Студатрад «Сузор’е» дапамагае наводзіць парадак Маларыцкаму райспажыўтаварыству

- 14:36Новости

Маларыцкае райспажыўтаварыства — месца дыслакацыі студэнцкага экалагічнага атрада «Сузор’е» імя кіраўніка абароны цытадэлі Брэсцкай крэпасці Івана Зубачова.

У атрадзе 6 юнакоў і дзяўчат. Камандуе ім другакурснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Арцём Піпко. Усе студатрадаўцы — цяперашнія і былыя вучні Маларыцкай раённай гімназіі. Іх дапамога запатрабавана райспажыўтаварыствам. Маладыя людзі на працягу 11 дзён беляць, фарбуюць, праполваюць клумбы, падмятаюць тэрыторыю…

Другі год у час летніх канікул у студатрад запісаліся Данііл Лапцеў (камісар атрада, выпускнік Брэсцкага кадэцкага вучылішча), а таксама сёлетнія выпускніцы раённай гімназіі Ганна Пішчык і Настасся Серада. Мінулы год пераканаў іх, што кішэнныя грошы можна зарабіць самастойна. Для гэтага створаны ўсе неабходныя ўмовы. Было б жаданне.

Па словах Д. Лапцева, яго асабісты «бюджэт» у мінулым годзе папоўніўся 217 рублямі, у Г. Пішчык — 407, а ў Н. Серады — 510. Заробак — тое, што матывуе больш за ўсё. Данііл, Ганна і Настасся ўпэўнены, што студатрад — самы аптымальны варыянт для сучаснай моладзі заняць сябе карыснай дзейнасцю.

Здаўшы сесію, у студатрадзе сёлета вырашыў папрацаваць і А. Піпко. На гэта ў значнай ступені паўплывалі аднагрупнікі, якія з захапленнем расказвалі пра перавагу такога працаўладкавання падчас летніх канікул. Дарэчы, на плячах Арцёма цяпер ляжыць і дадатковая адказнасць. Ён сочыць за выкананнем правіл аховы працы, дысцыпліны, працоўных абавязкаў калектыву, прадумвае культурны адпачынак.

Адзінаццацікласнікі раённай гімназіі браты-блізняты Павел і Яўген Грышалёвы сёлета таксама выбралі студатрад. Пра тое, што летам можна працаўладкавацца, на адной з класных гадзін у маі расказала класны кіраўнік Ларыса Алесіюк. Юнакі абмеркавалі пачутае, параіліся з бацькамі і з нецярпеннем чакалі першага рабочага дня. Для Паўла і Яўгена «Сузор’е» —гэта магчымасць не толькі набыць пэўны жыццёвы вопыт, які абавязкова дапаможа ў будучыні, але і знайсці надзейных сяброў.

Па словах першага сакратара райкама БРСМ Марыі Горнік, якая займаецца арганізацыяй дзейнасці студатрадаў на Маларытчыне, летняя занятасць моладзі — адна з прыярытэтных задач аб’яднання. Яна адзначыла, што «сузор’еўцы» ахвотна бяруцца за любую даручаную справу, спраўляюцца з ёй у тэрмін, ставяцца да абавязкаў старанна і адказна. «Сузор’е» — гэта крок насустрач самастойнасці.

Работа ў складзе атрада эфектыўна вырашае праблему вольнага часу, вучыць працаваць у калектыве.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара