Статус культурнай сталіцы прыме Дашхавуз

- 10:25Інфармацыйная гадзіна

Урачыстае адкрыццё праграмы “Культурная сталіца СНД” адбудзецца 29—30 сакавіка ў Дашхавузе (Туркменістан), паведамілі ў прэс-службе Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.

“Заснаваны амаль 400 гадоў назад на краі пустыні Каракумы горад, праз які некалі праходзіў Вялікі шаўковы шлях, сёння беражліва захоўвае ўнікальныя помнікі гісторыі, многія з іх увайшлі ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, — адзначылі ў прэс-службе. — Сучасная інфраструктура ў спалучэнні з беражлівым стаўленнем да гістарычнай спадчыны далі магчымасць Дашхавузу прэтэндаваць на статус культурнай сталіцы Садружнасці”.
Да старту праграмы “Дашхавуз — культурная сталіца СНД” прымеркаваны адкрыццё выставак выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога і фотамастацтва майстроў СНД, канцэртная праграма ў палацы “Рухыет” з удзелам творчых калектываў краін Садружнасці. У праграме запланаваны выступленні вакальна-харэаграфічнага ансамбля з Беларусі “Белы птах”, ансамбля традыцыйнай музыкі з Арменіі, эстрадна-танцавальнага калектыву “Гульдэр” з Казахстана, танцавальных калектываў з Таджыкістана і Кыргызстана, музычнага ансамбля з Расіі.
Праграма “Дашхавуз — культурная сталіца СНД” рэалізуецца пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.