Ставіць толькі высакародныя мэты

- 12:07Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам абароны Азербайджана Закірам Гасанавым абмеркаваў перспектывы развіцця супрацоўніцтва дзвюх краін у ваенна-тэхнічнай сферы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь і Азербайджан прадаўжаюць супрацоўніцтва, у тым ліку ў ваенна-тэхнічнай сферы. “Не хачу ні перад кім апраўдвацца, які характар мае наша супрацоўніцтва. Хачу толькі сказаць адно: што нашы адносіны ні ў якім разе не парушаюць ніводны міжнародны дагавор, ніводную рэзалюцыю Савета Бяспекі і ААН у цэлым. Мы суверэнная незалежная дзяржава, і мы маем права вызначаць тыя напрамкі супрацоўніцтва, якія адпавядаюць духу часу, запытам нашых дзяржаў”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў братэрскі характар адносін паміж народамі дзвюх краін. “Мы былі ў адной краіне. У нас да азербайджанцаў наогул няма ніякіх прэтэнзій. Мы з вялікай павагай ставімся да іх. І, самае галоўнае, я добра помню, што ў цяжкія часы ваш прэзідэнт заўсёды падстаўляў плячо беларускай дзяржаве, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы гэта ўсё вельмі добра помнім і гатовы — калі мы нешта зможам зрабіць для Азербайджана — гэта зрабіць для таго, каб ваш народ жыў у бяспецы, дзяржава развівалася, а Азербайджан і народ яго быў паспяховым, каб даходы насельніцтва раслі і каб азербайджанцы былі яшчэ багацейшымі. Мы будзем ставіць толькі гэтыя высакародныя мэты”.

“І, зразумела, каб Азербайджан сябе адчуваў гэтак жа, як Беларусь — спакойна, надзейна, трэба ўмацоўваць абарону. Нічога новага. Таму мы разам з вамі працуем у гэтым плане і будзем прадаўжаць працаваць”, — дадаў ён.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама асабліва адзначыў яго дружалюбныя адносіны з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым і папрасіў перадаць яму самыя добрыя пажаданні. “Думаю, у найбліжэйшы час мы сустрэнемся, у нас будзе магчымасць пагаварыць на розныя тэмы”, — сказаў прэзідэнт.

У сваю чаргу Закір Гасанаў падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за магчымасць сустрэчы, нягледзячы на шчыльны графік. “Гэта мы ацэньваем як павагу да нашага прэзідэнта, народа, нашай краіны”, — падкрэсліў міністр.

Ён перадаў кіраўніку дзяржавы найлепшыя пажаданні і словы прывітання ад Прэзідэнта Азербайджана. “Ён асабліва адзначыў нашы адносіны — паміж вамі, паміж народамі. У Азербайджане любяць Беларусь і любяць вас, з павагай ставяцца да вашай краіны. У нас вельмі цесныя сувязі ва ўсіх галінах. Вы абсалютна маеце рацыю, што ў нас ёсць чаму вучыцца адзін у аднаго”, — заявіў Закір Гасанаў.

Міністр адзначыў, што ў ваенна-тэхнічнай сферы ёсць добрыя праекты і супрацоўніцтва. “Усё гэта не супярэчыць міжнародным законам. З поўнай адказнасцю заяўляю, што абсталяванне, якое мы атрымлівалі па лініі ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, высокай якасці, яно паспяхова прымяняецца ва Узброеных Сілах Азербайджана. І гэта нам дае магчымасць далей прадаўжаць і нават пашыраць (супрацоўніцтва. — Заўв. БелТА.), мы на гэта настроены”, — сказаў ён.

Закір Гасанаў даў высокую ацэнку вынікам сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы, на якой па ўсіх абмеркаваных пытаннях “было дадзена зялёнае святло”. “Мы будзем у гэтым плане ў ваеннай сферы супрацоўнічаць яшчэ больш і канкрэтна”, — адзначыў міністр.