Стаўка на моладзь

- 9:40Планерка, Планёрка ў рэгіёне, Суразмоўца, Суразмоўца

Набліжаецца да заканчэння другая вучэбная чвэрць, школьнікі ў прадчуванні доўгачаканых канікул і навагодніх свят. Пра папярэднія вынікі каляндарнага года і планы на найбліжэйшую будучыню расказвае начальнік аддзела па адукацыі Бялыніцкага райвыканкама Жанна ЗВЯГІНА.

— На працягу 2022 года ўся работа аддзела па адукацыі, устаноў адукацыі раёна была накіравана на павышэнне якасці і даступнасці адукацыі, маральнае і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, падрыхтоўку выпускнікоў да ўсвядомленага прафесійнага самавызначэння.

Адным з асноўных напрамкаў на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца дапрафесійная і прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў. На працягу шэрага гадоў арганізавана вывучэнне вучэбных прадметаў на павышаным узроўні. З мэтай арыентацыі на атрыманне педагагічных спецыяльнасцей у сярэдняй школе № 1 дзейніча­юць 2 педагагічныя класы, адкрыты 2 спецыялізаваныя па спорце класы. Для прыцягнення школьнікаў да навучання па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях у Вішоўскай сярэдняй школе арганізавана работа 2 профільных класаў аграрнай накіраванасці.

Для навучэнцаў базавых 10—11 класаў у межах працоўнага навучання ў 5 школах арганізавана дапрафесійная і прафесійная пад­рыхтоўка. Летась упершыню пяці навучэнцам Галоўчынскай сярэдняй школы быў прысвоены разрад па прафесіі трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорыі “А”. І сёння гэта адна з запатрабаваных спецыяльнасцей, якія атрымліваюць навучэнцы на базе ўстановы. І ў гэтым кірунку мы працягваем працаваць.

Для павышэння выніковасці ўдзелу вучняў у рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах у Бялыніцкім раёне створаны раённыя рэсурсныя цэнтры на базе 4 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Праводзіцца ва ўстановах адукацыі і мэтанакіраваная работа па развіцці даследчай дзейнасці. Арганізавана супрацоўніцтва з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй у Горках.

Найважнейшая задача школы — дастойнае выхаванне грамадзяніна сваёй краіны. Вялікі эмацыянальны водгук у навучэнцаў знайшлі літаратурна-дакументальная гадзіна “Хатынь: гаворачая цішыня”, інтэрактыўная праграма “Няхай жывыя запом­няць, няхай пакаленні ведаюць!” у межах патрыятычнай акцыі “Жаночае аблічча Перамогі”, прысвечаная генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яе прадставілі гледачам педагогі і навучэнцы мнагапрофільнага цэнтра “Ветразь”. Ва ўстановах адукацыі раёна педагогі сумесна з дзецьмі і іх бацькамі актыўна працавалі над абласным праектам “#Мая_Зямля_Прыдняпроўе”, які другі год рэалізуецца ў школах раёна.

З мэтай навучання і выхавання ў дзецях і падлетках жадання міру ва ўсім свеце Цяхцінская сярэдняя школа ў статусе школы міру прыцягвае сваіх навучэнцаў да валанцёрскай дзейнасці і іншых патрыятычных акцый.

— Жанна Анатольеўна, якімі дасягненнямі навучэнцаў і педагогаў раён ганарыцца?

— Нашы дзеці з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі розных творчых і інтэлектуальных конкурсаў. У 2021/2022 навучальным годзе яны заваявалі 64 дыпломы, з якіх 7 — рэспубліканскага ўзроўню, 30 — абласнога, 27 — міжнароднага.

Ад уменняў, таленту, душы педагога залежыць лёс маленькага грамадзяніна. Высокапрафесійны кадравы патэнцыял з’яўляецца галоўным здабыткам і асноўнай умовай развіцця сістэмы адукацыі нашага раёна, залогам узроўню і якасці адукацыі падрастаючага пакалення. Сёння нашы педагогі — актыўныя ўдзельнікі абласных, рэспубліканскіх, міжнародных семінараў, канферэнцый, пераможцы ўсемагчымых конкурсаў. У абласной дыстанцыйнай алімпіядзе для настаўнікаў пачатковых класаў педагогі сярэдняй школы № 1 Бялыніч і Цяхцінскай сярэдняй школы заваявалі 2 дыпломы. Дыпломам III ступені ў абласным этапе фестывалю “Бяспечнае дзяцінства” ўзнагароджана намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 5 Бялыніч Наталля Гроднік. Штогод нашым педагогам за высокія дасягненні ў рабоце ўручаюцца ўзнагароды розных узроўняў.

— Ці адчуваеце праблемы з педагагічнымі кадрамі? Як іх вырашаеце?

— Зыходзячы з сучасных патрабаванняў, сістэма адукацыі раёна пастаянна мае патрэбу ў абнаўленні кадравага складу і прытоку маладых, ініцыятыўных, кваліфікаваных і творчых спецыя­лістаў. У гэтым годзе гэтая задача паспяхова выканана. У рады педагогаў прыбылі 18 маладых спецыя­лістаў. Радуе, што на сваю малую радзіму для далейшай працоўнай дзейнасці вярнуліся 8 пачынаючых педагогаў, з іх 3 — з мэтавымі накіраваннямі.

Разам з тым актуальнай праб­лемай застаецца недахоп ва ўстановах адукацыі раёна педагогаў-псіхолагаў. Над гэтым пытаннем мы працуем, робячы акцэнт на падрыхтоўку кадраў з ліку выпускнікоў школ нашага раёна, якія пасля заканчэння УВА вернуцца дадому для работы.

Замацаванню маладых спецыялістаў на першых працоўных месцах удзяляецца асаблівая ўвага. Для іх у раёне прадастаўлены ўсе сацыяльныя гарантыі: адпачынак выпускнікам, накіраваным для работы ў якасці педагагічных работнікаў (выхавальнікаў), кампенсацыя ў сувязі з пераездам на работу ў іншую мясцо­васць, грашовая дапамога. Важны момант для немясцовых маладых спецыя­лістаў — прадастаўленне жылля. Моладзь можа разлічваць у пачатку сваёй працоўнай дзейнасці на месца ў інтэрнаце, або прадастаўляецца арэнднае жыллё. З мэтай удасканалення педагагічнага майстэрства за кожным маладым спецыялістам ва ўстановах адукацыі замацаваны настаўнік з ліку вопытных педагогаў.

— Жанна Анатольеўна, навагоднія святы — час здзяйснення жаданняў. Якія мерапрыемствы запланаваны ў гэты перыяд для дзяцей?

— Штогод з 15 снежня стартуе навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, у рамках якой у кожнай установе для дзяцей арганізуюцца навагоднія ранішнікі з уручэннем ім падарункаў прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў, актывістамі грамадскіх арганізацый.

Для навучэнцаў, якія сталі пераможцамі раённых, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных алімпіяд, розных творчых, інтэлектуальных, музычных конкурсаў, а таксама для лепшых спартсменаў штогод праводзіцца навагодні паказ “Фабрыка зорак”. І гэты год не стаў выключэннем. Дзеці з мнага­дзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзеці, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС, прымуць удзел у раённай навагодняй ёлцы. Усім будуць уручаны салодкія падарункі.

— Чаго чакаеце ад надыхо­дзячага года?

— Ад новага года чакаю паспяховай рэалізацыі ўсіх намечаных планаў у развіцці адукацыі нашага раёна. Асабліва хвалюючым наступны год будзе для нашых адзінаццацікласнікаў, бо сёлета выпускнікі школ будуць здаваць экзамены па новай сістэме. Хачу пажадаць ім зрабіць правільны выбар сваёй прафесійнай будучыні і паспяхова здаць ЦЭ.

Калегам жадаю ў надыхо­дзячым годзе здароўя і дабрабыту, міру, дабра, пошукаў новых ідэй, а таксама творчых поспехаў у рабоце на карысць нашага падрастаючага пакалення і будучыні Беларусі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.