STEAM і школа ХХІ стагоддзя

- 14:13Адукацыйная прастора

Адна з асаблівасцей STEM- і STEAM-адукацыі — педагог не можа распаўсюджваць яе ў адзіночку. Каб шукаць міжпрадметныя сувязі і праводзіць кросдысцыплінарныя даследаванні, выпрацоўваць навыкі каманднай работы і калабарацыі, патрэбны калектыў з зацікаўленых настаўнікаў. Каманда інавацыйнага праекта ў сярэдняй школе № 2 Лунінца налічвала спачатку толькі 18 настаўнікаў, педагогаў-псіхолагаў, супрацоўнікаў адміністрацыі ўстановы. Зараз развіццём STEAM-адукацыі ў школе займаюцца 29 чалавек, а калі прыгледзецца, то зразумееш, што ў гэты працэс уцягнуты ўсе без выключэння. Упэўніцца ў гэтым мы змаглі падчас школьнага STEAM-фестывалю педагагічнага майстэрства “Сучасныя методыкі і тэхналогіі навучання і выхавання як аснова эфектыўнага педагагічнага вопыту”.

Шляхам інавацыі

Сярэдняя школа № 2 Лунінца стала ўдзельніцай інавацыйнага праекта “Увядзенне мадэлі STEAM-адукацыі як сродку дапрофільнай падрыхтоўкі ва ўстанове адукацыі” ў 2018 годзе. Як прызнаецца намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Вітальеўна Бойка, такі напрамак інавацыйнай работы выбралі таму, што ён падаўся найбольш экзатычным, зусім незнаёмым, але карысным і для вучняў, і для саміх педагогаў.

— Другая прычына — гэта знаёмства з куратарам праекта Анжалікай Анатольеўна Ме­шчараковай, — расказвае Наталля Віталь­еўна. — Яна вельмі ўразіла і як педагог, і як кіраўнік, з якім адразу захацелася працаваць. Дзякуючы ёй, мы добра разумеем, над чым і навошта працаваць у межах праекта.

Дапамога куратара сапраўды аказалася патрэбнай — пра STEAM у школе ведалі не так шмат, таму пачаліся шматлікія вэбінары, выкладчыкі сталічных і абласных універсітэтаў прыязджалі ў Лунінец з лекцыямі і семінарамі. У выніку зараз складана паверыць, што школа займаецца STEAM-адукацыяй толькі паўтара года — столькі цікавых праектаў і распрацовак нарадзі­лася ў яе сценах за гэты час.

QR-коды і 3D-мадэляванне для гісторыі і грамадазнаўства

Знаёмства са школай пачнём з яе гісторыі — для гэтага ў актавай зале падрыхтаваны спецыяльныя стэнды, дзе кожны ахвотны можа пачытаць пра вядомых педагогаў і выпускнікоў. На кожным стэндзе размешчаны QR-коды, па якіх адкрываюцца дадатковыя матэрыялы пра школу. Тут жа асобны стэнд, прысвечаны Лунiнеччыне, — віртуальную экскурсію з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці распрацавалі вучні пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяны Сяргееўны Харытановіч. Так педагогі імкнуцца зрабіць больш прывабным вывучэнне гісторыі сваёй школы і роднага краю.

— Калі мы браліся за STEAM-праект, то перажывалі, як настаўнікі гуманітарных дысцыплін змогуць выкарыстоўваць элементы STEAM,  — згадвае Наталля Вітальеўна. — Але яны сталі выкарыстоўваць на ўроках элементы дапоўненай рэальнасці, складаць для заняткаў visual-карты — дыдактычныя матэрыялы з QR-кодамі, якія вучні могуць сканіраваць, каб даведвацца больш па тэме ўрока.

Іншы праект на мяжы гісторыі і тэхналогій арганізавалі Таццяна Сяргееўна і настаўнік працоўнага навучання Сяргей Аляксандравіч Карпец. Пад іх кіраўніцтвам школьнікі майструюць 3D-мадэлі сусветных славутасцей. У калекцыі ўжо і Біг-Бэн, і Эйфелева вежа, і егіпецкія піраміды, і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Спачатку мадэлі рабілі па гатовых інструкцыях для 3D-ручак, а зараз вучні распрацоўваюць іх самастойна. Гатовыя мадэлі можна выкарыстоўваць на ўроках гісторыі, грамадазнаўства, геаграфіі.

Мікракантролеры і лабірынт для робата на занятках нямецкай мовы

Пра выкарыстанне мікракантролераў Caliope Mini для навучання нямецкай мове мы пісалі раней (“НГ” ад 03.09.2019): тады настаўнікі з 13 школ Беларусі праходзілі курс павышэння кваліфікацыі, каб навучыцца працаваць з мікракантролерам. Былі сярод іх настаўніца нямецкай мовы На­дзея Міхайлаўна Вярэніч і настаўнік інфарматыкі Святаслаў Юр’евіч Юрко. Праз два месяцы работы з вучнямі яны паказалі першыя вынікі. На занятках аб’яднання па інтарэсах “Праект з Caliope Mini” дзеці на аснове мікракантролера перадаюць паведамленні азбукай Морзэ, трэніруюць вусны лік, іграюць музыку і ў той жа час вывучаюць новыя нямецкія словы, практыкуюцца ў маўленні. Пры гэтым фарміруюцца асновы алгарытмічнага мыслення і навыкі праграмавання.

— На занятках шмат увагі ўдзяляем сацыялізацыі дзяцей, — расказала Надзея Міхайлаўна. — Яны працуюць у групах, мікрагрупах, тандэмах, прычым кожны раз у новай камандзе, таму дзеці вучацца планаваць сумесную работу, размяркоў­ваць абавязкі, дамаўляцца.

