаваны праграмы навучання англійскай мове добраахвотнікаў, якія прайшлі адбор, актыўна функцыянуе база даных.

Міністр адукацыі адзначыў, што на сённяшні дзень важна спрагназаваць неабходную колькасць валанцёраў, і спытаў, што для гэтага патрэбна. Было адзначана, што ў першую чаргу неабходна ведаць расклад па відах спорту, якія будуць прадстаўлены на II Еўрапейскіх гульнях (гульнявыя віды спорту патрабуюць большай колькасці абслуговага персаналу).

Абмяркоўвалася таксама, каму са студэнтаў аддаецца перавага пры фарміраванні валанцёрскай базы. Патрабаванні да маладых людзей высокія: адбор праводзіцца з улікам як прафесійных навыкаў, так і моўнага ўзроўню. Самыя запатрабаваныя мовы — англійская, французская, іспанская, нямецкая, кітайская, італьянская.

“Пра неабходную колькасць валанцёраў і мовы можна будзе дакладна гаварыць, калі Алімпійскі камітэт дасць канкрэтную інфармацыю, — адзначыла рэктар МДЛУ Наталля Баранава. — Але нават і тады нельга будзе ўлічыць абсалютна ўсё. Трэба ў любым выпадку мець рэзерв”.

Наталля Пятроўна пераканана, што аднаго жадання стаць валанцёрам мала: па-першае, трэба мець пэўную падрыхтоўку, у тым ліку моўную. Па-другое, за студэнта павінен паручыцца нехта з кіраўніцтва ўніверсітэта. Таксама рэктар МДЛУ расказала пра распрацоўку размоўнікаў на розных мовах.

Акрамя таго, абмяркоўвалася, ці трэба задзейнічаць валанцёраў з устаноў адукацыі іншых гарадоў, як забяспечыць умовы для студэнтаў, што на час спаборніцтваў будуць жыць у студэнцкай вёсцы, як вырашыць пытанні з іх практыкай. Усё гэта будзе вырашацца з улікам інтарэсаў і міністэрства, і саміх студэнтаў, бо, на думку намесніка міністра адукацыі Сяргея Рудага, валанцёры — гэта самая вялікая арганізацыйная сіла, на якую разлічваюць арганізатары II Еўрапейскіх гульняў.

Ірына ІВАШКА.