Справядліва, аб’ектыўна, надзейна

- 15:06Планёрка ў рэгіёне, Суразмоўца

Цэнтралізаванае тэсціраванне ў нашай краіне праводзіцца з 2004 года. Увесь гэты час яно развівалася, мянялася, ледзь не штогод былі новаўвядзенні. І хоць сёлета нічога істотна не зменіцца ў правядзенні ЦТ і яго заданнях, усё ж будуць новыя нюансы. Пагаворым пра іх з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрыем Міксюком.

— Юрый Іванавіч, у пачатку года стала вядома, што павялічыцца час на праходжанне заданняў ЦТ па матэматыцы і фізіцы. Раскажыце, калі ласка, з чым гэта звязана.

— Таймінг тэсціравання па гэтых прадметах цяпер будзе складаць 210 мінут замест ранейшых 180. Разам з экспертнай супольнасцю мы правялі маніторынг і аналіз, якія паказалі, што заданні па матэматыцы і фізіцы часта маюць шматварыятыў­насць рашэння. І каб абітурыенты, якія маюць веды, але выбіраюць не самы аптымальны шлях рашэння, мелі магчымасць дарашаць заданні, мы павялічылі час. Такое рашэнне далося няпроста, але яно было прынята ў інтарэсах дзяцей. Хоць мы і разумеем, што, наколькі б мы ні павялічылі час, заўсёды знойдуцца незадаволеныя ім.

— Ці стануць тэсты па фізіцы і матэматыцы больш складанымі? І ці прый­дзецца абітурыентам асобна, больш паглыблена, рыхтавацца да іх або ім хопіць базавых ведаў?

— Адразу адзначу, што тэсты ні па гэтых, ні па іншых прадметах не ста­нуць больш складанымі. Базавых ведаў па вучэбных прадметах дастаткова для таго, каб рашыць усе задачы ў тэсце. Ніякіх спецыяльных патрабаванняў па-за школьнай праграмай і падручнікам не прад’яўляецца. Многія абітурыенты з глыбінкі, якія самастойна рыхтуюцца да ЦТ без дапамогі рэпетытараў, удала здаюць тэсты і нават дасягаюць абсалютных вынікаў.

— А ці плануюцца сёлета якія-небудзь змяненні ў структуры тэстаў? 

— Не плануюцца. Калі мы гаворым, што ў спецыфікацыі з’яўляюцца новыя тэмы, то гэта адбываецца перыядычна па ўсіх прадметах, асабліва калі ідзе абнаўленне пад­ручнікаў і школьнай праграмы. Але гэта заўсёды вельмі нязначныя змяненні, якія патрабуюць ведаў базавага ўзроўню. Што ж тычыцца структуры тэста, то змяненні ў ёй адбыліся ў мінулым годзе. Адразу павінен сказаць, што тэсты ад гэтага не сталі больш складанымі, бо агульны памер тэста не толькі не павялічыўся, а нават зменшыўся, бо частку А скарацілі, а частку Б крыху пашырылі. Гэта было зроблена для таго, каб абараніць веды і вынікі добрасумленных абітурыентаў і выключыць выпадковы выбар правільнага адказу. Сёлета аніякіх дадатковых змяненняў у структуры не будзе. 

У ЦТ па матэматыцы вернуцца такія тэмы, як “Вытворныя” і “Бясконца ўбываючыя геаметрычныя прагрэсіі”. Тэсты па фізіцы дапоўняцца тэмамі “Статыка”, “Пераменны ток”, “Дэфект мас ядра атама”, “Энергія сувязі ядра атама” і “Сферычныя люстэркі”.

Каб даказаць, што тэсты не сталі больш складанымі, мы можам параўнаць вынікі ЦТ 2020 і 2021 гадоў, і калі гаварыць пра стабальнікаў, то ў 2021 годзе іх было 353 чалавекі ў 403 выпадках па 13 вучэбных прадметах. Калі паглядзець на 2020 год, то іх было менш — 323 удзельнікі тэсціравання ў 338 выпадках па 12 вучэбных прадметах. Акрамя таго, у 2021 годзе больш абітурыентаў паказалі абсалютны вынік па двух вучэбных прадметах — іх аказалася 25, а ў 2020 годзе такіх было толькі 15. І ў цэлым аналіз вынікаў паказвае, што тэст больш складаным не стаў. Стаіць задача стварыць умовы для таго, каб абітурыенты паказалі свае веды, каб яны былі ўлічаны і ацэнены.     

— Хто і як фарміруе заданні для тэстаў?

— У банку па кожным прадмеце захоўваецца да некалькіх дзясяткаў тысяч тэставых заданняў. Працэс фарміравання базы з заданнямі дастаткова працяглы і складаны, ён ніколі не спыняецца, і ў дэталях апісваць яго не тое што складана, а немэтазгодна з пункту гледжання інфармацыйнай бяспекі. Аднак работа вядзецца на працягу ўсяго года, над тэстамі працуе аўтарскі калектыў, у склад якога ўвахо­дзяць вопытныя педагогі і аўтары падручнікаў. Пасля стварэння пэўных заданняў праводзіцца работа з удзелам экспертаў — кваліфікаваных настаўнікаў-прадметнікаў, якія вывучаюць, наколькі прадстаўленыя заданні адпавядаюць школьнай праграме і падручнікам, наколькі яны карэктныя і адназначныя ў інтэрпрэтацыі. Ра­зам з імі працуе і метадыст РІКВ, які ўносіць карэктывы. Пасля такой карпатлівай працы заданне шыфруецца ўнікальным шматзначным ідэнтыфікацыйным кодам, які адлюстроўвае ўзровень яго складанасці, тып задання, раздзел вучэбнага прадмета. І толькі потым заданне трапляе ў банк даных. Калі яно з’явіцца ў тэсце, сказаць немагчыма, бо банк дастаткова вялікі і выбарка тэста і яго камплектацыі заданняў адбываецца выпадкова, калі камп’ютар генерыруе заданні і стварае шмат варыянтаў тэстаў. Дарэчы, пасля такой апрацоўкі, дапрацоўкі і карэкцыі аўтар можа і не паз­наць свайго задання, і такім чынам гарантуецца інфармацыйная бяспека. 

Заданняў ЦТ у свабодным доступе няма і быць не можа да моманту яго праходжання.

— Ці існуе верагоднасць таго, што не­хта можа загадзя даведацца пра заданні ЦТ?

— Варта нагадаць, што выбарка тэста адбываецца напярэдадні ЦТ, і калі гава­рыць пра інфармацыйную бяспеку, то ў нашай краіне ўсе рызыкі зведзены да мінімуму. Так, адзін, максімум два чалавекі (метадысты РІКВ) у рэспубліцы ведаюць, што за тэст атрымаюць абітурыенты. Але працуюць яны ў спецыяльных памяшканнях з уключанымі камерамі, іх камп’ютары не маюць выхаду ў інтэрнэт і падключэння да лакальнай сеткі, таксама метадыстам нельга карыстацца мабільнымі тэлефонамі. У такіх умовах адбываецца тыражаванне і раскладка тэстаў па пакетах-сек’юрыці аднаразовага выкарыстання: аб спробе іх несанкцыянаванага раскрыцця будзе сведчыць яркі арнамент. Такім чынам мы пазбягаем нават мінімальнай рызыкі ўцечкі інфармацыі. І хочацца папярэдзіць усіх: калі раптам з’яўляецца інфармацыя, быццам нехта мае тэставыя заданні, не вядзіцеся на такую правакацыю. Гэта, як правіла, ашуканцы спрабуюць падмануць абітурыентаў і зарабіць на іх. Аднак, паверце, заданняў ЦТ у свабодным доступе няма і быць не можа да моманту яго праходжання.

Да таго ж і патрабаванні да дастаўкі пакетаў з тэстамі таксама вельмі жорсткія, бо дастаўляюцца яны спецыяльнай фельд’-
егерскай службай — кур’ерамі, якія прывозяць найважнейшыя дзяржаўныя дакументы. Перадаюцца пакеты толькі асобам, якія дапушчаны да гэтай справы. Яны захоўваюць іх і адкрываюць толькі ў час самога ЦТ у прысутнасці абітурыентаў. Потым жорсткі кантроль працягваецца, каб забяспечыць справядлівасць і празры­стасць усёй працэдуры правядзення ЦТ. Затым усе матэрыялы збіраюцца і дастаўляюцца ў РІКВ, дзе адбываецца камп’ютарная апрацоўка бланкаў.    

— Давайце нагадаем, калі традыцыйна адбываецца рэпетыцыйнае тэсціраванне.

— РТ праходзіць у тры этапы: першы —  у кастрычніку —  снежні, другі — у сту­дзені — лютым, і трэці — у сакавіку — красавіку. Кожны этап праводзіцца па сваіх тэстах, якія не паўтараюцца. Тэсты распрацоўваюцца на аснове спецыфікацыі, а значыць, яны набліжаны да ЦТ і па структуры, і па ахопе тэматыкі прадмета. РТ дазваляе абітурыенту своечасова вызначыць прабелы ў сваіх ведах, а таксама пазнаёміцца са структурай тэста і тэхналогіяй работы, каб у час самога ЦТ чалавек мог цалкам засяродзіцца выключна на заданнях і добра паказаць свае веды.

