Сцежкамі малой радзімы

- 16:07Дашкольная адукацыя

У дзіцячым садзе аграгарадка Лунна Мастоўскага раёна пануе па­дамашняму цёплая і ўтульная атмасфера. Сёння тут з 39 выхаванцамі працуюць 9 педагогаў, якія на самым высокім узроўні знаёмяць дзяцей з культурай, мовай і духоўнымі каштоўнасцямі беларускага народа і сваёй малой радзімы. Загадчыца ўстановы Алена Калецінская з’яўляецца пераможцай рэспубліканскага конкурсу “За маральны подзвіг настаўніка”.

 

Перамогі асабістыя і калектыўныя 

— Вядомы педагог А.С.Макаранка гаварыў: “Уменне выхоў­ваць — гэта такое ж мастацтва, як добра іграць на скрыпцы або раялі, добра пісаць карціны”. Гэтыя словы сталі для мяне пуцяводнай зоркай у прафесійнай дзейнасці, — адзначае Алена Васільеўна. — Кіраўнік і педагог заўсёды навідавоку, кожны яго ўчынак ацэньваецца. Ён павінен быць сабраным, падцягнутым, усмешлівым. Работа з дзецьмі дапамагае мне заставацца маладой, дае штуршок да пастаяннай творчасці і развіцця. Мае асабістыя прафесійныя перамогі — гэта перамогі ўсяго калектыву, а перамогі кожнага педагога — гэта і мой поспех. Дзявяты год наша ўстанова займае 1-е месца ў раённым конкурсе на лепшую арганізацыю работы па развіцці сістэмы адукацыі сярод сельскіх дзіцячых садкоў. Гэта даецца нялёгка. Кожны супрацоўнік уносіць свой уклад у нашу перамогу.

На працягу пяці гадоў педагогі Лунненскага дзіцячага сада з поспехам выступаюць на міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольных адукацыйных арганізацый краін СНД “Майстэрства без меж”. Адна з канкурсантак, выхавальніца Алена Лунеўская, ра­зам з дзецьмі рэалізоўвала міжнародны сеткавы праект “Планета дзяцінства”. Яна заняла 1-е месца ў кірмашы педагагічных ідэй сярод дашкольных адукацыйных арганізацый гарадоў Расіі і краін СНД і 1-е месца ў намінацыі “Рэалізацыя сучасных адукацыйных тэхналогій”, дзе прадстаўляла інтэрактыўную гульню.

— Тое, кім у будучыні ста­нуць нашы выхаванцы, што яны да­дуць грамадству, шмат у чым зале­жыць ад таго, што мы, дарослыя, у іх закладзём, — працягвае загадчыца сада. — Мы імкнёмся да таго, каб нашы дзеці не адчувалі сябе хоць у нечым ушчэмленымі ў параўнанні з гарадскімі. Наадварот, паколькі ў групах займаецца па 12 чалавек, ёсць магчымасць удзяляць увагу кожнаму. У нас добрае прасторава-развіццёвае асяроддзе, сучаснае надворнае гульнявое абсталяванне, экалагічная сцежка. Мы развіваем творчыя і даследчыцкія здольнасці дзяцей, прапануем ім дадатковыя адукацыйныя паслугі па розных кірунках. Прафесіяналізм педагогаў дае свае вынікі. Выхаванцы штогод атрымліваюць дыпломы на раённым фестывалі дзіцячай музычна-песеннай і танцавальнай творчасці, конкурсе праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон”, міжнародных дзіцячых творчых конкурсах і г. д. Даследчыя праекты “Мой радавод”, “Пра што нам могуць расказаць камяні?” нядаўна сталі прызёрамі раённага конкурсу “Я — даследчык”.

Маленькія беларусы

Лунненскі дзіцячы сад размешчаны ў жывапісным кутку Беларусі, над магутным Нёманам, у сельскай мясцовасці з багатай гістарычнай спадчынай. Тут пісалі свае творы Эліза Ажэшка, Міхась Явар, сучасная беларуская паэтэса Ірына Навуменка (Данік). Сама атмасфера, якая тут пануе, спрыяе выхаванню ў дзяцей патрыятычных пачуццяў.

