Паспрабаваць сябе ў ролі ратавальнікаў, “прымераць” на сябе гэтую нялёгкую прафесію, а галоўнае, навучыць студэнцкую моладзь правільным дзеянням у надзвычайных сітуацыях — прыярытэтная задача праекта, які тры гады назад стартаваў у Беларусі. Арганізатарамі конкурсу па асновах бяспекі жыццядзейнасці “Студэнты. Бяспека. Будучыня” выступіла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.
На базе Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі МНС Рэспублікі Беларусь спаборнічалі шэсць УВА (Мінская вобласць — ССНУ), якія перамаглі на абласных (гарадскіх) этапах.
На працягу трох дзён студэнты прайшлі праз сур’ёзныя выпрабаванні, падрыхтаваныя арганізатарамі. Пачатак спаборніцкай праграмы адкрыў конкурс “Знаўцы АБЖ”. У ім усе ўдзельнікі каманды (10 чалавек) адказвалі на 50 тэставых пытанняў з варыянтамі адказаў. У гэтым годзе лепшымі знаўцамі сталі студэнты з Мінска (Вышэйшы дзяржаўны каледж сувязі), толькі адзін бал ім уступілі магіляўчане (Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія).
Наступны этап — “Шлягер бяспекі”. Студэнцкая брація ўпэўнена заявіла: пра бяспеку можна гаварыць праз творчасць, і, што немалаважна, не толькі пераканаўча, але і вельмі эфектыўна. Пераможцам у гэтым конкурсе стала каманда Віцебска (Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт).
Другі дзень спаборніцтваў пачаўся з “Паласы перашкод”. Усё было па-сапраўднаму: трэба было надзець на сябе баявы касцюм (між іншым, вагой дзесяць кілаграм) і на час пераадолець паласу перашкод (лабірынты, агароджы, тунэлі рознай складанасці). Хапіла і драйву, і слёз, і эмоцый, бо ў конкурсе ўдзельнічалі не толькі хлопцы, але і дзяўчаты — апошнім, як разумееце, давялося вой як нялёгка. “Паласу перашкод” лепш за ўсё ўдалося пераадолець камандзе з Гродна (Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы).
У другой палове дня стартаваў не менш складаны конкурс “НС тэхнагеннага характару”. Сем каманд павінны былі пераадолець сем выпрабаванняў.
Надзвычайныя сітуацыі, змадэляваныя арганізатарамі, максімальна набліжаны да рэальных, з якімі можна сутыкнуцца ў жыцці, — дарожна-транспартнае здарэнне (у выніку ДТЗ загарэліся два аўтамабілі, пасажыры атрымалі траўмы; задача студэнтаў-ратавальнікаў — патушыць пажар, пасля чаго выцягнуць пацярпелых і транспартаваць іх у пункт медыцынскай дапамогі).
На наступнай пляцоўцы ў “калодзеж” па неасцярожнасці ўпаў чалавек — з дапамогай спецыяльнай экіпіроўкі і амуніцыі пацярпелага трэба падняць на паверхню.
“Выбух” — так скарочана называецца наступнае выпрабаванне. Па легендзе, у выніку выбуху абваліліся будаўнічыя канструкцыі, і пад заваламі могуць быць людзі. Задача — знайсці і эвакуіраваць іх у бяспечнае месца.
Адзін з элементаў спаборніцтваў — “Здарэнне ў самалёце”: пасля ўзгарання самалёт здзейсніў аварыйную пасадку, і задача для маладых ратавальнікаў — ліквідаваць узгаранне і выратаваць пацярпелага.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Удзельнікам былі прапанаваны заданні “Ратаванне пацярпелых на прамысловым аб’екце”, “Здарэнне ў кватэры”, “Выратавальная эстафета”. Кожная каманда старалася дакладна і правільна іх выканаць, пры гэтым затраціць як мага менш часу. Бо і ў рэальным жыцці, у рэальных надзвычайных сітуацыях, у тых, хто штодзень ратуе чалавечыя жыцці, лік часам ідзе нават не на хвіліны… У гэтым спаборніцтве першынство ўпэўнена заваявалі гамяльчане (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту).
У трэці дзень спаборніцтваў прагноз надвор’я быў несуцяшальны: сіноптыкі абяцалі пахаладанне і праліўныя дажджы. Але, відаць, нябесная канцылярыя злітавалася і не стала ўскладняць і без таго няпростыя ўмовы спаборніцтваў, бо вады ў гэты дзень было і так хоць адбаўляй. “НС на вадзе” — менавіта так называўся чарговы этап. Тут студэнтаў чакала “Навясная пераправа”, “Знаходжанне небяспечнага грузу на паверхні”, пераадоленне вадаёма пры дапамозе “плыта”. Трэба сказаць, што і з гэтымі выпрабаваннямі маладыя ратавальнікі справіліся з энтузіязмам і запалам. Заключным этапам спаборніцтваў стаў конкурс “Аказанне першай дапамогі”. Тут упэўнена лідзіравалі гамяльчане.
Спаборніцтвы прайшлі, вынікі падведзены. У гэтым годзе месцы размеркаваліся наступным чынам: 3 месца занялі студэнты Мінскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжа, 2 месца ва ўдзельнікаў з Гомеля (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту), 1 месца ў прадстаўнікоў Магілёўшчыны — студэнтаў Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі з Горак.
У рамках круглага стала студэнты мелі зносіны з кіраўнікамі МНС, Міністэрства адукацыі, а таксама рэктарамі навучальных устаноў. Акрамя гэтага, каманды-ўдзельніцы прадэманстравалі прэзентацыі-справаздачы аб праектах, якія былі прадстаўлены на конкурс у мінулым годзе. “Зробім наш дом бяспечным” — менавіта так называўся праект, які быў накіраваны на работу з састарэлымі людзьмі, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, мнагадзетнымі сем’ямі, інвалідамі і іншымі катэгорыямі людзей па прывядзенні іх жылля ў пажарабяспечны стан. У гэтым годзе студэнты паказалі, якім чынам яны ўвасобілі праекты ў жыццё, і прадэманстравалі праведзеную работу.
Акрамя гэтага, у студэнтаў была магчымасць асабіста пагаварыць з міністрам па надзвычайных сітуацыях Уладзімірам Вашчанкам, а таксама з міністрам адукацыі Міхаілам Жураўковым. Уладзімір Вашчанка, у прыватнасці, адзначыў, што студэнты — гэта будучыня краіны, бо заўтра яны стануць кіраўнікамі, спецыялістамі, ад іх будзе залежаць і бяспека людзей, і тое, што ствараецца чалавекам. Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў падкрэсліў, што конкурс пакідае самыя добрыя ўражанні, гэта вельмі добрая ініцыятыва, студэнты не толькі адпачываюць, але і набываюць веды, неабходныя ім у жыцці.
Іна ЧУГАЙ,
Цэнтр прапаганды МНС Рэспублікі Беларусь.