Сцяжына гісторыі, сцяжына ў школу, сцяжына ў жыццё

- 10:48Навіны рэгіёнаў

Асфальтавая сцяжына, абапал якой раскінуліся стракатыя кветнікі, вядзе ў храм навукі — двухпавярховы, прыгожы, дагледжаны будынак Дабромысленскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна. Колькі ж хлопчыкаў і дзяўчынак прайшло па гэтай сцяжыне, а колькі прайшло па дарозе ведаў? Не злічыць, бо гісторыя школы вядзецца не ад узвядзення яе сучаснага будынка, а з 1862 года, калі ў Дабромыслі было адкрыта народнае вучылішча.

Тулілася вучылішча ў звычайнай сялянскай хаце. Калі ў 1889/1890 навучальным годзе заняткі наведвалі 42 хлопчыкі і адна дзяўчынка, то ўжо ў 1892/1893 навучальным годзе дзетак прыбавілася — іх стала 60. У 1905/1906 навучальным годзе за парты селі 70 вучняў. З 1913 года ў вёсцы працавала чатырохкласнае народнае вучылішча. Усе класы (па 12—15 дзяцей) займаліся ў адным пакоі. З аднаго боку сядзелі старэйшыя вучні, з другога — малодшыя. Многія сяляне аддавалі сваіх сыноў і дачок на вучобу. Як толькі хлопчыкі і дзяўчынкі пачыналі чытаць і лічыць, бацькі забіралі дзяцей, каб тыя прывучаліся да хатняй работы.У 1920 годзе наш край адышоў пад Польшчу. “Усе прадметы выкладаліся на польскай мове, вывучалі Закон Божы на польскай мове, арыфметыку, прыродазнаўства, вучыліся вышываць. Школа была трохкласнай. Працавалі ў школе муж і жонка Дзіянісій Іосіфавіч Цісялькевіч і пані Мар’я. Цяжка было вучыцца не на роднай мове”, — успамінае былая вучаніца Настасся Іванаўна Карачун, 1927 года нараджэння, якая хадзіла ў школу ў 1936 годзе.
У час фашысцкай акупацыі працавала чатырохкласная школа. Навучанне вялося на беларускай мове, але азбука была лацінскай. У 1945 годзе школа стала сямігадовай, а з 1951 года — сярэдняй. У 1953 годзе адбыўся яе першы выпуск. Большасць з тых 10 вучняў атрымалі вышэйшую адукацыю. У 50—60-я гады ў старшых класах займаліся вучні не толькі з вёсак нашага сельсавета, але і з Волькаўскага. Колькасць навучэнцаў у школе дасягала 400. З 1940 па 1979 год школа размяшчалася ў двух драўляных будынках. У 1977 годзе пачалося будаўніцтва новага цаглянага двухпавярховага. На будаўніцтве працавалі і настаўнікі, і тэхработнікі, і вучні. 1 верасня 1979 года, калі будынак і тэрыторыя вакол яго не былі да канца добраўпарадкаваны, у вучэбных класах яшчэ пахла фарбай, пачаліся заняткі.
Спартыўная зала, сталовая, прасторныя пакоі — усё было незвычайным. У перапоўненых класах дзеці атрымлівалі якасныя веды, вывучалі асновы навук, засвойвалі нормы маральных паводзін, атрымлівалі грамадзянска-патрыятычнае выхаванне і, што самае галоўнае, фарміраваліся як асобы. З маленькай крыніцы школьных ведаў у шырокую раку навукі ўліліся нашы выпускнікі — кандыдат педагагічных навук Наталля Міхайлаўна Сярко (скончыла школу ў 1983 годзе), кандыдат эканамічных навук Валянціна Мікалаеўна Ляшко (1988 год). Многім былым навучэнцам, якія сталі настаўнікамі, медыкамі, ваеннымі, будаўнікамі, механізатарамі, носьбітамі самых розных прафесій, школа адкрыла дарогу ў вялікае жыццё.
Узгадваюцца словы былой настаўніцы Таццяны Ігнатаўны Казлоўскай, якая на развітанне аднаму з выпускаў сказала: “Кім бы вы ні былі, галоўнае ў жыцці — заўсёды заставацца годным чалавекам, шчырым беларусам”. Менавіта фарміраванню чалавека ў найлепшых яго праявах і накіравана творчая дзейнасць нашых настаўнікаў. Вынікам прызнання значных дасягненняў педагагічнага калектыву стала, напрыклад, узнагароджанне настаўніка нямецкай мовы Аляксандра Міхайлавіча Малышкі званнем “Заслужаны настаўнік БССР”. Ганаровы знак “Выдатнік адукацыі” атрымала настаўніца матэматыкі Лідзія Пятроўна Малышка і настаўнік пачатковых класаў, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, інвалід ІІ групы Сяргей Васільевіч Снітко. На жаль, яны пайшлі ўжо з жыцця. Добрую памяць аб сабе пакінулі настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Георгіеўна Каласоўская, настаўнік хіміі і былы завуч Мікалай Мацвеевіч Дзенісюк, настаўнік працоўнага навучання і дапрызыўнай падрыхтоўкі Пётр Мікалаевіч Мінюк. Іх таксама няма сярод нас.
Вялікую ролю ў развіцці і стварэнні адпаведных умоў для атрымання ведаў і працы педагогаў адыгралі яе былыя дырэктары Аляксандр Аляксандравіч Шайтура (1951—1953 гг.), Аляксандр Цімафеевіч Конан (1953—1960 гг.), Віктар Аляксандравіч Карповіч (1961—1981 гг.), Віктар Пятровіч Гардзіеўскі, выпускнік школы 1966 года (1981—2011 гг.). На сучасным этапе наш педагагічны калектыў узначальвае Міхаіл Канстанцінавіч Казлоўскі, які разам з калегамі працягвае добрыя традыцыі, што склаліся ў нашай школе на працягу многіх гадоў яе працы.

Таццяна ГОЛІК,
настаўніца гісторыі Дабромысленскага дзіцячага
сада — сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна;
Сцяпан КУНІЦКІ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры, старшыня прафкама.