Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, нягледзячы на напружаны графік, знаходзіць час, каб завітаць у родную сярэднюю школу № 15 Віцебска (якая раней была Рубаўскай сярэдняй школай). Ён з цеплынёй успамінае пра сваіх настаўнікаў, а яны ў сваю чаргу рады гасцінна вітаць знакамітага выпускніка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— У лёсе кожнага з нас ёсць людзі, у дачыненні да якіх слова “настаўнік” успрымаецца толькі з вялікай літары. Хто даў вам пуцёўку ў жыццё з роднай школы?
— Добрая песня ўспомнілася: “Першы настаўнік і першы ўрок…” Пачатак школьных гадоў пакідае незабыўны след. Цеплынёй адгукаецца ў сэрцы вобраз маёй першай настаўніцы Ніны Мікалаеўны Саковіч. Яна вучыла нас не толькі разбірацца з літарамі і лічбамі, але і сябраваць, працаваць і браць адказнасць за зробленае, паважаць і быць удзячнымі, клапатліва выхоўвала любоў да бацькоў і Айчыны, любоў да жыцця. Далей справу працягнула класны кіраўнік Ларыса Анатольеўна Ніканава, якая выкладала фізіку. Наша настаўніца матэматыкі Антаніна Уладзіміраўна Яршова сёння ўзначальвае педкалектыў маёй роднай школы. А сама Рубаўская сярэдняя школа пасля пашырэння гарадской мяжы стала сярэдняй школай № 15 Віцебска і носіць імя легендарнай Марыі Якаўлеўны Чуманіхінай. Пуцёўку тую мне, напэўна, усе мае настаўнікі разам выдалі.
— Як лічыце, вам пашанцавала з настаўнікамі?
— Яны былі патрабавальныя. Нам, школьнікам, тады часам здавалася — залішне. Але выраслі і зразумелі, напрыклад, што Антаніна Уладзіміраўна сваю строгасць вельмі правільна дазіравала. Насамрэч педагог нас эфектыўна матывавала і выхоўвала, літаральна ў спіну падштурхоўвала ў правільным напрамку.
Нам не проста давалі вызначаны вучэбнай тэмай аб’ём ведаў, а вучылі думаць лагічна, бачыць сувязі паміж тэмамі, прадметамі, нават калі нечага не ведаеш, то шукаць рашэнне і ў любым выпадку адказваць на зададзенае пытанне. Каштоўны навык — быць гатовым да дадатковых пытанняў, прадугледжваць развіццё сітуацыі.
А значыць, рыхтавацца не толькі па нейкім вузкім напрамку, але і вакол яго ўважліва глядзець, каб потым, калі трэба, дакладна адказаць. Мне гэта дапамагло ў далейшым. Прысутнасць настаўнікаў у нашым жыцці моцна адчувалася. Яны цікавіліся нашымі меркаваннямі, планамі і дакладна арыентаваліся, што ў каго на душы, як справы дома, у сяброўскай кампаніі. Немагчыма было ўявіць, каб настаўнік правёў заняткі і да наступнага званка на ўрок пра вучняў не думаў. Мы пасля ўрокаў штораз сустракаліся, абмяркоўвалі хвалюючае, нешта важнае рабілі разам. Іншымі словамі, была дружная школьная сям’я.
— Калі вы ўпершыню выразна ўсвядомілі значнасць закладзенага ў школе?
— Пры паступленні ў ветэрынарны інстытут (цяпер Віцебская ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны. — Заўвага аўтара.). На той момант за тры ўступныя іспыты па пяцібальнай сістэме прахадны бал складаў 14, я набраў 15. Помню, сам быў крыху шакіраваны вынікам. Аднак што заслужыў — тое і атрымаў. І разумеў, што ў першую чаргу дасягнуў мэты дзякуючы маім настаўнікам. У працяг тэмы настаўніцтва хочацца яшчэ сказаць пра педагогаў на ступені вышэйшай адукацыі. У шырокім сэнсе выкладчык, куратар вучэбнай групы для студэнта з’яўляецца настаўнікам, які дашліфоўвае закладзенае ў школе, фарміруе асобу і спецыяліста. Навуковы кіраўнік у аспірантуры і дактарантуры рэальна працуе з больш тонкімі настройкамі. Для мяне такім настаўнікам быў прафесар Мікалай Піліпавіч Карасёў. Тут размова нават не столькі пра веды, хаця яны, несумненна, вельмі каштоўныя, колькі пра жыццёвую мудрасць і разуменне навакольнага свету. Дзякуй за гэта.
