Старшыню Палаты прадстаўнікоў і старшынь камісій выбралі дэпутаты

- 10:09Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання быў выбраны Уладзімір Андрэйчанка.

Колькасць дэпутацкіх галасоў, аддадзеных у падтрымку вылучанай кандыдатуры, склала 109, супраць быў аддадзены адзін голас. Такім чынам, выбранне адбылося большасцю галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў.

Выступаючы перад дэпутацкім корпусам, Уладзімір Андрэйчанка падзякаваў за аказаны давер. Спікер выказаў упэўненасць, што ў парламент выбраны дастойныя, неабыякавыя людзі з добрай прафесійнай падрыхтоўкай. Ён таксама выказаў надзею на зладжанае і эфектыўнае супрацоўніцтва па рэалізацыі курсу, зададзенага кіраўніцтвам краіны.

13 кастрычніка на пасяджэнні ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі выбралі старшынь пастаянных камісій.

Так, на наступныя чатыры гады старшынёй Пастаяннай камісіі па заканадаўстве выбрана Наталля Гуйвік, якая ў папярэднім парламенцкім скліканні працавала ў гэтай жа камісіі, але на іншай пасадзе. Наталля Гуйвік, у прыватнасці, адзначыла, што цяпер на разглядзе ў камісіі знаходзіцца 8 законапраектаў, яшчэ адзін распрацоўваецца. Паводле слоў парламентарыя, яна бачыць перад сабой задачы завяршыць судовую рэформу, актыўна працаваць па далейшым стварэнні зразумелага і карыснага для людзей і грамадства заканадаўства.

Кіраўніком Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце выбраны Леанід Цупрык. На заканадаўчым узроўні, на думку парламентарыя, неабходна замацаваць комплекс мер па вырашэнні задач павышэння эфектыўнасці дзяржкіравання як важнага рэзерву эканамічнага развіцця.

Камісію па нацыянальнай бяспецы па рашэнні дэпутатаў узначаліць Валянцін Міхневіч. Раней ён займаў пасаду першага намесніка міністра ўнутраных спраў — начальніка крымінальнай міліцыі, генерал-маёр міліцыі. Паводле яго слоў, сённяшнія геапалітычныя працэсы патрабуюць адэкватных мер рэагавання на выклікі і пагрозы сучаснасці.

Уладзіслаў Шчэпаў выбраны старшынёй Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы. Паводле яго слоў, у найбліжэйшыя гады перад дэпутацкім корпусам, органамі дзяржаўнай улады будуць стаяць задачы па ўдасканаленні сістэмы кіравання эканомікай, павышэнні інвестыцыйнай прывабнасці краіны, разняволенні дзелавой ініцыятывы, зняцці адміністрацыйных бар’ераў для адкрыцця прадпрыемстваў і развіцця бізнесу.

Ігар Марзалюк будзе старшынёй Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Раней ён займаў пасаду ў верхняй палаце парламента. Ігар Марзалюк, у прыватнасці, звярнуў увагу, што ў найбліжэйшы час на разгляд дэпутатаў паступіць праект новай рэдакцыі Кодэкса Беларусі аб адукацыі. На яго думку, кодэкс з’яўляецца адным з найважнейшых дакументаў краіны, у сувязі з чым дэпутаты павінны зрабіць усё неабходнае для таго, каб ён садзейнічаў развіццю школьнай адукацыі, павышэнню прэстыжу педагагічнай працы і статусу педагога, развіццю дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы адукацыі.

Старшынёй камісіі па працы і сацыяльных пытаннях стала Тамара Красоўская. Паводле яе слоў, у цяперашніх умовах сур’ёзныя дэмаграфічныя выклікі патрабуюць павышанай увагі заканадаўцаў да патрэб грамадзян.

Камісію па бюджэце і фінансах узначаліць Людміла Дабрыніна, якая займала аналагічную пасаду ў Палаце прадстаўнікоў пятага склікання. Па выніках галасавання дэпутатаў, Яўген Адаменка будзе кіраваць Пастаяннай камісіяй па аграрнай палітыцы. Дэпутат Таццяна Кананчук узначаліць камісію па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы.

Камісіяй дэпутатаў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі другі тэрмін запар будзе кіраваць Андрэй Навумовіч.

Што тычыцца Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, яе кіраўніком у шостым скліканні парламента выбралі Людмілу Макарыну-Кібак. У ліку заканатворчых прыярытэтаў камісіі на наступныя чатыры гады яна бачыць пытанні фарміравання здаровага ладу жыцця, развіцця першаснай медыцынскай дапамогі, далейшую інфарматызацыю сферы аховы здароўя пры дапамозе стварэння асабістага кабінета пацыента для павышэння адказнасці саміх пацыентаў за ўласнае здароўе, умацаванне айчыннай фармацэўтычнай вытворчасці, стварэнне эфектыўнай сістэмы бесперапыннай прафесійнай адукацыі медработнікаў.

Андрэй Рыбак выбраны кіраўніком камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі.

Кіраўніком камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве выбраны Юрый Дарагакупец, які працаваў у Палаце прадстаўнікоў пятага склікання.

Валерый Варанецкі выбраны старшынёй Пастаяннай камісіі па міжнародных справах.