Спяванне — сродак аздараўлення

- 9:12Педагагічная майстэрня
фота з сайта www.polit.ru

Штодзень у школу з надзеяй, радасцю і цікавасцю прыходзяць дзеці — нашы навучэнцы. Кожнага з іх чакае захапляючы, насычаны, часам напружаны вучэбны дзень: адказы ля дошкі, кантрольныя работы, удзел у даследчых і творчых праектах. Усё гэта патрабуе многа сіл і энергіі. Перад установай адукацыі стаіць актуальная задача: укараненне здароўезберагальных тэхналогій у адукацыйны працэс. Паколькі асноўнай формай арганізацыі навучання з’яўляюцца заняткі, то вялікая роля ў забеспячэнні ўмоў для захавання і ўмацавання фізічнага і псіхалагічнага здароўя навучэнцаў належыць менавіта настаўніку.

Я працую настаўніцай музыкі 30 гадоў. Настаўнік музыкі — гэта пасрэднік паміж дзецьмі і светам музычных гукаў. Па маім глыбокім перакананні, музыка створана прыродай для паўнавартаснага гарманічнага развіцця чалавека — духоўнага, інтэлектуальнага, фізічнага; спасціжэння ім навакольнага свету і сябе ў гэтым свеце. У музыцы ёсць усё: эмоцыі, энергія, гармонія, прыгажосць і здароўе. Яе ўплыў на здароўе чалавека бясспрэчны. Пра яе дабратворнае ўздзеянне ведалі яшчэ ў глыбокай старажытнасці. У.М.Бехцераў гаварыў пра велізарнае значэнне музыкі ў эстэтычным выхаванні дзіцяці з першых дзён яго жыцця, падкрэсліваючы таксама яе лячэбнае і гігіенічнае значэнне.

За гады работы мной набыты вялікі вопыт у стварэнні здароўезберагальнага асяроддзя ў школе сродкамі музычнага мастацтва. Свае напрацоўкі ў гэтай галіне я прадстаўляла на раённых, абласных і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях. Чытачам “Настаўніцкай газеты” хачу расказаць пра шматграннасць і ўнікальнасць вучэбных заняткаў па музыцы ў пытанні захавання і ўмацавання здароўя навучэнцаў.

Галоўнай мэтай музычнай адукацыі з’яўляецца станаўленне, развіццё музычнай культуры асобы. Музычная культура навучэнцаў фарміруецца падчас актыўнай музычнай дзейнасці: слухання і стварэння музыкі, спявання, ігры на музычных інструментах, пластычнага інтанавання. Але вось у чым феномен музыкі: уключэнне навучэнцаў у любы з відаў музычнай дзейнасці вырашае адначасова некалькі задач: фарміруе веды, уменні і навыкі, неабходныя для дасягнення мэты музычнай адукацыі і ў той жа час станоўча ўплывае на здароўе.

Кожную хвіліну музычных заняткаў можна назваць здароўезберагальнай!

Каб такія заняткі мелі аздараўленчы эфект, я прымяняю не толькі музычна-педагагічныя метады навучання, але і музычна-тэрапеўтычныя. Лічу, што сёння настаўніку музыкі ў сваёй рабоце неабходна абапірацца на актуальныя тэндэнцыі і ў музычнай педагогіцы, і ў навуцы.

Плануючы заняткі, абавязкова вызначаю здароўезберагальныя задачы: умацаванне фізічнага і псіхічнага здароўя навучэнцаў; зняцце фізічнай стомленасці і нервова-псіхічных перагрузак; фарміраванне неабходных ведаў і навыкаў па здаровым ладзе жыцця.


Пры падборы музычнага матэрыялу асноўную ўвагу ўдзяляю творам высокага музычнага мастацтва. На занятках гучыць музыка В.А.Моцарта, А.Вівальдзі, Л.Бетховена, Э.Грыга, Я.Глебава, В.Карэтнікава, М.Чуркіна і іншых кампазітараў, чые творы ўвайшлі ў сусветную музычную скарбніцу.

З самага пачатку заняткаў я імкнуся да таго, каб ужо з першых гукаў музычнага прывітання дзеці адчувалі радасць, упэўненасць у сваіх сілах. Аптымістычныя тэксты песень і мажорныя мелодыі ўзнімаюць настрой, паляпшаюць эмацыянальны клімат: “Хэй-хэй, привет тебе!”, “Мы за руки возьмёмся, друг другу улыбнемся!”
Як пераключыць работу арганізма на пеўчы рэжым? Канечне, пры дапамозе дыхальнай гімнастыкі. Яна не толькі фарміруе навыкі пеўчага дыхання, але і ўмацоўвае здароўе, бо правільнае дыханне стымулюе работу сэрца, галаўнога мозга, цалкам забяспечвае арганізм кіслародам, дапамагае прывесці ў парадак псіхалагічны стан. Дзеці з задавальненнем выконваюць ачышчальнае танізуючае дыхальнае практыкаванне “Прывітанне сонцу!” В.І.Пятрушына; “Далонькі”, “Кошка”, “Абдымі плечы” А.М.Стрэльнікавай.

Дыхальныя практыкаванні змяняе гукавая гімнастыка. Эксперыментальна даказана, што гукі прымушаюць вібрыраваць кожную клетку нашага арганізма. Робячы практыкаванні гукавой гімнастыкі — выконваючы гукі на рознай вышыні, дзеці не толькі фарміруюць вакальна-харавыя навыкі, але і напаўняюць арганізм здаровымі вібрацыямі. Напрыклад, гук [э] лечыць горла і паляпшае работу галаўнога мозга; [у] — паляпшае дыханне; спалучэнне гукаў [о] — [і], [я] — [я] масажуе сэрца.

Такім чынам, навучэнцы не толькі рыхтуюцца да вакальнай работы, але і аднаўляюць станоўчы энергетычны тонус арганізма, знімаюць фізічнае і псіхалагічнае напружанне. Спяванню на вучэбных занятках па музыцы ўдзяляецца вялікая ўвага. З усіх сродкаў музыкатэрапіі самае моцнае ўздзеянне аказвае менавіта спяванне. Дзеці спяваюць натхнёна, з вялікім жаданнем і задавальненнем! Яны мяняюцца знешне і ўнутрана, суперажываючы героям сваіх любімых песень.

Праз песню дзеці не толькі знаёмяцца на занятках з творчасцю кампазітараў, папаўняючы музычны багаж, фарміруюць неабходныя вакальна-харавыя навыкі, але і дабратворна ўздзейнічаюць на свой арганізм, дзякуючы вібрацыям, якія ствараюцца звязкамі ў час выканання песні. Дыяфрагмальнае дыханне паляпшае работу лёгкіх, станоўча ўплывае на нервовую сістэму, таму спяванне — не толькі адзін з любімых відаў дзейнасці дзяцей, але і сродак аздараўлення.

Пранікаючы ў свет музыкі, дзіця раскрываецца, адчувае гармонію ўнутры сябе і з навакольным светам. Накіроўваючыся за музычнымі гукамі, дзеці, не пакідаючы клас, у думках пераносяцца ў розныя месцы: на бераг мора, луг, які цвіце, лясную палянку… Адчуваючы, як музыка дорыць ім спакой, цеплыню і абарону, супакойваюцца і адпачываюць. На занятках, слухаючы музычны твор, дзеці часта агортваюцца музычным сном. Падчас гэтай гульні яны слухаюць музыку з заплюшчанымі вачыма. Пасля я размаўляю з дзецьмі пра тое, што ім “снілася”, праводжу аналіз уздзеяння музыкі на эмацыянальны стан сваіх маленькіх слухачоў.

Дзеці ўглядаюцца ў музыку ўнутраным зрокам і малююць карціны, створаныя ва ўяўленні музычнымі гукамі. Маляванне музыкі — не толькі сродак адлюстравання стану дзіцяці, але і прыклад дзейнасці, што супакойвае, падчас якой знімаецца напружанне.

Дзеці “бяруць” гук у рукі і выконваюць музыку рухам, жэстам. Успрыманне музыкі праз рух такое натуральнае для іх. Музыка ажывае! І можна адчуць, напрыклад, дотых сонечных блікаў, якія схаваліся ў творы беларускага кампазітара В.І.Карэтнікава, пагуляць з імі і падзяліцца з сябрамі сонечным настроем.

Такое пражыванне музыкі ўсімі клетачкамі арганізма, мышцамі не толькі дапамагае глыбей адчуць эмацыянальны змест музычнага твора, але і разнявольвае, стварае бадзёры настрой, знімае ўнутраныя заціскі.

За 45 мінут сустрэчы з музыкай кожнае дзіця выконвае вялікую работу: спасцігае азы музычнай граматы, знаёміцца з новымі творамі музычнага мастацтва, спявае, іграе на інструментах дзіцячага аркестра, імправізуе, спрабуе сябе ў ролі кампазітара, разважае, адказвае на пытанні настаўніка і аднакласнікаў. Здавалася б, такая насычаная дзейнасць павінна выклікаць стомленасць. Але я гляджу на дзяцей і бачу, што нават да канца музычных заняткаў яны актыўныя, бадзёрыя, на тварах — усмешкі. Дзеці поўныя сіл і гатовы да новых здзяйсненняў! Па выніках маніторынгу псіхаэмацыянальнага стану пасля вучэбных заняткаў па музыцы ў 80% навучэнцаў 1—4 класаў адзначаецца павышэнне эмацыянальнай стабільнасці, зніжэнне ўзроўню трывожнасці і фізічнай стомленасці. А пра тое, якую радасць прыносяць сустрэчы з музычным мастацтвам, гавораць выказванні дзяцей: “З музыкай становіцца лягчэй на душы”, “Музыка — самае лепшае, што ёсць на свеце”, “Я люблю музыку!”

Прагучаў званок. Скончылася яшчэ адна сустрэча з музыкай, але дзеці ведаюць, што хутка сустрэнуцца на занятках хору “Пралеска”, які навучэнец 3 класа Назар Воранаў назваў “сэрцам школы”.

Я заўсёды буду сцвярджаць, што ў кожнай установе адукацыі павінен гучаць хор. Цяжка пераацаніць ролю харавых спеваў ва ўсебаковым развіцці дзіцяці. Кампазітар і хормайстар Г.А.Струвэ пісаў: “Хор — гэта правобраз ідэальнага грамадства, заснаванага на адзіным імкненні і зладжаным дыханні, грамадства, у якім важна пачуць другога…” На думку доктара медыцынскіх навук акадэміка У.Ф.Базарнага, музыка, харавыя спевы з’яўляюцца вельмі важным сродкам фарміравання здаровага чалавека. Урачы гавораць пра тое, што людзі, якія спяваюць у хоры, значна радзей хварэюць. У харыстаў у час спявання сінхранізуюцца сардэчны рытм і пульс, вызваляюцца гармоны, якія павышаюць настрой.

Хор “Пралеска” аб’ядноўвае ўвесь калектыў нашай школы — ад навучэнцаў да настаўнікаў і дырэктара Людмілы Анатольеўны Лозінай. Прадмет “Музыка” вучыць разважаць, імправізаваць, выходзячы за пастаўленыя рамкі ўрока, парушаючы пэўныя правілы, што заўсёды вельмі падабаецца вучням, асабліва маленькім. Вось так, паступова, непрыметна, здавалася б, гуляючы, музычны ўрок вырашае надзвычай складаныя задачы, развіваючы асацыятыўнае мысленне, унутраны слых і ўнутраны зрок.

Кожны раз, калі наш хор выконвае гімн школы, здзяйсняецца чараўніцтва: спевакоў ахоплівае адзіны эмацыянальны парыў, пачуццё радасці і велізарнай гордасці. З прасветленымі тварамі ўсе спяваюць:

Мы здесь как дома,

мы спокойны и горды,

И каждый день нам слышен

детский звонкий смех,

Вокруг березки встали

в стройные ряды,

А трели школьного звонка

встречают всех.

Чистая, светлая,

добрая, милая,

Сорок вторая моя…

Хор заціхае. Гукі растаюць у цішыні, пакідаючы кожнаму спеваку набытае ў музыцы пачуццё гармоніі, шчасця, душэўнага ўздыму.

Так, крок за крокам, заняткі музыкай у школе вырашаюць жыццёва важную задачу: фарміруюць гарманічную, творчую, здаровую асобу і згуртаваны, пазітыўна настроены, натхнёны калектыў у цэлым!

Алена ХАДАСЕВІЧ,
настаўніца музыкі сярэдняй школы № 42 Віцебска.