Справа гонару

- 10:02Адукацыйная прастора

Абласны этап Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017” завяршыўся на Віцебшчыне.

З 6 па 17 лютага ў абласным інстытуце развіцця адукацыі праводзіўся першы завочны тур конкурсу. У аргкамітэт паступіла 133 заяўкі з усіх раёнаў (гарадоў) Віцебскай вобласці ў 8 прадметных намінацыях; 42 удзельнікі прайшлі ў паўфінал. У другім вочным туры, што адбыўся з 20 па 24 лютага і з 27 лютага па 3 сакавіка, канкурсанты выпрабоўвалі сілы ў прадметным тэсціраванні і правядзенні майстар-класа і адкрытага ўрока ў незнаёмым класе (групе). У фінал выйшлі 24 удзельнікі з 11 рэгіёнаў, пяцёра з якіх прадставілі Полацкі раён і чацвёра — Наваполацк.

— Мы дзейнічаем адзінай камандай — педагогі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, метадычныя службы. Перамога — плён калектыўнай работы, — адзначыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірына Драздова. — Падрыхтоўцы, удзелу і правядзенню конкурсу на працягу многіх гадоў на Полаччыне ўдзяляецца прыярытэтная ўвага. Кожная ўстанова прапануе свайго ўдзельніка; калі мы выбіраем пераможцу — гэта вялікае рэгіянальнае свята. Конкурс важны і патрэбны якраз таму, што не толькі садзейнічае павышэнню прафесійнага ўзроўню педагогаў, але і аб’ядноўвае калектывы, выяўляе і збірае разам аднадумцаў. Сёння мы радуемся дасягненням сваіх настаўнікаў. Спадзяёмся на далейшы поспех, верым у іх шчаслівую зорку і разумеем: каб дастойна выступіць у заключным этапе, трэба яшчэ многа працаваць.

З 20 сакавіка ў актавай зале абласнога інстытута развіцця адукацыі пачаліся фінальныя мерапрыемствы конкурсу: “Творчае самапрадстаўленне ўдзельнікаў”, “Псіхолага-педагагічнае тэсціраванне”, “Міні-ўрок (заняткі)”. Раскрыць прафесійны патэнцыял, педагагічнае майстэрства і асабістыя таленты канкурсантам дапамагалі калектывы ВДУ імя П.М.Машэрава, Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, гімназій №№ 1, 2, 3, 7 і 8, сярэдніх школ №№ 6 і 45, ясляў-садоў №№ 7 і 99 абласнога цэнтра. Вынікі ацэньвала журы, у рабоце якога на розных этапах конкурсу прынялі ўдзел 59 чалавек. На працягу чатырох дзён фіналісты настойліва рухаліся да пераможных вяршынь; 16 лідараў працягнулі барацьбу ў суперфінале, дзе прадставілі “Публічную абарону вопыту (сістэмы) педагагічнай дзейнасці”.

— Удзельнічаю ў абласным этапе конкурсу ўпершыню, але да таго ў мяне ўжо быў пэўны вопыт выступлення на гарадскім этапе ў 2009 годзе, работы ў групе падтрымкі фіналіста конкурсу ў 2014 годзе, — расказала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка Святлана Румянцава. — Я з настаўніцкай сям’і. Мая матуля і сёстры — настаўніцы, дачка выбрала педагагічную спецыяльнасць і зараз студэнтка 4 курса. Хочацца, каб для яе маё выступленне было прыкладам, пацвярджэннем: у рабоце, прафесійным развіцці ніколі нельга спыняцца. Як настаўнік-метадыст лічу, што ўдзел у конкурсе прафесійнага майстэрства — гэта найперш вопыт і развіццё.

24 сакавіка адбылося ўрачыстае закрыццё трэцяга (абласнога) этапу конкурсу і ўзнагароджанне ўдзельнікаў, лаўрэатаў і пераможцаў. Дыпломамі лаўрэатаў-удзельнікаў фіналу конкурсу адзначаны настаўніца нямецкай мовы Зелянкоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Т.С.Марыненка Полацкага раёна Аліна Стальмачонак, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Верхнядзвінскай гімназіі Аляксей Калесніковіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай Полацка Вольга Кулінок, выхавальніца дашкольнай адукацыі Кіраўскага ясляў-сада Віцебскага раёна Алена Стражко, настаўніца пачатковых класаў Далжанскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Наталля Мурга, настаўніца грамадазнаўства Суйкаўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Святлана Антаненка, настаўнік фізікі сярэдняй школы № 14 Оршы Вадзім Пабойнеў і настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 1 Лёзна Таццяна Паўлава. Дыпломамі лаўрэатаў—удзельнікаў суперфіналу ўзнагароджаны настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Верхнядзвінска Наталля Маладзечкіна, настаўніца музыкі сярэдняй школы № 12 Наваполацка Вольга Воўчанка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 6 Оршы Алена Хацьянава, выхавальніца дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 3 Докшыц Людміла Лукашэвіч, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Віцебска Святлана Горбава, настаўнік гісторыі Глыбачанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Б.І.Юркіна Ушацкага раёна Уладзімір Хамёнак, настаўніца матэматыкі гімназіі № 1 Наваполацка Юлія Бышавец і настаўніца біялогіі Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Наталля Салавей. Пераможцамі трэцяга этапу конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017” на Віцебшчыне ў прадметных намінацыях сталі: “Выхавальнік дашкольнай адукацыі” — выхавальніца Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Полацка Вольга Высоцкая, “Пачатковыя класы” — настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Наваполацка Аксана Бараўкова, “Музыка. Фізічная культура” — настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 16 Полацка Святлана Рыбачонак, “Руская мова і літаратура. Беларуская мова і літаратура” — настаўніца беларускай мовы і літаратуры баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка Святлана Румянцава, “Замежная мова” — настаўніца англійскай мовы Браслаўскай гімназіі Вольга Лукша, “Гісторыя. Грамадазнаўства” — настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 3 Оршы Андрэй Іваноў, “Хімія. Біялогія” — настаўніца біялогіі гімназіі № 5 Віцебска Марына Юр’ева і “Фізіка. Матэматыка” — настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 31 Віцебска Наталля Шчаглова.

— Удзел у конкурсе — заўсёды пэўны жыццёвы этап, новая вяршыня, якую ўдалося пакарыць, — падзяліўся ўражаннямі Андрэй Іваноў. — Ці хачу азірнуцца? Хутчэй не: калі мы глядзім з вышыні ўніз, можа закружыцца галава. Лепш глядзець наверх, на новую вяршыню. Шлях да перамогі быў няпросты, і сёння мне хочацца сказаць словы ўдзячнасці ўсім, хто мяне падтрымліваў. Зразумела, што ў спаборніцтве павінен вызначыцца пераможца, але мы адчувалі сябе добрымі таварышамі і калегамі, якія робяць агульную справу.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.