Станіслаў Юрэцкі: «Навука не можа быць адарванай ад адукацыі»

- 14:16Интервью

Ці прываблівае беларускую моладзь прафесія вучонага сёння і як падтрымліваюць маладых даследчыкаў у НАН Беларусі — карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася ў старшыні савета маладых вучоных і дырэктара Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі Станіслава Юрэцкага.

— Станіслаў Сцяпанавіч, напэўна, за 10 гадоў работы ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі зрадніліся з ёй?

— Так, Акадэмія навук — вялікая сям’я, у якой кожны мае магчымасць творча і навукова самарэалізавацца. Я ўдзячны лёсу, што з’яўляюся яе часткай і магу зай­мацца любімай справай — навукай. І нават калі б раптам паўстаў выбар паміж больш высокааплатнай работай у іншай сферы і навукай, выбар будзе адназначны на карысць навуковай дзейнасці. Тым больш што і ў навуцы ёсць магчымасць дастойна зараб­ляць, існу­юць перспектыўныя навуковыя праекты, дзейнічае добра прадуманая сістэма фінансавай падтрымкі вучоных. Але навукай трэба жыць! Бо навука — гэта напружаная штодзённая інтэлек­туальная праца.

— Давайце прыгадаем ваш шлях у Акадэмію навук.

— Упершыню з Акадэміяй навук я пазнаёміўся, калі быў яшчэ студэнтам. У 2008 годзе пасля першага курса трапіў на палявую практыку ў складзе групы студэнтаў-археолагаў гістарычнага факультэта БДУ. На раскопках старажытнай стаянкі эпохі палеаліту ля вёскі Кавальцы ў Гродзенскім раёне нам пашанцавала сустрэцца з акадэмічнымі археолагамі. Яны і азнаёмілі нас з дзейнасцю Інстытута гісторыі НАН Беларусі. З таго часу я стаў пастаянным удзель­нікам розных навуковых канферэнцый і мерапрыемстваў Акадэміі навук. А пасля заканчэння магістратуры гістфака БДУ ў 2013 годзе вырашыў паступаць у аспірантуру Інстытута гісторыі. Так пачаўся мой працоўны шлях у гэтай установе. Зараз я ўзначальваю савет маладых вучоных НАН і Цэнтральную навуковую бібліятэку імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Наша ўстанова — адна з найбуйнейшых бібліятэк краіны, якая акрэдытавана як навуковая арганізацыя. Яна мае шэраг навуковых падраздзяленняў вучоных: гісторыкаў, архівістаў, бібліятэказнаўцаў і інш. У нас захоўваюцца рэдкія кнігі і рукапісы, пачынаючы з XV стагоддзя, вялікая рукапісная спадчына вучоных — іх артыкулы, чарнавікі, неапублікаваныя матэрыялы і г.д. Такім чынам, у нашай бібліятэцы адлюстравана гісторыя навукі, яе навуковы складнік мы будзем і далей развіваць. Дзеля гэтага ў пачатку года быў адкрыты цэнтр даследаванняў старадрукаў і рукапісаў. У найбліжэйшых планах — стварэнне музейнай экспазіцыі “Гісторыя навуковай кнігі ад Сярэдневякоўя да сучаснасці”.

— За што адказвае савет маладых вучоных НАН Беларусі і хто ўваходзіць у яго склад?

— Савет маладых вучоных — грамадская арганізацыя, якая дзейнічае на пастаяннай аснове пры Прэзідыуме НАН Беларусі. У савет уваходзяць супрацоўнікі Акадэміі навук, занятыя ў навуковых даследаваннях, ва ўзросце да 35 гадоў — гэта магістранты, аспіранты, навуковыя супрацоўнікі (без ступені), а таксама дактары навук да 40 гадоў. Сёння кожны трэці даследчык у сценах НАН Беларусі — малады вучоны, а ўсяго ў Акадэміі навук больш за 2 тысячы маладых навукоўцаў.

