22 лістапада Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў з рабочым візітам Расійскую Федэрацыю. У час візіту кіраўнік дзяржавы правёў перагаворы ў Крамлі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
Прэзідэнт Беларусі ў ходзе перагавораў канстатаваў, што цяпер даволі бурны час, калі то з аднаго, то з другога боку навальваюцца розныя крызісы. “Мы не ізаляваны ад гэтага. Ёсць аператыўныя пытанні, якія мы павінны хутка вырашаць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў упэўненасць, што разам з Уладзімірам Пуціным, як гэта бывала і раней, яны прымуць правільныя рашэнні.
Кіраўнік беларускай дзяржавы падзякаваў Уладзіміру Пуціну за ідэю разам павіншаваць Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла з юбілеем, што лідары дзвюх краін і зрабілі перад пачаткам перагавораў. “Гэта добры штрых да адносін двух прэзідэнтаў, двух блізкіх, родных народаў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Уладзімір Пуцін адзначыў, што ў мінулым годзе адбылося зніжэнне беларуска-расійскага тавараабароту. “Але гэта ўсё часова”, — перакананы Прэзідэнт Расіі. Залогам пераадолення цяжкасцей, на яго думку, служаць створаныя паміж Беларуссю і Расіяй механізмы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
Прэзідэнт Расіі адзначыў, што паміж дзвюма краінамі назіраецца рост узаемных інвестыцый, пашыраюцца кааперацыйныя сувязі. “Усё гэта перадумовы для таго, каб рухацца далей”, — заявіў Уладзімір Пуцін.
Кіраўнікі дзяржаў у ходзе перагавораў абмеркавалі найбольш актуальныя пытанні парадку дня беларуска-расійскіх адносін, палітычнае ўзаемадзеянне, развіццё інтэграцыйных працэсаў, сітуацыю ў рэгіёне і свеце.