Старшынёй рэспубліканскага клуба «Крыштальны журавель» стаў Іван Якіменка

- 11:09Новости

Старшынёй рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель” стаў Іван Якіменка. У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі падвялі вынікі дзейнасці клуба за апошнія 3 гады, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Іван Віктаравіч — настаўнік-метадыст, настаўнік матэматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці, суперфіналіст конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2011”. У звароце да калег Іван Якіменка падзякаваў ім за давер і адзначыў, што мэты клуба — стварэнне ўмоў для развіцця ініцыятывы творча працуючых педагогаў, павышэнне прэстыжу настаўніцкай прафесіі, распаўсюджванне педагагічнага вопыту, а таксама садзейнічанне прафесійным зносінам — па-ранейшаму з’яўляюцца актуальнымі, бо сістэме адукацыі заўсёды патрэбны перадавыя педагагічныя практыкі. А члены клуба (удзельнікі і арганізатары конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года” розных гадоў рэспублікан­скага і абласнога ўзроўню) заўсёды на перадавой.

На гэтым у сваім прывітальным слове зрабіла акцэнт і першы прарэктар АПА кандыдат педагагічных навук Святлана Уклейка, якая адзначыла важ­насць і неабход­насць работы клуба “Крыштальны журавель” для адукацыйнай галіны і запэўніла ў падтрымцы ініцыятыў членаў клуба і сумесным вырашэнні пытанняў адукацыі.

Падчас зацікаўленай размовы педагогаў аб ролі і месцы клуба ў сістэме адукацыі краіны былі падведзены вынікі дзейнасці прафесійнага фарміравання за апошнія тры гады. Трэба адзначыць, што зроблена было нямала. Пра гэта, а таксама пра рэалізацыю Праграмы развіцця прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў “Настаўнік года” — адукацыі Рэспублікі Беларусь” на 2019—2023 гады га­варыла настаўнік-метадыст, настаўніца біялогіі гімназіі Смаргоні, пераможца конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2006” і былы старшыня клуба “Крыштальны журавель” Ірына Клявец.

Клуб “Крыштальны журавель” быў створаны ў красавіку 2007 года. Яго заснавальнікамі з’яўляюцца Беларускае педагагічнае таварыства, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, удзельнікі конкурсу “Настаўнік года” рэспубліканскага і абласнога ўзроўню. На сённяшні дзень членамі клуба з’яўляюцца 110 чалавек.

Асноўнымі формамі работы клуба з’яўляюцца некамерцыйныя выезды ў раёны і школы краіны з мэтай абмену і распаўсюджвання інфармацыі аб станоўчым вопыце рэалізацыі адукацыйных праграм і праектаў, прапаганды педагагічных ведаў. З пачатку гэтага года былі праведзены два такія выезды — у Дзятлава і Мінск. 

 Акрамя таго, члены клуба на пляцоўках АПА, абласных інстытутаў развіцця адукацыі, у раёнах праводзяць кансультацыі, семінары, творчыя майстэрні, майстар-класы, адкрытыя ўрокі, канферэнцыі, форумы педагогаў. Прадукцыйнай у гэтым напрамку з’яўляецца дзейнасць рэгіянальных клубаў. Напрыклад, клуба Гомельскай вобласці “Зорнае крыло”, удзельнікі якога цесна супрацоўнічаюць з абласным ІРА, робяць метадычныя выезды ў раёны, дзе ахвотна дзеляцца назапашаным вопытам з калегамі, дапамагаюць у вырашэнні лакальных арганізацыйна-метадычных праб­лем.

Актыўнічае і сталічны клуб “Вялікі перапынак”. Думаю, многія ведаюць пра маладзёжны фестываль педагагічных ідэй і рашэнняў, конкурс “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, адукацыйныя выезды і педагагічныя экспедыцыі мінскіх педагогаў.

На жаль, такой насычанай дзейнасцю могуць пахваліцца не ўсе. У сувязі з гэтым было выказана пажаданне больш увагі ўдзяляць рабоце рэгіянальных клубаў.

Разам з тым папулярным сярод настаўнікаў краіны з’яўляецца штогадовы рэспубліканскі семінар-практыкум “жураўлёў”, які праводзіцца ў Азёрах. У 2021 го­дзе ён прайшоў па тэме “Шляхі і спосабы фарміравання чытацкай дасведчанасці вучняў”, а ў 2022-м — “Фарміраванне прафесійных кампетэнцый педагогаў”. Хто быў у Азёрах, той ведае, што праграма там заўсёды насычаная і актуальная. Праблемныя лабараторыі, практыкумы, квесты, майстар-класы — і гэта далёка не поўны пералік форм метадычнага ўзаемадзеяння.   

Акрамя таго, удзельнікі клуба “Крыштальны журавель” годна прадстаўляюць нашу краіну на міжнародных педагагічных форумах. Яны прымалі ўдзел у з’ездах настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД, адукацыйным форуме педагагічных майстэрань настаўнікаў года Расіі і Беларусі, Міжнародных адукацыйных форумах педагагічных майстэрань настаўнікаў года Расіі, Беларусі, Кыргызстана, Арменіі, Казахстана, супрацоўнічаюць з клубам настаўнікаў года Расійскай Федэрацыі.

Як не раз падкрэслівалася, беларускія педагогі маюць выдатную метадычную падрыхтоўку, іх урокі, майстар-класы заўсёды запатрабаваны сярод калег з іншых краін. У пацвярджэнне гэтых слоў хочацца прыгадаць II Міжнародны фестываль педагагічнага майстэрства, які праводзіўся ў межах VІІ з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД, які стаў трыумфальным для нашых настаўнікаў. Менавіта беларускія педагогі былі прызнаны лепшымі сярод больш як 30 удзельнікаў з Казахстана, Расіі, Арменіі, Кыргызстана, Таджыкістана.

Патэнцыял удзельнікаў клуба “Крыштальны журавель” высокі. Гэта лакаматыў нашай сістэмы адукацыі, які гатовы рабіць прыпынкі там, дзе неабходны дапамога і падтрымка. Трэба толькі аб’яднаць намаганні.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара