Спланаваць будучую кар’еру

- 12:33Адукацыйная прастора

Наступным пунктам нашай вандроўкі стаў горад Шальчынінкай на ўсходзе Літвы, колькасць жыхароў якога прыкладна 6,5 тысячы чалавек. Амаль 80 працэнтаў з іх — палякі. Мы завіталі ў Шальчынінкскую гімназію імя Яна Снядэцкага — установу з польскай мовай навучання, якую ўжо 8 гадоў узначальвае дырэктар Ірэна Вольска.

“Ва ўстанове займаюцца 740 навучэнцаў, працуюць 80 супрацоўнікаў, — паведаміла Ірэна Вольска. — Паступаюць да нас дзеці ў нулявыя класы ва ўзросце ад 6 гадоў. Наступная ступень навучання для іх — пачатковая — з 1 па 4 клас. 12-ы клас з’яўляецца выпускным, які заканчваюць навучэнцы ў 18—19 гадоў. Але гэта тычыцца толькі тых, хто жадае працягваць адукацыю ва ўніверсітэтах або калегіях. Большасць гімназістаў абмяжоўваецца дзесяццю класамі, яны арыентуюцца на больш хуткае атрыманне прафесіі”.

З 2002 года ва ўстанове дзейнічае цэнтр планавання кар’еры, у якім працуе каманда спецыялістаў у наступным складзе: псіхолаг, сацыяльны педагог і кансультант па кар’еры, якая з’яўляецца настаўніцай эканомікі ў гімназіі. Асноўная мэта дзейнасці цэнтра — аказанне якасных паслуг па прафарыентацыі вучням і кансультаванне бацькоў і настаўнікаў наконт таго, як яны павінны дапамагаць дзецям у вырашэнні гэтага пытання. Спецыялісты цэнтра ажыццяўляюць таксама пошук партнёраў у раёне, краіне, за мяжой па садзейнічанні працаўладкаванню навучэнцаў. Спадарыня Алена, кансультант па кар’еры гімназіі, расказала, што ў цэнтры назапашваецца ўся неабходная інфармацыя, якая тычыцца выбару будучай прафесіі. На інтэрнэт-старонцы гімназіі выкладзены асноўныя навіны па тэме планавання кар’еры, дадзены карысныя спасылкі на крыніцы інфармацыі.

“Мы ўдзельнічалі ў вялікім прафарыентацыйным праекце, які арганізаваў Літоўскі цэнтр па нефармальнай адукацыі вучняў, — расказала Алена. — Мэта праекта — развіццё нацыянальнай сістэмы прафарыентацыі, забеспячэнне бесперапыннасці навучання з далейшым планаваннем кар’еры, а таксама роўных магчымасцей пры выбары прафесіі для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Падчас рэалізацыі гэтага праекта падрыхтавана адукацыйная праграма, разлічаная на настаўнікаў і вучняў, прызначэнне якой — садзейнічаць прафесійнай арыентацыі, а таксама праграма па навучанні і павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў па кар’еры і псіхолагаў, у якой падрабязна пазначаны іх прафесійныя кампетэнцыі. Створана інфармацыйная сістэма па маніторынгу якасці прафарыентацыйнай дзейнасці. Абноўлена адкрытая сістэма інфармавання, кансультавання пры выбары прафесіі для вучняў. У працэсе рэалізацыі праекта дзеці актыўна знаёміліся з прадстаўнікамі розных прафесій. Яны маглі наведваць арганізацыі з кароткімі пазнавальнымі візітамі (па некалькі гадзін) з мэтай пазнаёміцца з іх дзейнасцю. А маглі і на працягу аднаго-двух дзён атрымліваць практычны вопыт і парады ад прафесіяналаў сваёй справы. Планавалася задзейнічаць у нацыянальным праекце па прафарыентацыі 60 тысяч вучняў па ўсёй Літве і падпісаць 300 дагавораў аб супрацоўніцтве з прадпрыемствамі, якія былі б згодны прыняць дзяцей. У выніку ў праекце ўдзельнічалі 84 тысячы вучняў, былі падпісаны 803 дагаворы. Маёй мэтай як кансультанта па кар’еры ў гімназіі быў пошук фірм-арганізацый, з якімі неабходна было падпісаць дагаворы, размяшчэнне адпаведнай інфармацыі ў базе даных гімназіі, каб кожны настаўнік мог адшукаць патрэбныя кантакты і наладзіць супрацоўніцтва з канкрэтнымі спецыялістамі”.

Згодна з апытаннем, якое праводзілася з гімназістамі аб прафесіях, пра якія яны хацелі б даведацца, высветлілася, што іх цікавіць работа паліцэйскіх, урачоў, пагранічнікаў, работнікаў банкаў, адвакатаў. У рамках праекта дзеці пазнаёміліся не толькі з вышэйназванымі прафесіямі, але і з асаблівасцямі службы ваенных, работы інструктараў па лыжні, вытворцаў шакаладу, аўтамеханікаў, афіцыянтаў, кухараў, спецыялістаў маладзёжнага цэнтра работы, кінолагаў, работнікаў біржы працы, эканамістаў, інжынераў па будаўніцтве, выхавальнікаў дзіцячых садоў і інш. Праводзіліся таксама экскурсіі дзяцей на работу да сваіх бацькоў. Падчас рэалізацыі праекта ў гімназіі былі створаны фільмы аб прафесіях.

Наступны праект “Буду”, у якім прымала ўдзел гімназія, ініцыіраваў банк (Swedbank). Была створана электронная сістэма, у якой маглі рэгістравацца і настаўнікі, і спецыялісты, якія гатовы былі запрасіць школьнікаў наведаць свае працоўныя месцы.

“Чаму сучасныя дзеці не цікавяцца прафесіяй настаўніка і не жадаюць паступаць у педагагічныя ўстановы? — разважае дырэктар школы. — Адна з прычын у тым, што патрабаванні да педагогаў прад’яўляюцца высокія, а заробкі ў іх невялікія. На жаль, у нас пакуль не склалася сістэма, якая дазволіла б адбіраць у педуніверсітэты самых лепшых. Каб туды пайшлі вучыцца лепшыя, неабходна стварыць спрыяльныя ўмовы. У Літве спрабуюць некалькі варыянтаў вырашэння праблемы. Адзін з іх — замацаваць студэнтаў за рэгіёнам, які фінансуе іх навучанне. Мне асабіста такі варыянт не вельмі падабаецца, лічу, што ў студэнтаў павінен заставацца выбар. У нашу гімназію я адбіраю настаўнікаў на конкурснай аснове. Для гэтага ствараецца камісія, у склад якой уваходзяць дырэктар школы, педагог, вучань і прадстаўнік ад бацькоў. Маё слова самае важкае. Бывае так, што на адно месца прэтэндуюць па 10—12 чалавек. А бывае, што і ніхто не прыходзіць. Асаблівую патрэбу мы адчуваем у настаўніках англійскай мовы”.

Гімназія ў Шальчынінкаі адна з 10 адукацыйных літоўскіх устаноў, якія ўдзельнічалі ў праекце “Сацыяльны бізнес”. Дзеці разважалі аб сацыяльных праблемах, якія патрабуюць вырашэння: недахопе талерантнасці, насіллі, выкарыстанні шкодных рэчываў. Абмеркаванне супала са штогадовым тыднем без насілля, які арганізуецца ў кожнай школе Літвы. Дзеці прапанавалі, каб усе ў гімназіі хадзілі з банцікамі (як у ката Леапольда). А паколькі размова ішла аб сацыяльным бізнесе, вырашылі пашыць іх на продаж. І пашылі — больш за 500 банцікаў! Акрамя таго, для дзяцей і педагогаў заказалі майкі зялёнага колеру з надпісам “Без насілля”. Такім чынам яны падтрымалі акцыю.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.