Ствараем газету разам

- 12:40Гродзеншчына, Прэс-тур

У Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі ў нас адбылася вялікая сустрэча з педагагічнай грамадскасцю — супрацоўнікамі інстытута і ўдзельнікамі праграм павышэння кваліфікацыі. Мерапрыемства наведаў начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін.

— Я не прыхільнік таго, каб хваліцца вынікамі сваёй работы, — заўважыў Аляксандр Генрыхавіч. — Лепш, чым любыя словы, пра нас раскажуць справы, якія мы робім разам. А, шчыра кажучы, робім мы іх няблага. І я вельмі рады, што “Настаўніцкая газета” завітала на Гродзеншчыну. Нам ёсць што паказаць нашым гасцям.

Забягаючы наперад, трэба сказаць, што мы наведалі 13 устаноў адукацыі рэгіёна. Кожная была чымсьці адметнай, кожная запомнілася, а галоўнае — запомніліся людзі, з якімі мы сустрэліся і, хочацца верыць, крыху пасябравалі. Наш прэс-тур на Гродзеншчыну сапраўды стаў яркім момантам агульнарэдакцыйнага жыцця.

Галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Кнышаў павіншаваў педагогаў Гродзеншчыны з тым выдатным вынікам, які яны прадэманстравалі ў 2016 годзе: па цэлым шэрагу крытэрыяў рэгіён меў найлепшыя паказчыкі ў краіне.

— Мы выдатна разумеем, што сістэма адукацыі не заканчваецца за Мінскай кальцавой дарогай, наадварот, тут яна становіцца больш яркай і шматграннай, — сказаў Вадзім Аляксандравіч. — Сёння асноўная педагагічная творчасць сканцэнтравана ў рэгіёнах. Мы бачым, што ў настаўнікаў тут гараць вочы, і тое, што вы робіце, уражвае. Я даўно працую ў “Настаўніцкай” і не перастаю здзіўляцца, як мае супрацоўнікі пастаянна знаходзяць новыя цікавыя тэмы. А яны бяруць іх у вас, вы адкрываеце для іх новыя грані педагагічнай дзейнасці. Гэта не можа не захапляць.

Галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” заклікаў педагогаў больш актыўна дзяліцца сваім вопытам. Гэтую думку падтрымаў і Аляксандр Сонгін.

— Я не прапускаю ніводнага нумара “Настаўніцкай”, — паведаміў Аляксандр Генрыхавіч. — І хачу сказаць, што інтэрнэт ніколі не заменіць друкаванага выдання, дзе можна прачытаць не толькі пра іншых, але і пра нас. Для людзей, якія робяць вялікую справу — вучаць і выхоўваюць дзяцей, вельмі важна, каб іх работа была заўважана і адзначана. Таму дзяліцеся сваім вопытам на старонках “Настаўніцкай газеты”. І пішыце менавіта так, як працуеце, — талкова, цікава, з іскрынкай. Пра гэта даведаюцца не толькі вашы гродзенскія калегі, не толькі я, але і педагогі з усёй краіны.

Вольга Дубоўская, рэдактар аддзела школ “Настаўніцкай газеты”, заўважыла, што ў педагагічным асяроддзі шмат творчых людзей, але многіх стрымлівае іх празмерная сціпласць.

— Не варта баяцца дыялогу з калегамі праз газету, — звярнулася да настаўнікаў Вольга Анатольеўна. — У кожнага, хто працуе ў класе, ёсць цікавыя знаходкі, метады, інтэрпрэтацыі. І калі настаўнік прапусціў усё гэта праз сябе, праз сваё сэрца і свае думкі, праз практыку, — гэта заўсёды вельмі добра чытаецца і высока ацэньваецца калегамі. Іншыя настаўнікі падсілкуюцца вашымі эмоцыямі, прымераюць на сябе ваш поспех і падумаюць: але ж і я так магу! Хацелася б, каб вашы артыкулы натхнялі іншых, каб “Настаўніцкая газета” стала вашай пляцоўкай для абмеркаванняў і абмену рознымі ідэямі і думкамі.

У Гродне (як, дарэчы, і ў іншых абласных цэнтрах) працуе карэспандэнцкі пункт “Настаўніцкай газеты”. Нам было надзвычай прыемна, калі начальнік упраўлення адукацыі Аляксандр Сонгін адзначыў плённую работу нашай калегі — уласнага карэспандэнта па Гродзенскай вобласці Надзеі Вашкелевіч. У многім дзякуючы яе актыўнасці вопыт рэгіёна становіцца вядомым ва ўсёй краіне.

Галоўны рэдактар “Настаўніцкай” Вадзім Кнышаў падзяліўся з педагогамі Гродзеншчыны нашым рэдакцыйным поспехам. Так, паўтара года назад першую старонку газеты мы аддалі пад праект “Адукацыя ў асобах” — друкуем там фотаздымкі настаўнікаў з невялікімі нарысамі пра іх.

— Калі мы толькі запускалі праект, узнікла пытанне, па якіх крытэрыях адбіраць герояў для яго, — расказаў Вадзім Аляксандравіч. — І мы зразумелі, што не трэба ніякіх пэўных крытэрыяў, бо ўсе педагогі — розныя. Нельга сказаць, што настаўнік, які падрыхтаваў пераможцу міжнароднай алімпіяды, больш заслужаны, чым той, хто штодня прыходзіць у клас не з такімі здольнымі дзецьмі, але выводзіць іх у жыццё. Таму ў нашым праекце — педагогі з усёй краіны, незалежна ад фармальных вынікаў. Перш за ўсё гэта людзі, якія любяць сваю справу. І вось нядаўна за праект “Адукацыя ў асобах” “Настаўніцкая газета” стала лаўрэатам гран-пры Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ. Мы лічым, што гэта прызнанне не толькі нашай заслугі, але і даніна павагі ўсёй педагагічнай грамадскасці краіны.

* * *

У прэс-туры па Гродзеншчыне мы яшчэ раз пераканаліся: адукацыя — у надзейных, умелых і мудрых руках. Мы былі так рады пазнаёміцца з вамі, паважаныя педагогі — героі нашых былых і будучых публікацый і проста героі той вялікай штодзённай працы, якую вы так хораша ўмееце рабіць. Поспехаў вам і… да сустрэчы на старонках “Настаўніцкай”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.