Дарэчы, афіцыйная гісторыя нашага савета маладых вучоных пачынаецца з 1965 года. Аднак, калі я правёў даследаванне ў нашым архіве, то высветліў: у 1929 годзе было створана Бюро аспірантаў — своеасаблівы правобраз нашай маладзёжнай арганізацыі.

Сярод асноўных задач савета маладых вучоных НАН — садзейнічанне навуковаму і творчаму росту даследчыкаў-пачаткоўцаў, іх самарэалізацыі ў сценах Акадэміі навук. Прычым варта адзначыць, што кожны прадстаўнік нашага савета займаецца навуковай дзейнасцю. Сам я таксама як археолаг і гісторык праводжу даследаванні. Не так даўно я ўпершыню выявіў грунтавы могільнік эпохі Вялікага Княства Літоўскага ля гара­дзішча Саннікі, што ў Дзятлаўскім раёне. Гэта была неверагодная ўдача! А сёлета я правёў дастаткова цікавыя раскопкі ў гістарычным цэнт­ры Ліды.

Кандыдацкую я абараніў у 28 гадоў. Яна была на тэму керамікі эпохі неаліту Беларускага Панямоння. А зараз працую над навуковай тэмай, якая прысвечана гісторыі археалагічнай навукі Беларусі.

— Савет праводзіць розныя мерапрыемствы для папулярызацыі навукі. Якія з іх найбольш значныя і маштабныя?

— За апошнія гады наш савет пры дапамозе Прэзідыума НАН Беларусі арганізаваў шэраг буйных мерапрыемстваў: I Еўразійскі форум маладых вучоных, школу маладых вучоных “Вучоны пад ключ”, Еўрапейскую школу біятэхнолагаў, форум “Шлях у навуку”, кангрэс маладых вучоных Беларусі і Расіі, праект “Акадэмічная гадзіна для моладзі Саюзнай дзяржавы” і інш.

Усім добра вядома наша традыцыйная міжнародная навуковая канферэнцыя “Моладзь у навуцы”. У верасні мы правялі яе ўжо 20-ы раз, і прысвечана яна была 95-годдзю НАН Беларусі. Яе ўдзельнікамі сталі маладыя вучоныя, аспіранты, саіскальнікі, магістранты, студэнты Беларусі і замежжа, якія прэзентавалі свае праекты і навуковыя распрацоўкі, а таксама абмяняліся вопытам і меркаваннямі па шырокім коле навуковых пытанняў.

Увогуле для моладзі ў Акадэміі навук робіцца шмат, існуе шэраг конкурсаў на саісканне прэмій для маладых вучоных. Гэта дзве прэміі імя акадэміка Жарэса Алфёрава, што прысу­джаюцца ў галіне фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, фізіка-тэхнічных і тэхнічных навук, чатыры прэміі імя акадэміка Васіля Купрэвіча ў галіне біялогіі, хіміі і навук аб Зямлі, медыцыны і аграрных навук і дзве прэміі імя акадэміка Усевалада Ігнатоўскага ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук. Таксама ў Акадэміі навук заснаваны дастаткова прэстыжны ўнутрыакадэмічны маладзёжны конкурс “100 маладых талентаў НАН Беларусі”. Праўда, у ім даволі сур’ёзныя ўмовы, бо яго ўдзельнікамі могуць стаць выключна кандыдаты навук ва ўзросце да 35 гадоў і дактары навук ва ўзросце да 45 гадоў, якія атрымалі вучоную ступень да 30 і да 40 гадоў адпаведна.

Акрамя гэтага, штогод у пачатку верасня тысячы мінчан і гасцей сталіцы самага рознага ўзросту наведваюць наш фестываль навукі ў Батанічным садзе. Між іншым, у гэтым годзе мы другі раз правялі выставу-конкурс “100 інавацый маладых вучоных”. Яе пераможцамі сталі 20 праектаў.

— Ведаю, што вялікую ўвагу вы ўдзяляеце і рабоце з навучэнцамі і студэнтамі.

