Старшыня БРПА расказала, за што пiянерскi рух атрымаў спецыяльную прэмiю Прэзiдэнта

- 11:54Персона

У гэтым годзе БРПА за ўклад у грамадзянска-­патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення атрымала спецыяльную прэмію Прэзідэнта Беларусі. Што стала падставай для такой высокай узнагароды і якія задачы стаяць перад сучаснымі піянерамі, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала старшыня Цэнтральнага савета арганізацыі Аляксандра Ганчарова.

Заўсёды першыя

— Столькі спраў, ледзь паспяваю, — адзначае мая суразмоўніца. — Кожны дзень не падобны на папярэдні, затое мне няма калі сумаваць! Я сумяшчаю дзейнасць у Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі з кіраўніцтвам БРПА, а гэта не толькі складана, але і вельмі адказна. Тым не менш спраўляюся — з дапамогай калег і нашых актыўных піянераў.

Калі б хтосьці сказаў калісьці маленькай Аляксандры, што яна стане на чале ўсіх піянераў краіны, напэўна, не паверыла б.

— Маё дзяцінства прыйшлося на гістарычна пераломны час — піянерскай арганізацыі тады практычна не было, адпаведна, і мне, на жаль, не давялося стаць піянерам, — успамінае Аляксандра Ганчарова. — Піянерскі агонь у маёй душы загарэўся позна, ужо ў сталым узросце. Але работа з дзецьмі (я і сама была вельмі актыўным дзіцем), арганізацыйная дзей­насць мяне вабілі заўсёды. Я скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, потым працавала педагогам-арганізатарам у сталічнай гімназіі № 74. Тут мяне і “знайшоў” БРСМ — менавіта ў гэты час я адкрыла для сябе розныя грамадскія арганізацыі. І зразумела: вось мой шлях, прычым для мяне гэта была не проста кар’ера, я працавала па загадзе сэрца. Так я пачала сваю дзейнасць у БРСМ, з 2017 года з’яўляюся сакратаром яго Цэнтральнага камітэта. А зараз — і старшынёй піянерскай арганізацыі.

Які ён, сучасны піянер? Перш за ўсё, лёгкі на пад’ём. У яго гараць вочы, ён хоча ўсё ведаць, цягнецца да ўсяго новага. З такімі дзецьмі лёгка працаваць. Але мы можам разварушыць і нават самае ціхае дзіця.

Мяняецца час — мяняюцца і лозунгі. Галоўнае застаецца ня­зменным: піянер заўсёды першы, гатовы прыйсці на дапамогу, навучыцца і навучыць іншых, павесці за сабой, запаліць піянерскі агеньчык у сэрцах сваіх сяброў.

— Сімволіка ў нас сучасная, але пэўная пераемнасць ад піянерыі савецкіх часоў існуе, — заўважае Аляксандра Уладзіміраўна. — Наш сцяг чырвоны як знак павагі да шматгадовай традыцыі. На ім дэвіз: “Да спраў на карысць Ра­дзімы, да дабра і справядлівасці ­будзь гатовы!”. Сімвал — вясёлае рысяня Вогнік, гальштук чырвоны з зялёным, ну а ўсім вядомы піянерскі салют застаўся нязменным. Не так даўно, у студзені, наша арганізацыя атрымала пачэсную ўзна­гароду ад Прэзідэнта Беларусі. Гэта для нас не проста прыемна — адказна. Асабліва былі адзначаны не толькі нашы праекты, але і дзейнасць па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Мы з гонарам працягваем працу нашых папярэднікаў, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё піянерыі, ставім і новыя задачы. Зараз вельмі хутка развіваюцца электронныя сродкі камунікацыі — выкарыстоўваем іх не толькі ў зносінах з дзецьмі, але і для стварэння іміджу піянерскай арганізацыі, яе “раскруткі”.

пионеры

Дарэчы, на міжнародным форуме TIBO-2022 сайт БРПА быў прызнаны лепшым у намінацыі “Для дзяцей і юнацтва”. Сёння гэта не проста месца для навін ці тэматычных чатаў і форумаў, але і вялікая адукацыйная платформа для педагогаў і піянераў. На сайце можна знайсці інавацыйныя методыкі, выхаваўчыя матэрыялы.

— Мы імкнёмся аблегчыць працу педагогам-арганізатарам. Ім сёння не хапае дапаможніка з ужо гатовымі распрацоўкамі, і гэта менавіта тое, што мы для іх стварылі — якасны прадукт, — рас­казвае старшыня БРПА. — Заданні ў ім варыятыўныя. Гэта значыць, што педагогі могуць падбіраць іх пад свой клас — яны лепш веда­юць сваіх дзяцей, свой рэгіён.

Падабраць ключык

Аляксандра Уладзіміраўна адзначае, што вялікая работа праводзіцца і з важатымі — штогод для іх арганізоўваюць вучэбны форум. Сёлета ён будзе пятым па ліку і пройдзе ў верасні — плануецца сабраць ад 300 да 500 чалавек.

