Спрэчкі па выкарыстанні СМІ будзе вырашаць спецыяльны савет пры ЦВК

- 10:59Інфармацыйная гадзіна

Пры ЦВК Беларусі на мясцовых выбарах створаны грамадска-кансультатыўны савет па разглядзе спрэчак, звязаных з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі.

Як адзначыла на пасяджэнні ЦВК сакратар Цэнтрвыбаркама Алена Дмухайла, такі орган упершыню быў створаны яшчэ пры правядзенні парламенцкіх выбараў у 2000 годзе і ў папярэднія гады называўся па-рознаму. “На гэты раз вырашана, што назва такога савета павінна адпавядаць яго кампетэнцыі на мясцовых выбарах. Больш правільна будзе назваць яго грамадска-кансультатыўным саветам па разглядзе спрэчак, звязаных з выкарыстаннем СМІ, пры правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання”, — расказала яна.

На пасяджэнні зацверджаны і персанальны склад гэтага савета. Узначаліць яго першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі. У склад савета таксама ўвойдуць спецыялісты ў галіне рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасці і СМІ — тых, якія рэкамендаваны Міністэрствам інфармацыі і грамадскімі аб’яднаннямі журналістаў. Гэта намеснік старшыні ГА “Беларускі саюз журналістаў” Сяргей Сверкуноў, генеральны дырэктар УП “Агенцтва “Мінск-Навіны” Кацярына Дубінская, старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец, галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антон Васюкевіч, першы намеснік генеральнага дырэктара РУП “БелТА” Аксана Кірыльчык, а таксама першы намеснік галоўнага рэдактара газеты “Советская Белоруссия” Міхаіл Лябедзік.

У адпаведнасці з Палажэннем аб савеце, ён будзе збірацца ў тых выпадках, калі ў адрас Цэнтральнай камісіі або непасрэдна самога савета будуць паступаць скаргі кандыдатаў або звароты выбаршчыкаў, звязаныя з выкарыстаннем СМІ.

Як паведамлялася, 10 снежня ў Беларусі стартавала вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў 28-га склікання. Гэты перыяд прадоўжыцца па 8 студзеня 2018 года ўключна. Вылучацца на мясцовых выбарах можна трыма традыцыйнымі спосабамі — шляхам збору подпісаў, ад палітычных партый і ад працоўных калектываў. Грамадзянін мае права вылучацца па адной з выбарчых акруг у мясцовы Савет кожнага тэрытарыяльнага ўзроўню (у абласны, раённы і сельскі).

Мясцовыя выбары пройдуць у Беларусі 18 лютага, будзе размеркавана крыху больш як 18 тысяч мандатаў.