Сцежка вядзе за гарызонт…

- 10:43Адукацыйная прастора

Лета… Канікулы… Што можа быць больш цудоўным за яснае неба, яркае сонейка, звонкія птушыныя галасы, шапаценне траў і… нягучную песню пад гітару каля вуглёў кастра пад бяздонным купалам неба. Рамантыка, прыгоды, адкрыцці на кожным кроку, сябры-таварышы, якія дзеляць многія кіламетры турыстычных дарог — гэта ўсё турысцкі лагер.

160 дзяўчынак і хлопчыкаў ад 11 да 17 гадоў сёлета прымуць удзел у турыстычна-спартыўным палатачным перасовачным аздараўленчым лагеры, арганізаваным Цэнтрам турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска.

Турысцкі лагер для выхаванцаў цэнтра — гэта захапляльныя падарожжы па дарогах Беларусі, краязнаўчыя і пошукавыя экспедыцыі, якія дазваляюць прыадкрыць таямніцы мінулага і вывучыць асаблівасці сучаснасці, гэта турыстычна-спартыўныя спаборніцтвы і зборы. Падышла да заканчэння змена спартыўна-турыстычнага перасовачнага палатачнага аздараўленчага лагера цэнтра, і ўжо многія прыгоды становяцца ўспамінамі. А памятаеш…

А памятаеш, як у дажджлівы летні вечар мы ставілі палаткі над возерам Прорва Кіраўскага раёна, як на сырых дровах спрабавалі прыгата­­ваць просценькую турысцкую вячэру і як раптам стала цёпла і ўтульна, калі, збіўшыся пад тэнтам, мы пад гукі гітары заспявалі “…если друг оказался вдруг”. Так, не любіла нас надвор’е ў паходзе: і зацяжныя дажджы, і халады, і вецер. Але ніколькі яно не перашкодзіла юным спартсменам-арыенціроўшчыкам пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Вадзіма Святаслававіча Шапялевіча падрыхтавацца да рэспубліканскіх спаборніцтваў падчас збораў на Прорве. Яны адточвалі сваё майстэрст­ва, адшуквалі пікеты ў глухім лесе і на забалочанай пойме Бярэзіны. І вынікі гэтых трэніровак не прымусілі сябе доўга чакаць. Юныя арыенціроўшчыкі пад кіраўніцтвам педагогаў Ірыны Сяргееўны Сакаловай і Вадзіма Святаслававіча Шапялевіча атрымалі заслужаныя ўзнагароды на рэспубліканскіх спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні ў складзе зборнай каманды Магілёўскай вобласці, якія адбыліся гэтым летам на тэрыторыі Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.

Урокам мужнасці, гераізму, любові да роднай зямлі стала для выхаванцаў цэнтра пошукавая экспедыцыя “Вахта памяці-2012”. Пад кіраўніцтвам педагогаў Сяргея Аляксандравіча Поразава, Ліліі Уладзіміраўны Комар, Таццяны Валянцінаўны Філатавай, Уладзіміра Яўгенавіча Яўстратчыка 22 гурткоўцы прайшлі дарогамі баявой славы па мясцінах “Бабруйскага катла”. Сабраны вялікі края­знаўчы матэрыял, праінтэрв’юіраваны відавочцы ваенных падзей, ветэраны, адноўлены многія эпізоды абароны і вызвалення Бабруйска. Дамінантай экспедыцыі было ўрачыстае мерапрыемства па перазахаванні астанкаў 11 чырвонаармейцаў, якія загінулі пры абароне Бабруйска ў чэрвені 1941 года, прымеркаванае да Дня горада. Члены пошукавай экспедыцыі сталі актыўнымі ўдзельнікамі збору інфармацыі і вызначэння імён загінуўшых чыр­вонаармейцаў. Экспедыцыя “Вахта памяці” прадоўжыла сваю работу ўжо на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, на славутых Сіняўскіх вышынях Ленін­градскай вобласці ў садружнасці са сваімі расійскімі калегамі.

Апынуцца ў цэнтры Еўропы пашчасціла ўдзель­нікам краязнаўчай экспедыцыі пад кіраўніцтвам педагогаў Лідзіі Міхайлаўны Пазняк і Ларысы Уладзіміраўны Жаўнерык. Дзе­вяць дзён удзельнікі палатачнага лагера цэнтра правялі, вывучаючы славутыя мясціны Полацка, гідралагічныя асаблівасці самага глыбокага возера Беларусі Доўгае і возера Шо, дзе ўсталявана інфармацыйная дошка “Цэнтр Еўропы”. Кожны з удзельнікаў экспедыцыі прывёз дадому спецыяльны сертыфікат наведвальніка цэнтра Еўропы і фотаздымкі мемарыяльнага знака ў цэнтры Полацка.

Маршрут воднага паходу І катэгорыі складанасці для выхаванцаў цэнтра правялі Дзмітрый Леанідавіч Руновіч і Уладзімір Яўгенавіч Яўстратчык. На катамаранах і байдарках яны прайшлі больш як 150 кіламетраў блакітных дарог, удасканальваючы навыкі воднага турызму, наперадзе ж парожыстыя рэкі Карэліі.

Сцежка вядзе за гарызонт… А гарызонты ва ўдзельнікаў турысцкага лагера цэнтра далёкія. Зборы па скалалажанні, пошукавая экспедыцыя, краязнаўчая экспедыцыя, прысвечаная славутаму земляку Барысу Мікулічу, экспедыцыя “Маршрутамі ваенных падзей 1812 года”, пешы паход І катэгорыі складанасці па Магілёўшчыне, экспедыцыя да ўнікальнага возера Свіцязь і найстаражытнейшага Лаўрышаўскага манастыра.

Чым вабіць дзяцей такі від адпачынку? Рамантыкай, магчымасцю нефармальных зносін з равеснікамі, магчымасцю апынуцца ў экстрэмальнай сітуацыі і адчуць сябе дарослым, самастойным, гатовым прыняць і рэаліза­ваць сваё рашэнне. Педагогі ж ацэньваюць важнасць турыстычна-краязнаўчай дзейнасці навучэнцаў, самы актыўны перыяд якой якраз прыпадае на лета, як дзейнасць, што мае велізарны выхаваўчы патэнцыял.

Турыстычныя мерапрыемствы, як ніякія іншыя, выхоўваюць любоў да роднай зямлі не на словах, а на справе, вучаць уменню працаваць у камандзе, слухаць і чуць таварыша, на практыцы адчуць дзейнасць прынцыпу ­“адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”. Менавіта турызм і краязнаўства ­даюць той неабходны сімбіёз ведаў, аздараўлення і выхавання, які спрабуюць спецыялісты прынесці ў сістэму летняга аздараўлення падрастаючага пакалення.

Святлана МАКСІМОВІЧ,
намеснік дырэктара Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска.