Пачатак новага года адметны тым, што зараз ідзе трэці этап конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Артыкул напісаны для ўдзельнікаў гэтага конкурсу, а таксама для намеснікаў дырэктараў устаноў адукацыі і метадыстаў, якія выступаюць у ролі кансультантаў для канкурсантаў.
Адразу адзначым, што рашэнне прыняць удзел у конкурсе — гэта важны крок для настаўніка, які можа стаць зыходным пунктам, стартам для новага этапу ў яго прафесійнай дзейнасці. Менавіта пасля конкурсу і дзякуючы яму настаўнікі паспяхова робяць кар’еру: гарызантальную (істотна павышаюць свой прафесіяналізм, становяцца настаўнікамі-метадыстамі, абараняюць дысертацыі) або вертыкальную (займаюць пасады дырэктараў школ, гімназій і ліцэяў, іх намеснікаў; кіраўнікоў, метадыстаў і выкладчыкаў ІРА; супрацоўнікаў уладных структур).
Найважнейшым кампанентам конкурсных выпрабаванняў з’яўляецца ўрок. У артыкуле спачатку разглядаюцца паняцці яго эфектыўнасці і эфектнасці, а потым — спецыфіка кампанентаў сістэмы “конкурсны ўрок”, даюцца парады, якія, спадзяёмся, дапамогуць канкурсантам паспяхова праявіць сябе.
Эфектыўны ўрок — значыць такі, на якім забяспечваецца дасягненне мэты (чаканых вынікаў), даецца максімальна магчымы ў прапанаваных умовах адукацыйны вынік. Бясспрэчна, урок павінен быць эфектыўным. Такімі ж павінны быць і кіраўніцкая дзейнасць настаўніка, і пазнавальная дзейнасць вучняў. Эфектыўным павінен быць і час урока: ЭЧУ = х/45, дзе х (час прадукцыйнай працы вучняў) павінен імкнуцца да 45. Эфектыўны ўрок характарызуецца, акрамя актыўнай работы вучняў, выніковасцю, сістэмнасцю, спрыяльным для навучання асяроддзем і моцнай зваротнай сувяззю.
Эфектны ўрок — відовішчны, які стварае моцнае ўражанне. Усім зразумела, што калі ўрок пабудованы на ўражальных эфектах (прыёмах, сітуацыях) і на іх правядзенне траціцца значны час, то эфектыўнасць дзейнасці настаўніка і вучняў будзе зніжацца. Як зразумела і тое, што многія яркія прыдумкі настаўніка спрыяюць павышэнню ў вучняў пазнавальнай матывацыі. У выпадку конкурснага ўрока такога настаўніка заўва-
жаюць, бо ён праяўляе творчую індывідуальнасць, без чаго нельга перамагчы ў конкурсе. Таму перад канкурсантам стаіць складаная задача — знайсці баланс паміж эфектыўнасцю і эфектнасцю. Менавіта ва ўменні знайсці гэты баланс будзе праяўляцца ваш прафесіяналізм.
Урок уяўляе сабой дзейнасную сістэму, якая, акрамя дзейнасці настаўніка і вучняў, уключае мэтавы кампанент, змест, працэс навучання, кантролю і ацэнкі, які рэалізуецца выбранымі настаўнікам формамі, метадамі і сродкамі навучання. Вельмі важна тое, што гэтыя кампаненты ў эфектыўным уроку знаходзяцца ва ўзаемасувязі і ўзаемнай залежнасці. Напрыклад, выбар сродкаў навучання залежыць і ад мэты, і ад зместу, і ад таго, ці ўмеюць вучні працаваць з гэтым сродкам.
Разгледзім спецыфіку названых кампанентаў на конкурсным уроку праз рэальныя сітуацыі.
Чытайце парады прафесара кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА Мікалая ЗАПРУДСКАГА ў нумары ад 10 студзеня 2023 года.