— Абавязкова ўзаемадзейнічаем з татамі і мамамі нашых будучых піянераў, а гэта часам нялёгкая задача, таму што ў сучасных бацькоў, як правіла, няма піянерскага вопыту, — падкрэслівае Аляксандра Ганчарова. — Стараемся падабраць індывідуальны ключык да кожнага дзіцячага сэрца. Асаблівую ўвагу ўдзяляем і педагогам малодшых класаў — гэта адна са сцяжынак да нашых дзяцей. Але, як вядома, да 16 гадоў рашэнне за іх прымаюць бацькі. Таму не так даўно мы выпусцілі наш першы відэаролік, у якім паказалі і расказалі, чаму трэба дазволіць дзіцяці ўступіць у піянеры. Колькасць праглядаў вялікая! Прыцягваем бацькоў і да ўдзелу ў розных праектах — асабліва актуальна гэта для работы з акця­братамі. Праводзім конкурсы, квес­ты. І дарослыя, і дзеці лю­бяць нашу гульню-маршрут “Тэрыторыя дзяцінства” — праект з цікавымі заданнямі для любога ўзрос­ту. Нашы гульні захапляюць нават бацькоў — мяне і саму нагнаў той самы піянерскі “вайб” (гэтае моднае сёння слова азначае “вібрацыя”), хоць дзяцінства ўжо даўно скончылася. Хачу зазначыць, што піянерыя — гэта менавіта саюз дзяцей і дарослых. Апошнім ён даз­валяе акунуцца ў атмасферу дзяцінства, а школьнікам — ад­чуць сябе неабходнымі іншым людзям. Напрыклад, нашы цімураўцы — прамыя пераемнікі руху, якому хутка споўніцца 80 гадоў, але сутнасць адна — прыносіць карысць людзям. Дарэчы, хлопчыкам і дзяўчынкам мы рэкамендуем добра ведаць твор А.Гайдара “Цімур і яго каманда”. Расказваем ім, што дзіцячае валанцёрства (а гэтае паняцце многім сучасным школьнікам больш знаёмае, чым цімураўства) узнікла не толькі што, а мае глыбокія карані.

Аляксандра Ганчарова ўпэўнена, што дзяцінства павінна быць яркім, каляровым. Гэтаму спрыяюць піянерскія праекты, прапанаваць якія могуць і самі вучні — ініцыятыва вітаецца. Самастойнасць і адказнасць — рысы сучасных піянераў, пра што сведчыць і актыўнасць дзіцячай палаты БРПА. У яе ўваходзяць па 2 прадстаўнікі ад кожнай вобласці краіны ва ўзросце ад 11 гадоў. Дзеці прыдумваюць і рэалізуюць свае праекты, напрыклад, “Паштоўка Вогніку”, “Ёлка-бум”. Самы апошні праект — Instagram-конкурс “Любоў скрозь часы”, прымеркаваны да 8 Сакавіка. Яго ўдзельнікі знахо­дзілі сваё дзіцячае фота з мамай, бабуляй ці настаўніцай і паўтаралі яго ў сучаснасці. Фантазіі ў дзяцей хапае — ініцыятыў нараджаецца шмат. Але фантазёраў папярэдж­ваюць: мала проста “кінуць ідэю” — трэба яе распрацаваць і ўвасобіць у жыццё.

— Мы не абмяжоўваем сябе нейкімі рамкамі, наш дэвіз — свабода і разнастайнасць, — тлумачыць Аляксандра Уладзіміраўна. — Але і ідэалагічны, выхаваўчы кампанент у арганізацыі моцны. Ён закладзены ў кожным праекце ці гульні. Напрыклад, ніякі квіз немагчыма прайсці, калі ты не ведаеш гісторыю нашай дзяржаў­насці, сімвалы, факты пра Вялікую Айчынную вайну і г.д. Гульні “Зарнічка”, “Зарніца” і “Арляня” таксама спрыяюць патрыятычнаму выхаванню. Прычым яны падабаюцца аднолькава і хлопчыкам, і дзяўчынкам: бачылі б вы, як нашы прыгажуні маршыруюць! Часам лепш, чым хлопцы.

Ідэалагічны, выхаваўчы кампанент у БРПА моцны. Ён закладзены ў кожным праекце ці гульні.

Галоўны піянер

— Стаяць на чале арганізацыі, у якой 620 тысяч удзельнікаў, няпроста, але, па-першае, гэта вельмі цікава, а па-другое — прыемна, бо ўвесь час я бачу добры вынік працы, — выказвае сваё меркаванне Аляксандра Ганчарова. — Так, 85 працэнтаў піянераў уступаюць у БРСМ, справа наша жыве, шырыцца. Адказнасць, вядома, вялікая, кожны дзень я прыходжу на работу мінут на 40 раней, каб падрыхтавацца, зверыць гадзіннікі з калегамі. Асноўная мая пасада — сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ, а пасада ў піянерскай арганізацыі —  гэта грамадская нагрузка. Прычым вялікая, бо БРПА — найбуйнейшая дзіцячая арганізацыя ў рэспубліцы. Шмат увагі мы ўдзяляем агітацыйнаму складніку: я вельмі люблю ха­дзіць па школах, размаўляць з педагогамі, навучэнцамі. Са школьнікамі працуем, пачынаючы з груп прадоўжанага дня ў пачатковых класах. Расказваем, хто такія акцябраты, чаму быць імі класна. Дапамагаюць нам у гэтым шыкоўныя, яскравыя дзённікі акцябронка ад выдавецтва “Народная асвета” — дзецям яны вельмі падабаюцца.

Аляксандра Уладзіміраўна звяртае ўвагу, што ў вольны час стараецца адключацца ад што­дзённых спраў, каб не адбылося выгарання:

— Стараюся больш знахо­дзіцца побач з сям’ёй. Мы з мужам і дачкой любім вандраваць — на сваім аўто ці на цягніку. Апошнім разам наведалі наш прыгожы горад Гомель. Люблю таксама чытаць, праводзіць час на дачы. Усё гэта дае мне сілы для працы, якая патрабуе напружання і дакладнай арганізацыі. Але ёсць для чаго рухацца наперад — каб напоўніць жыццё нашых дзяцей асаблівым сэнсам.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлена БРПА