Бланкавае РТ, якое праводзіцца ў пунктах тэсціравання ў аўдыторыях з выкананнем усіх правіл і тэхналогій, дапамагае выпускнікам псіхалагічна падрыхтавацца да ЦТ. Ёсць у нас і анлайн-тэсціраванне, якое актуальна ў час пандэміі або ў выпадку, калі абітурыент адсутнічае ў краіне і не можа прайсці РТ. Аднак праходзіць яго мае сэнс толькі тады, калі школьнік добрасумленны і сапраўды хоча высветліць узровень сваіх ведаў, а таму будзе выконваць усе патрабаванні, якія прад’яўляюцца. Таксама мы праводзім і дыстанцыйнае РТ, раз на год абнаўляюцца тэсты па 15 вучэбных прадметах. Яно размешчана на сайце РІКВ, цалкам бясплатнае і дазваляе любому абітурыенту пазнаёміцца з тэстамі і тэхналогіяй работы і, паўтаруся, вызначыць свае прабелы. 

Базавых ведаў па вучэбным прадмеце дастаткова для таго, каб рашыць усе задачы ў тэсце.

— А кім і як правяраюцца тэставыя бланкі з адказамі? 

— Калі тэсты вяртаюцца да нас, мы іх сканіруем і далей апрацоўкай электронных копій займаецца выключна камп’ютар. Пры гэтым адбываецца раздзяленне часткі рэгістрацыі і часткі адказаў, таму тыя, хто працуе з гэтымі электроннымі версіямі, не бачаць, чый гэта тэст. Між іншым, перад камп’ютарнай апрацоўкай праводзіцца верыфікацыя — кантроль таго, наколькі камп’ютар усё правільна распазнаў. Калі ўзнікаюць спрэчныя сітуацыі, напрыклад, незразумела, што напісана — 3 або 5, і нашы памочнікі не могуць распазнаць, якая гэта лічба, то перавага аддаецца таму, як вызначыў камп’ютар. Таму заклік да абітурыентаў — дапамагайце сабе атрымаць добры вынік, правільна і акуратна афармляючы бланкі гелевай ручкай.

— Юрый Іванавіч, якія парушэнні часцей за ўсё адбываюцца на ЦТ? 

— Парушэнні ў асноўным здараюцца ў час правядзення цэнтралізаванага тэсціравання. Самае распаўсюджанае — выкарыстанне розных гаджэтаў і мабільных тэлефонаў — сродкаў прыёму, перадачы і захоўвання інфармацыі. Таксама забараняецца абменьвацца заданнямі тэстаў, карыстацца шпаргалкамі, працаваць пасля завяршэння адведзенага часу і г.д. Праўда, з кожным годам парушэнняў становіцца ўсё менш. Так, у 2020 годзе іх было 13, а ў
2021-м — 11. 

— Сёлетнія абітурыенты будуць здаваць тэсты ў прывычным фармаце. А вось у наступным годзе ім давядзецца вытрымаць выпускны цэнтралізаваны экзамен. Яго распрацоўкай таксама займаецца РІКВ?

— Так. Тэхналогія правядзення гэтага экзамену будзе такой жа, як і ЦТ. Заданні не будуць выходзіць за межы базавага ўзроўню ведаў па прадмеце, і яны таксама бу­дуць выбірацца з таго ж банка заданняў. 

— І ў заключэнне, чаго б вы пажадалі абітурыентам?

— Спакойна рыхтавацца да тэсціравання. Нашы тэсты не выходзяць за межы вучэбнай праграмы, таму, канечне, лягчэй за ўсё будзе тым абітурыентам, якія добрасумленна вучыліся на працягу школьных гадоў. Але і ў тых, у каго ёсць нейкія прабелы ў ведах, дастаткова магчымасцей у наш час, каб іх запоўніць. Трэба толькі правільна арганізаваць падрыхтоўку, прычым, як паказвае вопыт, гэта можна добра зра­біць і самастойна: азнаёміцца з інфарма­цыяй па ЦТ, якую прадастаўляе РІКВ, прайсці РТ, паглядзець тэсты мінулых гадоў, але галоўнае — трэба ведаць школьную праграму. Таксама раю напярэдадні тэсціравання выспацца, адпачыць і не перагружаць сябе паўтарэннямі, каб раніцай была ясная галава.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
antonenkava@nastgaz.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.