“Спрабуйма!”

- 11:34Інфармацыйная гадзіна

Выкладчыкі БДУ і Цукубскага ўніверсітэта (Японія) выпусцілі кнігу “Спрабуйма!” для вывучэння беларускай мовы японцамі, паведамілі ў прэс-службе Белдзяржуніверсітэта.

Гэта практычны дапаможнік пачатковага курса беларускай мовы ў Японіі, лаканічная назва якога замяняе “Давайце паспрабуем вывучыць асновы беларускай мовы разам!”.

Аўтарамі дапаможніка сталі дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы філалагічнага факультэта БДУ Таццяна Рамза і аспірантка Цукубскага ўніверсітэта Сіёры Кіясава, якая праходзіла стажыроўку ў 2012 годзе на філалагічным факультэце БДУ з мэтай вывучэння беларускай мовы. У 2015 годзе яна выкладала беларускую мову ў сябе ва ўніверсітэце, дзе апрабавала вучэбны матэрыял.

Ініцыятарам выдання кнігі і яе навуковым рэдактарам стаў прафесар Цукубскага ўніверсітэта Тасінобу Усуяма. У прадмове ён адзначае: “Шчыра спадзяюся, што выданне гэтага падручніка будзе садзейнічаць пашырэнню цікавасці да мовы, культуры, грамадства, гісторыі Беларусі не толькі сярод студэнтаў нашага ўніверсітэта, але і наогул сярод японцаў. Таксама лічу, што падручнік будзе садзейнічаць далейшаму развіццю дружалюбных адносін паміж Японіяй і Беларуссю”.

Са з’яўленнем кнігі пачатковы курс па беларускай мове японцы змогуць асвоіць нават самастойна. Да выдання рыхтуецца другая частка кнігі. Плануецца, што яна будзе выдадзена да канца навучальнага года.

Выхад кнігі “Спрабуйма!” стаў адным з вынікаў рэалізацыі Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж БДУ і Цукубскім універсітэтам, якое падпісана ў 2012 годзе.