Спрашчэнне ўмоў для вядзення бізнесу паспрыяе разняволенню дзелавой ініцыятывы

- 10:33Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі праведзена маштабная работа па аптымізацыі рэгулятарных патрабаванняў да прадпрымальніцкай дзейнасці, заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў “Аб выніках работы па спрашчэнні ўмоў для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці і выключэння залішніх патрабаванняў, што прад’яўляюцца да бізнесу”.

Прэм’ер-міністр нагадаў, што кіраўнік дзяржавы ў студзені бягучага года даў даручэнне аб зняцці бар’ераў для бізнесу, замацаванні на ўзроўні нарматыўных прававых актаў прэзідэнта патрабаванняў, якія з’яўляюцца мінімальна дастатковымі для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. Для вырашэння гэтай задачы была створана рабочая група пад кіраўніцтвам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.

“За паўгода праведзена маштабная і сістэмная работа па вызначэнні падыходаў да аптымізацыі рэгулятарных патрабаванняў да ажыццяўлення прадпрымальніцкай і кантрольнай дзейнасці. Вынікам гэтай работы стаў цэлы комплекс праектаў заканадаўчых актаў, накіраваных на разняволенне дзелавой ініцыятывы ў самых розных сферах”, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Размова ідзе аб праектах рашэнняў прэзідэнта аб развіцці прадпрымальніцтва і выключэнні залішніх патрабаванняў, што прад’яўляюцца да бізнесу; аб скарачэнні ліцэнзуемых відаў дзейнасці і іх складнікаў; аб стварэнні спрыяльных умоў для развіцця гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання насельніцтва; аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці; аб увядзенні механізма падатковага кансультавання; аб дадатковых мерах па стымуляванні развіцця асобных відаў прадпрымальніцкай дзейнасці. Напрыклад, такіх як аграэкатурызм і рамесная дзейнасць.

Паводле слоў прэм’ер-міністра, ключавым з гэтых дакументаў з’яўляецца праект дэкрэта “Аб развіцці прадпрымальніцтва і выключэнні залішніх патрабаванняў, што прад’яўляюцца да бізнесу”, які прадугледжвае кардынальнае змяненне механізмаў узаемадзеяння дзяржавы і бізнесу. “Асноўная задача праекта дэкрэта — пакінуць мінімальна неабходны набор рэгулюючых норм прамога дзеяння, астатнія нормы будуць мець рэкамендацыйны характар і выступаць выключна як арыенцір для бізнесу”, — растлумачыў ён.

Андрэй Кабякоў расказаў, што прадугледжана істотнае скарачэнне абавязковых прадпісанняў у сферы санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, аховы навакольнага асяроддзя, ветэрынарыі і іншых сферах, максімальнае скасаванне адміністрацыйных бар’ераў, звязаных з наяўнасцю складаных і працяглых працэдур атрымання даведак, узгадненняў і іншых відаў дазвольнай дакументацыі.

У праект дэкрэта закладзены такія падыходы, як, напрыклад, паведамляльны парадак ажыццяўлення найбольш распаўсюджаных відаў эканамічнай дзейнасці. У гэты пералік уключаны бытавыя, турыстычныя, сацыяльныя паслугі, дзейнасць у сферы гандлю і грамадскага харчавання, перавозак пасажыраў і багажу (у нерэгулярных перавозках), вытворчасць сельгаспрадукцыі, будматэрыялаў і іншыя распаўсюджаныя віды дзейнасці.

“Паводле даных Міністэрства эканомікі, менавіта ў гэтых сферах сканцэнтравана каля 95 працэнтаў дробнага і сярэдняга бізнесу. Для займання гэтымі відамі дзейнасці дастаткова будзе падаць адзінае паведамленне ў выканкам праз службу “Адно акно” або з дапамогай адзінага партала электронных паслуг. Ужо на наступны дзень асоба будзе мець права ажыццяўляць заяўлены від эканамічнай дзейнасці”, — расказаў кіраўнік урада.
Прапануецца вызначыць агульныя патрабаванні пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні і ў галіне аховы навакольнага асяроддзя да размяшчэння, уладкавання, абсталявання і ўтрымання капітальных збудаванняў.

Максімальна ўстараняюцца адміністрацыйныя бар’еры, звязаныя з наяўнасцю складаных і працяглых працэдур атрымання даведак, узгадненняў і іншых відаў дазвольнай дакументацыі. Напрыклад, у сферы транспартнай дзейнасці прапануецца адмовіцца ад афармлення дарожных лістоў пры выкананні аўтамабільных перавозак (за выключэннем тых, якія ажыццяўляюцца ў рэгулярных перавозках).

У будаўнічай сферы значна спрашчаецца парадак уводу ў эксплуатацыю аб’ектаў.

Нарэшце, дакументам прапануецца ўстанаўленне на перыяд з 2018 па 2020 год мараторыя на ўвядзенне новых падаткаў і павышэнне падатковых ставак.

“У цэлым праект дэкрэта прызначаны мінімізаваць умяшанне дзяржавы ў дзейнасць суб’ектаў гаспадарання. Але хачу асабліва падкрэсліць, што там, дзе дзяржава дае больш свабоды бізнесу, сам прадпрымальнік павінен узяць на сябе адказнасць за якасць і бяспеку вырабленага тавару або аказанай паслугі”, — рэзюмаваў прэм’ер-міністр.

Таксама на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна абмяркоўваўся праект указа аб скарачэнні ліцэнзуемых відаў дзейнасці і іх складнікаў. Распрацоўшчыкамі прапанавана істотна скараціць пералік ліцэнзуемых відаў дзейнасці.

Акрамя таго, быў абмеркаваны праект указа аб стварэнні спрыяльных умоў для развіцця гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання насельніцтва, распрацаваны Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Гэты праект змяшчае навацыі ў сферы арганізацыі рознічнага гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання ў населеных пунктах з колькасцю да 20 тысяч чалавек. “Што тычыцца падатковага кансультавання, то ў распрацоўшчыкаў ёсць поўнае разуменне неабходнасці ўвядзення такога інстытута ў Беларусі, асабліва для мэт развіцця малога бізнесу, які з-за сваёй спецыфікі часта мае вострую патрэбу ў дадатковым прафесійным кансультаванні для абароны сваіх інтарэсаў”, — заявіў кіраўнік урада.