— Па вашым меркаванні, у чым галоўная задача школы?
— Вылучыў бы два асноўныя складнікі, якія паміж сабой непарыўна з’яднаны. Адзін — неабходна навучыць і прывучыць вынікова працаваць. Сфарміраваць пэўны алгарытм разумовай дзейнасці, пошуку патрэбнай інфармацыі, а затым яе засваення праз крытычнае мысленне. Прывіваючы з дзяцінства навыкі здаровага ладу жыцця, бяспечных паводзін і асабістай гігіены, абавязкова ўключаць сюды інфармацыйную гігіену і бяспеку. Плюс, безумоўна, прафарыентацыя. Другі ключавы складнік — выхаванне патрыёта і грамадзяніна, высокіх маральна-духоўных якасцей. Гэта галоўная задача і аснова.
— А што дапамагае педагогу стаць любімым настаўнікам?
— Трэба не быць абыякавым да вучня, так мне здаецца. Зразумела, з дабрынёй да яго адносіцца і патрабавальна, тут розны такі мікс можа быць у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі. Любіць і ведаць свой прадмет, валодаць методыкай выкладання, развівацца як прафесіянал і асоба. Але неабыякавасць да лёсу дзіцяці, клопат, імкненне ўдзельнічаць у яго жыцці — важней, бо ўсё астатняе на гэтым выбудоўваецца. Дзеці чуйна ўспрымаюць адносіны педагога да іх і тое, што ён гаворыць ці робіць. Будзе з яго боку шчырая зацікаўленасць і будзе за што паважаць чалавека — тады вучні будуць прыхільна ставіцца, цягнуцца за ім і ахвотней вучыцца, арыентуючыся ў тым ліку на асабісты прыклад любімага настаўніка.
— Частка вашага жыцця звязана з педагагічнай дзейнасцю. Пры словах “мой вучань” чыё імя першым успомнілі?
— У мяне было многа студэнтаў, пра каго ёсць што расказаць добрага і адметнага. Хаця, калі шчыра… Усё ж першым у памяці ўсплыло імя Сашы Ляхоўскага. Што пра яго як студэнта ўзгадваецца? Звычайны хлопец. Недзе схільны пагусарыць, а трэба — то і вучыў, і ў грамадскім жыцці ўдзельнічаў. Здольны, рухавы, актыўны і, галоўнае, неабыякавы. Калі браўся за справу, то ўкладваўся ў яе наколькі мог і нават больш: наш чалавек, на якога можна разлічваць. Тым не менш ён такі не адзін быў з маіх студэнтаў. Але потым лёс распарадзіўся па-свойму: нас некалькі разоў у розны час моцна звязвала работа. Зараз Аляксандр Ляхоўскі ўзначальвае НДІ “БіяФарм”. Скажу, што жыццё загартавала лепшыя якасці гэтага чалавека, бачныя ўжо ў студэнцкія гады.
З гордасцю і ўдзячнасцю
Трэба персанальна разбірацца ў сітуацыі, каб дзейнічаць эфектыўна, найперш дзеля дабрабыту грамадства і ў інтарэсах дзяржавы — такі галоўны ўрок засвоіў ад свайго выкладчыка Аляксандра Субоціна дырэктар Навукова-даследчага інстытута “БіяФарм” Аляксандр Ляхоўскі.
— На першы погляд, усё проста: у школьныя гады табе дапамагаюць настаўнікі, у студэнцтве — выкладчыкі, а там пара і ў самастойны шлях. Насамрэч настаўніцтва — гэта праз усё жыццё. Бывае, што толькі пасля заканчэння ВНУ ты пачынаеш успрымаць свайго выкладчыка менавіта як настаўніка, у найвышэйшым значэнні слова.
Калі я вучыўся ў акадэміі ветэрынарнай медыцыны ў Віцебску, то на занятках упершыню сустрэўся з выкладчыкам Аляксандрам Субоціным. Звычайна некаторую інфармацыю пра выкладчыкаў са стажам студэнты перадаюць з вуснаў у вусны: прыдзірлівы, гняўлівы ці не, характэрныя выпадкі, выказванні — ведаеце, з факультэцкага фальклору рэальна можна многае даведацца пра чалавека. Наша знаёмства з Аляксандрам Міхайлавічам у гэтым сэнсе адбывалася з чыстага ліста, бо ён на той момант толькі пачынаў педагагічную дзейнасць. У прыватнасці, выкладаў у нас заалогію. Вельмі цікавы курс, заснаваны пераважна на паглыбленым вывучэнні тэм па біялогіі, якую вучылі ў школе, і адначасова надзвычай важны, бо на ім грунтуецца наступнае засваенне спецдысцыплін. Вось гэтыя захопленасць, матываванасць, усведамленне значнасці курса малады выкладчык неўпрыкмет змог перадаць нам. Мы яго паважалі за добрасумленнасць, адказнасць, уважлівае і справядлівае стаўленне. Прыслухоўваліся да парад, бо ацанілі ўменне бачыць нестандартныя рашэнні праблем, каб выйгралі ўсе. Плюс выкладаў ён даступна, арыентуючыся на ўзровень групы, і, відаць, ставіў планку крыху вышэй. Нават дастаткова складаныя рэчы ўмеў патлумачыць зразумела і цікава.
Яшчэ ў асобе Аляксандра Субоціна імпанавала яго карэктнасць. Ніякага панібрацтва, аднак немагчыма было ўявіць сітуацыю, каб ён дазволіў сабе зняважлівы выпад або павысіў голас. Дрэнны настрой сам пакідаў і нас вучыў пакідаць па-за межамі заняткаў. Там мы супрацоўнічалі, кожнае слова выкладчыка гучала абдумана, дакладна па справе — аналагічна і студэнты стараліся сябе паводзіць. Дарэчы, падыход поўнасцю ў традыцыях ветакадэміі, дзе студэнты ўспрымаюцца як пачынаючыя калегі. Фактычна вучэбны працэс у нас быў дыялогам калег.
Далей так склалася, што мы з Аляксандрам Субоціным неаднойчы сустракаліся на дзяржаўнай службе. У пэўныя моманты перасякаліся па рабочых пытаннях, і, здаралася, я пытаўся ў свайго былога выкладчыка, як зрабіць лепш. Адчуваў пры гэтым моцную зваротную сувязь, бо суразмоўнік не проста дзяліўся меркаваннем ці слушнай парадай, а сапраўды настаўляў тактоўна, добразычліва і строга…
Глядзець у перспектыву стратэгічна і прымаць узважаныя канкрэтныя рашэнні, тут не павінна быць нічога спантаннага. Ён вучыў мяне асновам дыпламатыі. Так, аднойчы ў перамовах з дзяржаўнай ветэрынарнай службай Польшчы я на некаторыя пытанні адказваў катэгарычным “не”. Абгрунтавана, між іншым. На што потым Аляксандр Міхайлавіч зрабіў мне заўвагу і патлумачыў перавагі менавіта дыпламатычных паводзін: навука на ўсё жыццё, за якую потым я ў розных сітуацыях яму шчыра дзякаваў.
Увогуле, многія засвоеныя прынцыпы і заўвагі і сёння выкарыстоўваю ў рабоце. Мы разам удзельнічалі ў рэалізацыі шэрага важных для Беларусі праектаў, якія Аляксандр Субоцін курыраваў. Напрыклад, па захаванні біялагічнай бяспекі, барацьбе з шаленствам дзікіх жывёл. Скаардынавана і разам, кожны на сваім узроўні, займаліся прасоўваннем беларускіх ветэрынарных прэпаратаў на замежныя рынкі і расійскі ў прыватнасці.
Нарэшце цяпер мы таксама плённа ўзаемадзейнічаем на карысць развіцця рэгіёна. Вось так і атрымліваецца, што свайго выкладчыка з ветакадэміі праз гады пасля яе заканчэння я з гордасцю і ўдзячнасцю, думаю, маю права назваць сваім настаўнікам.
Па поклічы сэрца
Да сваіх землякоў Аляксандр Субоцін адносіцца душэўна, з павагай і шчырай зацікаўленасцю іх жыццём. Трапяткое стаўленне да малой радзімы — яго адметная рыса, адзначае дырэктар сярэдняй школы № 15 Віцебска імя М.Я.Чуманіхінай Антаніна Яршова.
— Для настаўніка важна, як складваецца жыццё вучня, кім ён стане, як сябе зможа рэалізаваць. І калі мы бачым высокія дасягненні нашых выпускнікоў, то адчуваем асаблівае пачуццё гордасці. Такім вучнем для мяне стаў Аляксандр Субоцін.
Успамінаю яго поспехі ў школе і разумею, чаму ў жыцці ён выбраў менавіта такі шлях. Саша ў школе быў адказным, працавітым вучнем: выдатная логіка, уменне аналізаваць і пры гэтым стрыманасць, спакой, асаблівая інтэлігентнасць. Дапытлівы школьнік заўсёды імкнуўся даведацца нешта новае, быў патрабавальным да сябе. Мы потым уважліва сачылі за поспехамі гэтага выпускніка ў ВНУ. Вельмі цешыла яго захопленасць навукай, і як вынік вялікай працы — вучоная ступень і званне доктар біялагічных навук, прафесар!
Але ж для настаўніка асабліва важна, якім чалавекам вырас вучань. Адразу ўспамінаю добразычлівую Сашаву ўсмешку. Ён прымаў актыўны ўдзел і ў агульнашкольных мерапрыемствах, і ў спартыўных спаборніцтвах, і ў пошукавай дзейнасці. Закладзеная ў сям’і актыўная жыццёвая пазіцыя, павага да нашых традыцый, да старэйшага пакалення матывавалі брацца за дастаткова складаныя праекты і працаваць вынікова. Хлопец з захапленнем займаўся пошукам, збіраў матэрыял пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Для яго гэта была ў тым ліку памяць аб удзеле дзядулі, Пятра Ігнатавіча Субоціна, у Вялікай Айчыннай вайне. А такіх ветэранаў у нашай Рубе было шмат…
Дапамога ветэранам, клопат аб пахаваннях воінаў, справы і ўчынкі, накіраваныя на захаванне гістарычнай памяці, — усё гэта не шкадуючы ўласнага часу, па поклічы сэрца.
І цяпер Аляксандр Міхайлавіч па магчымасці наведвае наш музей, звязаныя з памяццю пра абаронцаў Айчыны рубаўскія мясціны, прычым не толькі ў памятныя даты. Тут, па-мойму, і праяўляецца сам чалавек, яго душэўнасць, дабрыня, шчырасць і сапраўдны патрыятызм. Трапяткое стаўленне да малой радзімы ў Аляксандра было заўсёды. Да сваіх землякоў ён адносіцца душэўна, з павагай і шчырай зацікаўленасцю іх жыццём. Заходзіць у родную школу, гутарыць з настаўнікамі, прымае ўдзел у нашых урачыстых мерапрыемствах. Для нас гэты клопат і ўвага вельмі дарагія.
Хочацца пажадаць Аляксандру Міхайлавічу па-ранейшаму настойліва і рупліва дасягаць пастаўленых мэт, пераадольваць любыя перашкоды на няпростым шляху, каб наш паўночны рэгіён станавіўся яшчэ больш паспяховым і прывабным для людзей, камфортным для жыцця. Заўсёды мець побач надзейную каманду аднадумцаў — яна ў кіраўніка вобласці вялікая, уключаючы педагогаў і, безумоўна, калектыў яго роднай школы. І абавязкова захаваць тую добразычлівую ўсмешку, якая падбадзёрвае, усяляе надзею і ўпэўненасць у кожнага з нас.
Таццяна БОНДАРАВА