Важную ролю ў выхаванні маленькіх беларусаў адыгрывае беларускамоўнае асяроддзе дзіцячага сада. У кожнай групе ёсць сімволіка Беларусі, нацыянальныя куткі. Дзеці атрымліваюць веды аб нашых сімвалах, дзяржаўных і народных святах, славутых месцах роднай вёскі і краіны. Прылады працы, прадметы побыту, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сабраны ў этнаграфічным кутку “Беларуская хатка”. Тут мы бачым ручнікі, посцілкі, сурвэткі, гліняны посуд, калаўрот, аканіцы, пакрытыя разьбой, каваныя завесы, саламяныя брылі — усё гэта высокамастацкія і ў той жа час звычайныя рэчы, без якіх немагчыма ўявіць сялянскі побыт.

Дзеці далучаюцца да беларускай вуснай народнай творчасці праз калыханкі, лічылкі, забаўлянкі, казкі, легенды, паданні і інш. Праводзяцца народныя святы і забавы “Гуканне вясны”, “Масленіца”, “Саракі”. Старэйшыя выхаванцы асвойваюць ручное ткацтва. Ярка і запамінальна праходзяць гадзіны і вечарыны пісьменнасці, якія спрыяюць прывіццю любові да беларускага слова. Так, тэатралізаванае свята, прысвечанае Дню беларускай мовы, было арганізавана летась сумесна з членамі клуба ЮНЕСКА “Лепрыконсы” гімназіі № 10 Гродна. Гучалі беларускія песні, дзеці чыталі вершы на роднай мове, выконвалі народныя танцы, адгадвалі загадкі, гулялі ў народныя гульні.

— Мы ладзім прагулкі і экскурсіі па аграгарадку Лунна і яго ваколіцах, — падкрэслівае Алена Васільеўна. — Ходзім у школу, магазін, бібліятэку, аптэку, на пошту. Дзеці даведваюцца пра тое, як функцыянуюць гэтыя ўстановы, атрымліваюць уяўленні аб разнастайных патрэбах людзей, вызначаюць, хто і як клапоціцца пра жыхароў вёскі. Наведваем з экскурсіямі Гудзевіцкі гісторыка-краязнаўчы музей, народны музей баявой славы Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета, помнік воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, дзе выхаванцы ўскладаюць кветкі, ушаноўваюць памяць герояў.

За навукова-метадычную работу па патрыятычным выхаванні і падрыхтоўку даследчай работы “Сцежкамі малой радзімы” загадчыца сада Алена Калецінская атрымала ўзнагароды міжнародных конкурсаў  “Педагагічнае прызванне” і “Па-за кадрам: ад гісторыі сям’і да гісторыі супольнасці”.

Даступна пра галоўнае

З 2015 года Лунненскі дзіцячы сад рэалізуе інавацыйны праект па духоўна-маральным выхаванні на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа (зараз ідзе трэці этап праекта). Установа з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па названай тэме, дзеліцца адпаведным вопытам з іншымі дзіцячымі садамі краіны. У рамках праекта ў дзвю­х дашкольных групах з дзецьмі 4—5 і 5—6 гадоў у вольны ад асноўных заняткаў час выхавальнікі Юлія Кароль і Святлана Мазырка праводзяць урокі дабрыні. Даступна, на прыкладзе жыцця нашых продкаў, святых людзей, яны выхоўваюць у малых любоў да баць­коў, павагу да старэйшых, фарміруюць агульначалавечыя якасці. Педагогі расказваюць дзецям пра людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё дапамозе іншым, пра неабходнасць клапаціцца аб прыродзе, паважаць традыцыі свайго народа. Работа вядзецца ва ўзаемадзеянні з сем’ямі выхаванцаў і святарамі праз творчую і мастацкую дзейнасць, дабрачынныя канцэрты, святы, акцыі, выставы, экскурсіі да святынь. На сямейных вечарах бацькі расказваюць аб сваіх традыцыях выхавання. Падчас святкавання Дня маці (Пакрова Прасвятой Багародзіцы), Каляд, Вялікадня ў рабоце з дзецьмі выкарыстоўваецца тэатр батлейка і ценявы тэатр. Гэта заслуга намесніка загадчыка ўстановы Наталлі Багданец, якая працуе ў інавацыйным праекце з самага пачатку. З дабрачыннымі выступленнямі калектыў сада наведвае выхаванцаў СПЦ, ЦКРНіР і вучняў пачатковых класаў лунненскай школы.

