Студэнт года — 2020 ГрДУ імя Янкі Купалы

- 11:07Навіны рэгіёнаў

Фінал конкурсу “Студэнт года — 2020” прайшоў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Перамогу атрымала студэнтка трэцяга курса педагагічнага факультэта Таццяна Шчарбач.

Удзел у абласным этапе рэспуб­ліканскага конкурсу прынялі сем чалавек. Студэнты прадэманстравалі свае лепшыя якасці, расказалі пра дасягненні і захапленні падчас “Візітнай карткі”, прынялі ўдзел у конкурсах прамоўніцкага майстэрства і творчым. Кожны стараўся максімальна раскрыць на сцэне свае вакальныя і акцёрскія здольнасці. Удзельнікаў конкурсу шчыра падтрымлівалі сябры, аднакурснікі і выкладчыкі. Прынцыповым, але справядлівым было журы.

— Вы паказалі сваімі выступленнямі, падыходам да ўдзелу ў конкурсе, што ў кожную справу трэба ўкладваць душу, свае лепшыя пачуцці, — падкрэсліла, звяртаючыся да фіналістаў, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. — І нездарма са сцэны гучала слова “сэрца”. Вы казалі “з любоўю ў сэрцы”, “універсітэт у сэрцы”. І мы, купалаўцы, адчулі вашы шчырыя эмоцыі. Філасофіяй вечара стала выказванне Таццяны Шчарбач пра тое, што ўніверсітэт ніколі нічога не зробіць за вас. Ён дае магчымасці. Выкарыстайце іх.

Аднак конкурс ёсць конкурс, і ў хуткім часе былі названы імёны пераможцаў. 1-е месца ў конкурсе “Студэнт года — 2020” заваявала студэнтка трэцяга курса педагагічнага факультэта Таццяна Шчарбач. 2-е месца — у студэнта другога курса філалагічнага факультэта Андрэя Дунько, 3-е — у студэнткі другога курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Аляксандры Слуцкай.

У намінацыі “Лепшая візітная карт­ка” перамог Андрэй Дунько. У намінацыі “Майстар прамоўніцкага мастацтва” лепшай стала Таццяна Шчарбач. “Лепшы творчы нумар” і “Лепшы праект” паказаў студэнт другога курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Арсень Сідаркевіч. За неардынарнасць была адзначана студэнтка трэцяга курса факультэта псіхалогіі Юлія Кляшчова, а за мэтанакіраванасць — студэнт другога курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Дзмітрый Філіпкоў. “Выдатнікам года” стала студэнтка трэцяга курса педагагічнага факультэта Валерыя Літвіненкава. “Лепшы відэаролік” зняла Аляксандра Слуцкая.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ГрДУ імя Янкі Купалы.