Сталі вядомы вынікі доследнай праверкі вучэбных дапаможнікаў па біялогіі для 11-га класа

- 9:06Компетентно, Образование

Як зрабіць нацыянальны падручнік яшчэ лепшым, каб ён задавальняў патрэбы вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў, ішла гаворка ў Нацыянальным інстытуце адукацыі падчас круглага стала «Ацэнка ступені рэалізацыі асноўных патрабаванняў да сучаснага вучэбнага выдання. Шляхі ўдасканалення вучэбных дапаможнікаў» па выніках доследнай праверкі дапаможніка па біялогіі для 11-га класа, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Мерапрыемства аб’яднала аўтараў вучэбных дапаможнікаў, настаўнікаў-практыкаў, якія прымалі ўдзел у іх доследнай праверцы, метадыстаў рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, кіраўнікоў вучэбна-метадычных аб’яднанняў і творчых груп педагогаў краіны.

Пытанні абнаўлення зместу агульнай сярэдняй адукацыі і распрацоўка навукова-метадычнага забеспячэння знаходзяцца пад увагай і Кіраўніка дзяржавы, і міністра адукацыі, — адзначыла намеснік дырэктара НІА па метадычнай рабоце Людміла Раманоўская. — Удасканаленне школьных падручнікаў — адна з найважнейшых задач інстытута, якая можа быць паспяхова вырашана толькі ў супрацоўніцтве з аўтарамі і рэцэнзентамі вучэбных дапаможнікаў, а таксама ў пастаянным узаемадзеянні з настаўнікамі-практыкамі.

Яркі прыклад такога супрацоўніцтва — пастаянна дзеючы семінар для аўтараў вучэбнай літаратуры, членаў экспертнай суполкі (рэцэнзентаў, удзельнікаў доследнай праверкі, метадыстаў). Дарэчы, круглы стол па выніках доследнай праверкі дапаможніка па біялогіі для 11-га класа аўтараў М. Дашкова, А. Галавача і А. Песнякевіча — адзін з серыі круглых сталоў, арганізаваных НІА.

Начальнік метадычнага цэнтра НІА Вольга Сарычава расказала прысутным аб арганізацыі доследнай праверкі вучэбных выданняў у 2022—2023 навучальным годзе.

У доследную праверку было ўключана 35 вучэбных выданняў, з іх 24 — для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 4 — для ўстаноў дашкольнай адукацыі і 7 — для ўстаноў спецыяльнай адукацыі. Доследная праверка праводзілася на базе 313 устаноў адукацыі, з якіх 39 — дашкольнай, 226 — агульнай сярэдняй і 48 спецыяльнай адукацыі. У работу былі ўключаны гарадскія і сельскія ўстановы адукацыі, гімназіі і школы.

У межах доследнай праверкі ўпершыню праведзена псіхолага-педагагічная экспертыза вучэбных выданняў. У ёй прынялі ўдзел 22 эксперты, якім быў прапанаваны інструментарый для ацэнкі вучэбных дапаможнікаў. Па выніках экспертызы, 93 % вучэбных дапаможнікаў маюць высокі ўзровень адпаведнасці крытэрыям і паказчыкам, 6 % — сярэдні (па асобных крытэрыях) і 1 % — нізкі. Таксама ажыццяўлялася анкетаванне настаўнікаў, навучэнцаў і бацькоў.

У доследнай праверцы вучэбнага дапаможніка па біялогіі для 11-га класа з электронным дадаткам для павышанага ўзроўню вывучэння прадмета былі задзейнічаны 10 устаноў адукацыі з сельскай і гарадской мясцовасці. Усе настаўнікі-эксперты маюць стаж работы звыш 15 гадоў.

Падчас работы круглага стала настаўнікі выказалі прапановы па ўдасканаленні вучэбнага дапаможніка і разам з аўтарамі абмеркавалі праект рэкамендацый па яго дапрацоўцы пры падрыхтоўцы да паўторнага выпуску.

Так, аўтарскаму калектыву экспертамі рэкамендавана на базавым узроўні прадставіць высновы параграфаў у выглядзе апорных кропак, вылучаючы кожнае сцвярджэнне з новага радка; узмацніць візуальную форму прадстаўлення матэрыялу ў канцы кожнай главы ў выглядзе структурна-лагічных схем або іншых форм нагляднасці; перагледзець пытанні і заданні 5-га ўзроўню, узмацніць практычны характар прымянення з мэтай падрыхтоўкі навучэнцаў да практычных работ. Што тычыцца павышанага ўзроўню, то педагогі параілі зменшыць аб’ём інфармацыі, якая змяшчаецца ў главах «Хімічныя кампаненты жывых арганізмаў» і «Абмен рэчываў і пераўтварэнне энергіі ў арганізме» і ўнесці выпраўленні і дапаўненні ў ілюстрацыйны матэрыял у адпаведнасці з заўвагамі і прапановамі.

Эксперты высока ацанілі якасць вучэбнага выдання і выказалі словы ўдзячнасці аўтарам.

Аўтар вучэбнага дапаможніка Максім Дашкоў паабяцаў дэталёва разгледзець усе рэкамендацыі. «З большасцю заўваг праблем не будзе, але ёсць моманты, якія не залежаць ад аўтараў, напрыклад, звязаныя з мастацкім афармленнем старонак дапаможніка, асаблівасцямі вёрсткі, тэхнічнымі нарматывамі, з перакладам тэксту на беларускую мову», — падкрэсліў ён.

М. Дашкоў прызваў педагогаў падзяліцца з аўтарамі заданнямі прыкладной накіраванасці 5-га ўзроўню і тым самым узбагаціць дапаможнік і зрабіць яго яшчэ лепшым.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара