Стартавала акцыя “За любімую Беларусь!”

- 10:02Інфармацыйная гадзіна

Урачыстае адкрыццё ўсебеларускай акцыі “За любімую Беларусь” адбылося 8 лютага ў Рэспубліканскім доме моладзі ў Мінску.

“Рады вітаць усіх: людзей культуры, спорту, дзяржаўных служачых, моладзь, тых, хто сваімі добрымі справамі, розумам і прафесіяналізмам робіць нашу краіну яшчэ лепшай. Праект толькі стартуе, а ўжо ёсць упэўненасць, што ўсё намечанае здзейсніцца, таму што ў людзей, якія старанна працуюць на карысць краіны, заўсёды ўсё павінна атрымлівацца. Наша моладзь бярэ з вас прыклад, для многіх вы з’яўляецеся кумірамі. Важным складнікам праекта стала “Карта добрых спраў”. Вельмі хацелася б, каб гэтая карта была запоўнена як мага больш”, — адзначыў першы сакратар ЦК ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Андрэй Белякоў.

У рамках праекта ў многіх рэгіёнах Беларусі з’явяцца “Карты добрых спраў”, якія на працягу года будуць запаўняцца добрымі ўчынкамі. Таксама на картах будуць размяшчацца адрасы для аказання дапамогі (пажылым людзям, мнагадзетным сем’ям, па добраўпарадкаванні тэрыторый і інш.). З гісторыямі карт можна будзе азнаёміцца ў адкрытым доступе на інтэрнэт-рэсурсах БРСМ.

У час акцыі адбудуцца марафоны добрых спраў, дабрачынныя эстафеты, працоўныя дэсанты, маладзёжныя форумы, флэшмобы, круглыя сталы, семінары, віктарыны, творчыя конкурсы, канферэнцыі, сустрэчы, дыялогі пакаленняў, мітынгі ля помнікаў і мемарыялаў воінскай славы, канцэртныя праграмы, творчыя фестывалі. Мерапрыемствы акцыі будуць прысвечаны Дню Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, Дню Незалежнасці, а таксама розным знакавым падзеям асобных рэгіёнаў, папулярным у маладзёжным асяроддзі святам (Дзень моладзі, Дзень студэнта).