Стварэнне дастойных умоў для працы і адпачынку — адзін са складнікаў прыбытковай работы прадпрыемстваў

- 15:13Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Кіраўнік, які ўкладвае сродкі ў сацыяльную сферу і ў клопат пра людзей, інвесціруе ў будучыню. Такое меркаванне ў час выязнога пасяджэння Міжведамаснага савета па фарміраванні здаровага ладу жыцця пры Савеце Міністраў Беларусі выказала намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава.

У час выязнога пасяджэння яго ўдзельнікі наведалі некалькі аб’ектаў у Слонімскім раёне. У іх ліку — рэабілітацыйны цэнтр “Анастасіс” пры Жыровіцкім манастыры, а таксама ААТ “Слонімскі мясакамбінат”, на базе якога ўдзельнікі пасяджэння азнаёміліся з вопытам работы па фарміраванні сярод работнікаў прадпрыемства здаровага ладу жыцця.

“За тымі кіраўнікамі, якія ўкладваюць сродкі ў развіццё сацыяльнай сферы, будучыня. Яны па-сапраўднаму клапоцяцца пра людзей. Работнік у перапынку можа наведаць медыцынскі пункт, атрымаць паслугі, па якія яму не трэба ехаць у паліклініку, ён і яго сям’я на бясплатнай аснове могуць займацца спортам у басейне або трэнажорнай зале. Ад гэтага эфектыўнасць працы толькі павышаецца. Стварэнне такіх умоў — адзін са складнікаў прыбытковай работы прадпрыемства”, — адзначыла Наталля Качанава. Яна падкрэсліла, што затраты, накіраваныя на стварэнне дастойных умоў для працы і адпачынку, акупяцца ў будучыні.

Адзін з прыярытэтных напрамкаў дзяржпраграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека” на 2016—2020 гады — павелічэнне працягласці жыцця людзей. Зрабіць гэта можна за кошт фарміравання ў людзей здаровага ладу жыцця, прапаганды адмовы ад шкодных звычак, павышэння папулярнасці актыўнага ладу жыцця і спорту.

“У гэтым напрамку мы павінны працаваць пастаянна, прычым не толькі шляхам прафілактыкі і прапаганды, але і на заканадаўчым узроўні, аператыўна рэагуючы на выклікі часу”, — адзначыла Наталля Качанава. У якасці прыкладу яна прывяла новы дэкрэт, які па ўсіх аспектах прыраўнуе электронныя цыгарэты, што набылі вялікую папулярнасць апошнім часам, да звычайных тытунёвых вырабаў.

Работа па прафілактыцы шкодных звычак і фарміраванні здаровага ладу жыцця ў краіне ўжо дае свае вынікі, адзначыла таксама на пасяджэнні намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава.

Так, спажыванне алкаголю на аднаго чалавека ў краіне скарацілася з 17,5 л у 2010 годзе да 9,5 л у 2015 годзе. Гэта ў сваю чаргу прывяло да зніжэння колькасці злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, а таксама аварый па віне нецвярозых вадзіцеляў.

“Ёсць станоўчыя змяненні ў дэмаграфіі. Аднак работу неабходна прадоўжыць, прычым не толькі на ўзроўні прафілактыкі, але і ў плане прыняцця канкрэтных практычных рашэнняў”, — адзначыла Наталля Качанава. Яна падкрэсліла, што ўжо ў час выязнога пасяджэння было вылучана некалькі ініцыятыў, якія маглі б выкарыстоўвацца паўсюдна. Размова, напрыклад, аб “Канцэпцыі актыўнага даўгалецця”, якую плануецца прыняць да канца года, пашырэнні праграмы “Здаровы горад”, а таксама прапанове Міністэрства аховы здароўя аб комплекснай праграме па фарміраванні здаровага ладу жыцця пад рабочай назвай “555”. Яна прадугледжвае работу па пяці шкодных напрамках (ад курэння і алкагалізму да нерацыянальнага харчавання) у пяці мэтавых групах (ад дзяцей да працаздольнага насельніцтва і пажылых людзей) у пяці сферах (прававая, інфармацыйная, адукацыйная і інш.).

“Папулярызацыя здаровага ладу жыцця, прафілактыка шкодных звычак — справа агульная. Больш актыўна да гэтага павінны падключацца не толькі дзяржаўныя органы, але і СМІ, грамадскія арганізацыі”, — адзначыла Наталля Качанава. Яна падкрэсліла, што заклік праз сацыяльную рэкламу людзей да актыўнага жыцця, адмовы ад курэння і алкаголю з’яўляецца справай не толькі Міністэрства аховы здароўя. “Да такой работы павінны падключыцца ўсе ведамствы, у тым ліку і Міністэрства інфармацыі, нават Міністэрства культуры”, — сказала віцэ-прэм’ер.

Сярод іншых разгледжаных пытанняў былі барацьба з п’янствам, магчымыя абмежаванні продажу алкаголю, а таксама пытанні рэабілітацыі людзей з залежнасцю і прафілактыкі суіцыдаў.