Студэнт-­на-­адзін-­дзень-­у-­БДПУ

- 15:54Адукацыйныя праекты

У дні асенніх школьных канікул у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка гасцінна сустракалі вучняў педагагічных класаў — удзельнікаў агульнаўніверсітэцкага праекта “Студэнт­-на-адзін-­дзень­-у­-БДПУ”.

На кожным факультэце (у інстытуце) педагагічнага ўніверсітэта паклапаціліся аб распрацоўцы насычанай і цікавай праграмы. Для стажораў былі падрыхтаваны дарожныя лісты, сертыфікаты, буклеты. Старшакласнікаў сустракалі і суправаджалі студэнты-валанцёры, удзельнікі студэнцкага клуба ПРОФфіль+, актывісты студэнцкага савета.

Як адзначылі арганізатары, усяго ў праекце прынялі ўдзел каля 120 старшакласнікаў. Падчас яго рэалізацыі былі апрабаваны новыя формы ўзаемадзеяння і прафарыентацыйныя знаходкі.

У Цэнтры сучасных методык дашкольнай адукацыі навучэнцы педагагічных класаў пазнаёміліся з найноўшым абсталяваннем і ўнікальнымі методыкамі для работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту.

На факультэце пачатковай адукацыі студэнты — удзельнікі аб’яднання выпускнікоў педагагічных класаў “Прызванне” згулялі з гасцямі ў спецыяльныя настольныя гульні “Манаполія будучага настаўніка” і “Студэнцкі тэтрыс”. Гульні паспрыялі стварэнню камфортнай псіхалагічнай абстаноўкі, што ў сваю чаргу дазволіла ў займальнай форме абмеркаваць уяўленні патэнцыяльных абітурыентаў аб будучых прафесійных ролях.

Аўтарскія майстар-класы і трэнінгі для стажораў правялі ўдзельнікі СНДЛ у Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ. У Цэнтры сучасных методык дашкольнай адукацыі навучэнцы педагагічных класаў пазнаёміліся з найноўшым абсталяваннем і ўнікальнымі методыкамі для работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту. На факультэце прыродазнаўства школьнікі не толькі назіралі, але і самі праводзілі доследы, каменціравалі і абмяркоўвалі іх вынікі.

Падчас інфарм-дасье “Гістарычны факультэт БДПУ” будучыя абітурыенты змаглі бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй факультэта, даведацца аб арганізацыі адукацыйнага працэсу, рабоце маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў.

На інтэрактыўнай пляцоўцы “Беларуская скарбонка” ўдзельнікі праекта ў займальнай форме пазнаёміліся з прадметамі побыту і прыладамі працы нашых продкаў. На семінарскіх занятках па гісторыі Беларусі прайшла віктарына “Гістарычна-культурная спадчына Беларусі”. А на семінарскіх занятках па філасофіі быў арганізаваны інтэлектуальны аўкцыён “Сацыягуманітарыстыка”.

У вучаніцы 11 класа сярэдняй школы № 28 Мінска Алесі Даніловіч атрымалася двойчы стаць “студэнткай-на-адзін-дзень-у-БДПУ”. Пасля ўдзелу ў праекце вясной 2021 года Алеся марыла зноў пабываць у педагагічным універсітэце, каб напрамую задаць ужо ўсвядомленыя і прадуманыя пытанні адміністрацыі і студэнтам гістарычнага факультэта. У рэфлексіўным інтэрв’ю дзяўчына адзначыла: “Спадабалася экскурсія па БДПУ. Было вельмі цікава папрысутнічаць на занятках, пазнаёміцца з рознымі выкладчыкамі. Эмоцыі перапаўняюць! Кожны раз, калі прыходзіш сюды, адчу­ваеш сябе як дома!”

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота з сайта БДПУ імя Максіма Танка.