Педагогі ствараюць сродкі навучання па духоўна-маральным выхаванні: гульнявыя дапаможнікі, дыдактычныя, настольна-друкаваныя гульні, інтэр­актыўныя папкі-лэпбукі, лэпбоксы, электронныя сродкі навучання. Яркія, маляўнічыя пазлы, кніжкі-малышкі дораць выхаванцам незабыўныя эмоцыі. У лэпбоксе “Куфэрак Алесі” сабраны дыдактычныя гульні на беларускай мове для развіцця маўлення і культуры міжасобасных зносін малышоў. У лэпбоксе “Куфэрак Арынкі” прадстаўлены дыдактычныя гульні “Збяры малюнак: праваслаўныя прытчы”, “Збяры малюнак: праваслаўныя традыцыі”, дыдактычнае лато “Праваслаўныя традыцыі”, якія знаёмяць дзяцей з асобнымі біблейскімі падзеямі. Дыдактычныя даміно і кубікі “Пра дабро і зло” пашыраюць уяўленні дзяцей аб асноватворных маральных нормах. Наладжаны абмен вопытам з установамі, дзе рэалізуецца аналагічны рэспубліканскі праект, — яслямі-садам № 77 Гродна, Жыровіцкім яслямі-садам, яслямі-садам № 170 Гомеля, яслямі-садам № 4 “Караблік дзяцінства” Нясвіжа Мінскай вобласці.

Будучыня нашай краіны залежыць ад падрастаючага пакалення: яго каштоўнасных арыенціраў, мыслення і паводзін, ад таго, як мы зможам зберагчы культуру сваіх продкаў, родную беларускую мову.

На ўласным прыкладзе

Загадчыца сада Алена Калецінская з’яўляецца пераможцай рэспубліканскага конкурсу “За маральны подзвіг настаўніка”. У знак падзякі за работу на ніве духоўнай адукацыі яна была ўзнагароджана граматай Маскоўскага Патрыярхату Беларускай Праваслаўнай Царквы. Матэрыялы інавацыйнай дзейнасці калектыў сада прадставіў на XIX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі ў Мінску. У выніку быў атрыманы падзячны ліст ад протаіерэя Фёдара Поўнага, старшыні Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі.

— Я шчаслівы чалавек, таму што ў мяне ёсць любімая справа, — гаворыць Алена Васільеўна. — Маючы за плячыма вялікі вопыт кіраўніка, я пераканана ў тым, што толькі ўласным прыкладам можна павесці калектыў да перамог. Таму, у першую чаргу, не даю шансу спыняцца на дасягнутым самой сабе. Вяду актыўны лад жыцця: у вольны час падарожнічаю, захапляюся плаваннем, зімой — пешымі прагулкамі ў лесе. У такія хвіліны ў галаве нараджаюцца новыя ідэі і планы. З гэтага года, напрыклад, з калегамі мы вырашылі нала­дзіць супрацоўніц­тва з ПВТ, прадставілі свае работы на конкурс STEМ-праектаў. Упэўнена, нашай, хоць і невялікай, але вельмі дружнай і прафесійнай камандзе аднадумцаў пад сілу ажыццявіць любыя задумы.

Надзея ЦЕРАХАВА.