— Так, праводзім шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю менавіта акадэмічнай навукі сярод падрастаючага пакалення. Напрыклад, 20—23 лістапада бягучага года мы ўпершыню правядзём рэспубліканскую канферэнцыю “Першы крок у навуку” для школьнікаў. Гэта новы праект, бо раней пад аднайменнай назвай мы праводзілі секцыю ў межах міжнароднай навуковай канферэнцыі “Моладзь у навуцы”. Але яна стала настолькі масавай, што мы вырашылі пашырыць яе да асобнага мерапрыемства. Да ўдзелу ў ім запрашаем вучняў 10—11 класаў і навучэнцаў устаноў ПТА і ССА, якім неабходна да 1 лістапада зарэгістравацца і падаць заяўкі на сайце канферэнцыі.

Усе школьныя прадметы актуальныя, і любая тэма вартая ўвагі. Канферэнцыя пройдзе па напрамках прыродазнаўчых (экалогія, хімія, біялогія, фізіка, матэматыка і інфарматыка, космас, геаграфія) і гуманітарных навук (гісторыя і культура, архітэктура і краязнаўства, філалогія і тапаніміка). Секцый шмат, а зна­чыць, па любой тэматыцы можна прадставіць сваю работу. Асноўная мэта названага мерапрыемства — выяўленне будучых маладых вучоных, якіх варта зацікаўліваць акадэмічнай навукай. Бо з адоранымі вучнямі неабходна пачынаць працаваць са школьнай парты.

Між іншым, і з Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам мы вядзём сістэмную работу, у мінулым годзе падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Нашы маладыя вучоныя на пастаяннай аснове выступаюць у якасці лектараў перад навучэнцамі адукацыйных змен тэхнапарка.

— А па якіх напрамках даследаванні сёння найбольш актуальныя?

— Практычна па ўсіх, і ў НАН Беларусі мы развіваемся амаль па ўсіх напрамках сусветнай навукі. Задачы, якія стаяць перад чалавецтвам, мы таксама спрабуем вырашыць у нашай акадэміі, у тым ліку і пры дапамозе маладых вучоных. Напрыклад, штогод у акадэміі вызначаюцца ТОП-10 навуковых распрацовак, і практычна ў кожным калектыве сярод пераможцаў ёсць маладыя вучоныя.

— На вашу думку, ці складана разгледзець навуковы патэнцыял навучэнца?

— Калі ты выкладчык, то апрыёры павінен рабіць гэта. Я трэці год выкладаю археалогію ва Універсітэце НАН і на гістарычным факультэце БДУ. Вельмі ўдзяч­ны дэкану гістфака Аляк­санд­ру Генадзьевічу Каханоўскаму за прадастаўленую магчымасць выкладаць, бо навука не можа быць адарванай ад адукацыі. Для таго каб захапіць навукай, асабліва акадэмічнай, аптымальна даследаванні праводзіць разам са студэнцкай моладдзю. Калі ставіш нават простыя даследчыя заданні і навучэнец выдатна іх выконвае, значыць, у яго ёсць задаткі вучонага. Да таго ж работа ў БДУ дапамагае зацікавіць таленавітых студэнтаў акадэмічнай навукай. Так, большасць маладых супрацоўнікаў нашай бібліятэкі, якіх я сёлета прыняў на работу, — гэта выпускнікі БДУ.

Увогуле, я перакананы, што ў зацікаўленасці навукай вялікае значэнне мае менавіта асоба вык­ладчыка, як і настаўніка ў школе. Навукоўцы, даследчыкі — гэта заўсёды штучны тавар, іх не можа быць шмат, таму вельмі важна заўважыць навуковы патэнцыял вучня і студэнта на стадыі навучання. Я прыемна ўражаны сучаснымі студэнтамі. Зразумела, што моладзь мяняецца, бо і свет мяняецца, але ў цэлым схіль­насць да навуковага пошуку і любоў да краіны і яе гісторыі ўласцівы ім гэтак жа, як і мне некалі, і маім настаўнікам. Я заўсёды з натхненнем заходжу ва аўдыторыю і з ім жа выходжу, бо жывыя зносіны дазваляюць убачыць, як навучэнцы любяць гісторыю, а гэта для вучонага-гісторыка асаб­ліва прыемна.

Выкладаць мне дапамагае і набыты некалі настаўніцкі вопыт. Пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ паралельна з вучобай у магістратуры мне давялося папрацаваць настаўнікам гісторыі ў сваёй роднай сярэдняй школе № 14 Маладзечна. Адразу пасля ўніверсітэта мне далі класнае кіраўніцтва ў 5 класе. Неабходна было не толькі ўзаемадзейні­чаць з вучнямі, вучыць іх вырашаць розныя бытавыя пытанні, але і працаваць з іх бацькамі, якія былі старэйшымі за мяне. Падчас працы настаўнікам я прайшоў каласальную школу жыцця і атрымаў вельмі станоўчы вопыт, бо работа педагогам шмат у чым сфарміравала і мае рысы характару, і падыходы да работы.

Дарэчы, вучоным я стаў дзя­куючы свайму школьнаму настаўніку гісторыі Валерыяну Яўгенье­вічу Гайдулю. Ён сам займаўся напісаннем навуковых работ і нас, вучняў, далучаў да гэтай справы. Дзякуючы яму, я зразумеў, што хачу звя­заць свой прафесійны шлях з гісторыяй і яе вывучэннем. Думаю, большасць вучоных скажуць, што шмат у чым іх цікавасць да навукі была сфарміравана менавіта ў школе. Каб стаць вучоным, вельмі важна ў школьныя гады трапіць да добрага настаўніка, які зможа зацікавіць цябе і дапамагчы рас­к­рыць творчы і навуковы патэн­цыял.

— Калі падагульніць, што чакае маладога вучонага, які вырашыць папоўніць шэрагі даследчыкаў Акадэміі навук? Якія перад ім адкрыюцца перспектывы?

— Галоўнае — у яго з’явіцца шанс заняць сваё месца ў вышэйшай дзяржаўнай навуковай установе Беларусі, якая развіваецца па тыпе навукова-даследчай карпарацыі. На самай справе ў Акадэміі навук створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі ў навуцы. У нас праводзіцца вялікая коль­касць мерапрыемстваў для маладых вучоных, створана цэласная сістэма падтрымкі маладых вучоных, якая ўключае ў тым ліку магчымасці атрымання грантавай падтрымкі даследаванняў.

— Завяршаецца святочны тыдзень, у час якога было праведзена мноства мерапрыемстваў, прымеркаваных да 95-годдзя НАН Беларусі. Савет маладых вучоных прымаў у іх удзел?

— Так. З 9 па 13 кастрычніка ў Акадэміі навук прайшоў ты­дзень адкрытых дзвярэй. Нашы маладыя вучоныя праводзілі экскурсіі па навуковых арганізацыях, сустракаліся са школьнікамі і студэнтамі навучальных устаноў сталіцы.

Да таго ж прадстаўнікі нашага савета 12 кастрычніка прынялі ўдзел у адкрыцці архітэктурна-мастацкай кампазіцыі “Залатое кальцо беларускай навукі”, якая складаецца з ратонды і скульптур выдатных вучоных Беларусі, заснавальнікаў навуковай думкі: Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, Казіміра Семяновіча, Яўстафія Тышкевіча, Яўхіма Карскага і Усевалада Ігнатоўскага. Аўтары праекта — архітэктар Армэн Сардараў і скульптары Алена Хараберуш і Леанард Пакульніцкі. У час цырымоніі ў нішу кампазіцыі заклалі капсулу з пасланнем ад сённяшніх навукоўцаў нашчадкам, прадаўжальнікам навуковых традыцый Беларусі. Я ўпэўнены, што многія з сённяшніх маладых вучоных паўдзельнічаюць у адкрыцці гэтай капсулы праз 50 гадоў.

— Станіслаў Сцяпанавіч, што пажадаеце любімай Акадэміі навук?

— Росквіту! А нашым вучоным — новых навуковых адкрыццяў на карысць роднай Беларусі!

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва героя