Яшчэ адна распрацоўка для вывучэння нямецкай мовы дапамагае спазнаваць рэгіёны Германіі. Гэта своеасаблівая карта — лабірынт краіны, падзеленая на асобныя рэгіёны: маленькі робат (дарэчы, зроблены з зубной шчоткі, правадоў і батарэйкі!) рухаецца па карце, пакуль не спыніцца ў адным з рэгіёнаў — пра яго і павінны прачытаць ці расказаць вучні ў класе. Калі ўсе рэгіёны пройдзены, вучні выконваюць тэсты за камп’ютарам. На думку настаўніцы нямецкай мовы Вольгі Мікалаеўны Кузьміч, пад кіраўніцтвам якой быў распрацаваны праект, такі забаўляльны элемент дапамагае пазбавіцца завучвання інфармацыі пра рэгіёны і зрабіць урокі больш цікавымі.

Сад Гётэ і малюнкі на пяску

Школа рэалізоўвае інавацыйны праект менавіта ў STEAM-адукацыі, яе важны кампанент — гэта аrt, мастацтва, таму шмат намаганняў настаўнікі прыкладаюць, каб развіваць у школьніках творчыя здольнасці і крэатыўнае мысленне.

Стымуляваць фантазію і зні­маць напружанне школьнікам дапамагае пескаграфія. Як расказала настаўніца пачатковых класаў Тамара Адамаўна Кацуба, малюючы пяском, дзеці ахвотней эксперыментуюць і не баяцца памыліцца, бо любую неахайнасць лёгка выправіць, прысыпаўшы патрэбнае месца новым слоем пяску. Створаныя на стале для пескаграфіі малюнкі жывуць нядоўга, таму страху ацэнкі няма таксама.

— Такі спосаб малявання развівае маторыку, а значыць, і маўленне, і графаматорыку, — расказвае Тамара Адамаўна, насыпаючы пясок. — Яго выкарыстоўваюць для лячэння неўрозаў, а здаровым дзецям такая тэхніка дапамагае ста ць больш спакойнымі, ураўнаважанымі.

Цэнтрам школы і, напэўна, найбольш багатым месцам для міждысцыплінарных даследаванняў з’яўляецца сад Гётэ, створаны ў межах аднайменнага конкурсу Інстытута Гётэ ў Мінску. Унутраны дворык удала запоўніў сад, створаны ў выглядзе зоркі (зорным садам называлі сад самога пісьменніка з-за таго, што сцяжынкі ў ім разыходзіліся ў пяць розных бакоў, як праменьчыкі зоркі). І незвычайныя расліны, такія як рэліктавыя гінкга білоба, і раскіданыя па садзе цытаты Гётэ — кожны элемент мае пэўнае значэнне і цікавы для вывучэння.

Навука і тэхналогіі

STEAM-падыход робіць навуку і тэхналогіі забаўляльнымі і прывабнымі, каб навучыць школьнікаў выкарыстоўваць іх для даследавання і вывучэння мясцовых праблем. У сярэдняй школе № 2 Лунінца для гэтага працуюць і клуб знаўцаў хіміі, і навуковая суполка “Думка”. Напрыклад, у выніку свайго даследавання інтэнсіўнасці забруджання цэзіем-137 карася сярэбранага ў вадаёмах Лунінеччыны школьнікі расказалі, як правільна гата­ваць вылаўленую рыбу, каб не спажы­ваць небяспечны элемент.

А каб зацікавіць канструяваннем і праграмаваннем робатаў, з вучнямі пачынаюць праца­ваць яшчэ ў пачатковай школе. Спачатку элементы канструявання з’яўляюцца на занятках, калі дзеці ствараюць, напрыклад, герояў любімых казак ці жывёл з Чырвонай кнігі з канструктара LEGO (госці фестывалю, дарэчы, адолелі гэтае заданне на ўра!). Адначасова яны спасцігаюць асновы алгарытмізацыі падчас заняткаў у асяроддзі праграмавання Scratch. Потым школьнікі пераходзяць да праграмавання робатаў. Каруселі, месяцаходы, будаўнічыя краны — дзеці праграмуюць робатаў з нескладаным рухам на канструктары LEGO WeDo. Нарэшце вучні спра­буюць працаваць з больш прасунутымі наборамі LEGO Mindstorms EV3. Так ад гульні са звычайнай цацкай яны вырастаюць да ўдзелу ў робататэхнічных спаборніцтвах і алімпіядах па інфарматыцы (школа ўжо шмат гадоў паказвае добрыя вынікі на рэспубліканскім і міжнародным узроўні).


На думку Наталлі Вітальеўны, галоўны плюс STEAM-падыходу заключаецца ў тым, што знайсці занятак адпаведна сваім здольнасцям і інтарэсам можа любы школьнік. Адсюль — большая ўцягнутасць у вучэбны працэс і дадатковыя заняткі, упэўненасць у сваіх сілах і адкрытасць да новага. Матывуе інавацыйны праект і саміх настаўнікаў.

— Вельмі важнымі для нас былі словы нашых педагогаў-ветэранаў, — расказала Наталля Вітальеўна. — Для нас яны легенды адукацыі. Калі мы прэзентавалі ім тыя віды дзейнасці, якія развіваем зараз, яны сказалі, што пакідалі школу ХХ стагоддзя, а цяпер завіталі ў школу ХХІ стагоддзя. Тады мы зразумелі, што рухаемся ў правільным напрамку.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.