Стварыць шчаслівае дзяцінства для кожнага дзіцяці

- 12:21Адукацыйная прастора, Рознае

На жнівеньскай педагагічнай нарадзе разам са многімі сваімі калегамі ўзнагароду атрымала сацыяльны педагог Брынёўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна Марына Уладзіміраўна Барысава.

Яблык ад яблыні

Ёсць меркаванне, што кожны чалавек нараджаецца на свет дзеля пэўнай справы, у кожнага — свая місія, выконваючы якую мы адчуваем сябе шчаслівымі. Місія Марыны Уладзіміраўны, як гаворыць яна сама, — выхоўваць будучыя пакаленні.

Насамрэч, большая частка яе настаўніцкага шляху звязана з выхаваннем дзяцей: каля 14 гадоў займала пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, і ўжо 10 гадоў, пасля таго як у сельскай школе была скарочана пасада, працуе сацыяльным педагогам. І ніхто ніколі не пачуў ад Марыны Уладзіміраўны скаргаў на нялёгкую справу, бо, вядома, галоўны клопат сацыяльнага педагога — нядобранадзейныя сем’і, у якіх дзеці апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Чалавек актыўны, пазітыўны і жыццярадасны, яна прывыкла несці дабро і дапамагаць. Марына Уладзіміраўна змагла наладзіць работу з сем’ямі, дзе бацькі злоўжываюць алкаголем, яна ведае, як правільна размеркаваць прыярытэты і якія задачы неабходна вылучаць як першачарговыя. Дзякуючы гэтым талентам, яна мае станоўчыя вынікі сваёй работы і ў той ці іншай ступені дасягае галоўнай мэты: кожнаму дзіцяці — шчаслівае дзяцінства. Скажаце, што гэта падобна да ней кай ўтопіі? Тады брынёўскі педагог возьмецца даказаць вам адваротнае. І бліскуча з гэтым справіцца. “Увесь змест работы сацыяльнага педагога для мяне заключаецца ў народнай мудрасці, але крышачку змененай: “яблык можа і павінен пакаціцца далей ад яблыні”, — вось такі просты сакрэт у нашай гераіні. Іншымі словамі, дзеці заўсёды павінны быць лепшымі за бацькоў.

Дзе чалавек нарадзіўся…

Чаму, робячы, здавалася б, адну і тую ж справу, людзі часта маюць розны вынік? Усё залежыць ад стаўлення да справы і асабістых якасцей характару, а ўсім гэтым кіруе адно — любоў да таго, чым ты займаешся. Менавіта яна прыносіць поспех Марыне Уладзіміраўне Барысавай.

Дзіцячыя і юнацкія гады Марыны прайшлі ў вёсцы Снядзін, што на Петрыкаўшчыне. Нарадзілася яна ў звычайнай мнагадзетнай сям’і. Бацькі, людзі вясковыя, любілі зямлю і дбайна працавалі на ёй. Аднак выхаванне дзяцей заўсёды заставалася ў прыярытэце. Які б шлях ні выбралі яны для сябе, якую б справу ні зрабілі справай свайго жыцця, для бацькі і маці галоўным было, каб іх сыны і дочкі сталі сапраўднымі, шчырымі людзьмі. І ўсё ж, калі дачка Марына агучыла, што збіраецца пайсці ў настаўнікі, асаблівы гонар крануў бацькоўскія сэрцы.

Думкі аб настаўніцтве ў дзяўчынкі з’явіліся яшчэ за школьнай партай. Любоў да гэтай прафесіі пасеяў у яе душы школьны настаўнік беларускай мовы і літаратуры Уладзімір Іванавіч Радзіновіч. Яго вучаніца марыла рабіць усё так дасканала і ўмела, як рабіў гэта ён. Таму, скончыўшы школу, перад Марынай не паўставала пытанне “Кім быць?”, і, выдатна вытрымаўшы ўступныя экзамены, 1 верасня 1986 года яна прыйшла студэнткай на філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

Для дыпламаванага маладога настаўніка роднай мовы і літаратуры было многа прапаноў, але Марына Уладзіміраўна папрасілася ў свой родны раён, хацелася быць бліжэй да бацькоў. Так яна апынулася ў Брынёўскай сярэдняй школе, якая і сёння застаецца яе адзіным і любімым месцам працы.

Памятаеце, як пісаў славуты Скарына: “Дзе чалавек нарадзіўся і ўзгадаваны, да таго месца вялікую ласку мае”. Ды і малая радзіма, кажуць, заўсёды спрыяе свайму гадаванцу. Магчыма, таму шлях станаўлення ў прафесіі для пачынаючай настаўніцы беларускай мовы і літаратуры быў лёгкім і паспяховым. А ўжо праз год кіраўніцтва даверыла ёй адказную пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце.

Праца нялёгкая, але патрэбная

Сёння Марына Уладзіміраўна працягвае выкладаць вучням родную мову, але на яе плячах ляжыць яшчэ адна адказная справа. “Праца сацыяльнага педагога нялёгкая, але патрэбная”, — упэўнена яна.

— Ці не ўзнікае жадання ўсё кінуць і адпачыць? — пытаюся.

— Не, ніколі, — ні на хвіліну не задумваючыся адказвае субяседніца.

— Разумею, дзяцей шкада, але ж з нядбайнымі бацькамі размову весці вельмі складана бывае, — не супакойваюся я.

— Бывае, — згаджаецца Марына Уладзіміраўна. — Але ў нас ужо, калі можна так сказаць, адпрацаваны механізм. У нашай школе назапашаны добры вопыт работы з такімі сем’ямі. Яшчэ задоўга да Дэкрэта № 18 мы надавалі вялікае значэнне рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі. Проста разумелі: калі нічога не рабіць, праз некалькі гадоў ад адной нядобранадзейнай сям’і атрымаем некалькі.

За кожнай праблемнай сем’ёй тут замацаваны групы так званых грамадскіх выхавальнікаў з ліку вясковых жыхароў: дэпутаты сельскага Савета, суседзі, работнікі аховы здароўя, сельскага Дома культуры, настаўнікі. Для кожнай сям’і распрацаваны індывідуальныя планы работы. Марына Уладзіміраўна гаворыць, што іншы раз прыходзіцца не толькі кантраляваць, але і вучыць бацькоў элементарным навыкам вядзення гаспадаркі, выхавання дзяцей.

Што і казаць, усе мы добра ведаем, колькі праблем прыходзіцца вырашаць сацыяльнай службе: штодзённыя рэйды, набыццё адзення, лекаў, прадуктаў харчавання, а іншы раз і соткі пасадзіць за нядбайных бацькоў, і аплаціць за дзіцячы садок, і аб паліве паклапаціцца, каб зімой дзеці не мерзлі. Але гэта, мабыць, і ёсць той шлях, які дазваляе рэалізоўваць ідэю даць шчаслівае дзяцінства кожнаму дзіцяці.

— У нас ёсць сям’я, з якой мы працуем на працягу 15 гадоў, — прыводзіць прыклады М.У.Барысава. — Калі б не своечасовая падтрымка з боку школы, мясцовых улад, то дзеці даўно б выхоўваліся ў інтэрнаце, а маці проста спілася. Яшчэ адно вельмі важнае, на мой погляд, у рабоце з такімі сем’ямі — гэта выбар сяброў і прыцягненне да грамадскай дзейнасці. Якраз зараз у гэтым кірунку мы працуем з адной сям’ёй. Маці разам са старэйшым сынам прыцягнулі да падрыхтоўкі святкавання дня вёскі. Цяпер маем намер гэтую маці ўключыць у работу мастацкага калектыву сельскага Дома культуры.

Марына Уладзіміраўна расказвае, што ў іх вёсцы ёсць дзве катэгорыі праблемных сем’яў. У адных бацькі працуюць, зарабляюць грошы, аднак абодва ці адзін з іх злоўжывае спіртнымі напіткамі, а ў другіх бацькі не толькі п’юць, але і гультаі. Другія — самыя цяжкія, бо такая сям’я мае толькі спажывецкія інтарэсы.

Настаўнік, маці, жонка, паважаны чалавек

Настаўнік павінен быць прыкладам ва ўсім, настаўнік у вёсцы — асабліва, бо ён заўсёды на вачах. Ад яго рэпутацыі залежаць павага і аўтарытэт з боку калег, вучняў, бацькоў, усіх вяскоўцаў. Марына Уладзіміраўна Барысава — чалавек, прыгожы ва ўсім.

— Яе любяць усе не толькі ў нашай школе, яе любіць уся вёска, — з гонарам расказвае дырэктар Брынёўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Надзея Дзекавец. — Чалавек шчодрай душы, нястомны працаўнік, добры і надзейны таварыш, для якога няма чужых праблем, — усё гэта пра Марыну Уладзіміраўну.

— Яна знаходка для многіх сваіх калег, асабліва маладых, — падтрымлівае дырэктара ўстановы намеснік Алена Сасноўская. — Заўсёды з радасцю дзеліцца сваім багатым вопытам, педагагічным майстэрствам.

— Прыемна, што ёсць такія таленавітыя педагогі, якія натхнёна і самааддана працуюць, любяць дзяцей і сваю справу, якой высакародна служаць усё жыццё, — шчыра дадае настаўніца нямецкай мовы Таццяна Краменская.

Тое, што Марына Уладзіміраўна чалавек, які цалкам аддае сябе справе настаўніцтва, у мяне асабіста таксама не выклікае сумнення. Мне на вочы трапіла сачыненне яе старэйшага сына Віталя, цяпер ужо выпускніка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. У 9 класе ён пісаў такія радкі: “Ніхто з нас, як правіла, не задумваецца над тым, што настаўнік працуе не толькі на ўроку, што, рыхтуючыся да наступнага дня, дома правярае нашы сшыткі, піша планы, раздумвае за хатнімі справамі аб тым, як больш цікава, зразумела данесці ўсё, што ведае сам, як зрабіць свой прадмет адным з любімых, як адказаць на нашы шматлікія, а часам і правакацыйныя пытанні… Я добра ведаю, як заканчваецца дзень у нашай сям’і і якой будзе раніца наступнага. Мы ўжо спім. А яна ўсё нешта піша, правярае, чытае, адзначае… Цяпер, калі мы падраслі, разумеем: настаўнікам будзеш толькі тады, калі будзеш жыць школай, будзеш жыць дзеля яе”.

У Марыны Уладзіміраўны добрая сям’я, а сыны — яе сапраўдная гордасць. Віталь ужо дыпламаваны спецыяліст, а малодшы, Уладзімір, зараз студэнт 4 курса Палескага дзяржуніверсітэта, вывучае банкаўскую справу. У тым жа сачыненні сын пісаў: “У нашай сям’і тры дарослыя мужчыны: я, брат і тата. Таму кожны з нас імкнецца да таго, каб дома ў мамы было як мага менш спраў і абавязкаў. Не заўсёды, праўда, усё атрымліваецца добра, як у мамы…”

А яшчэ я прачытала “Залацінкі вучнёўскай мудрасці” — такія невялічкія выказванні вучняў пра сваіх настаўнікаў. Вельмі хочацца падзяліцца гэтымі “залацінкамі” і з табой, паважаны чытач. Мне здаецца, гэта дапаможа зразумець, чаму я выбрала М.У.Барысаву героем свайго сённяшняга аповеду.

“Нягледзячы на нашы недахопы, усё роўна любіць нас, як сваіх уласных дзяцей”. “Яна заўсёды гаворыць з намі пра тое, што забараняецца, каб мы разумелі, што такое добра і што такое дрэнна”. “Мне здаецца, што таго, што зрабілі вы для школы, не рабіў ніхто… Мне падабаецца ваша фраза, што настаўнік павінен адпавядаць таму, чаму вучыць дзяцей”. “Марына Уладзіміраўна добрая настаўніца, справядлівая, заўсёды падтрымае ў любой сітуацыі. Усе вас у школе паважаюць, і гэта 100%. Добрая вы вельмі-вельмі”. “Патрабавальная ў вучобе і добрая сэрцам у жыцці. Нягледзячы на дом, сям’ю, цалкам аддае сябе працы і вучням. Усе дзеці для яе, як свае”.

Марына Уладзіміраўна — шчаслівы чалавек, шчаслівая жанчына, шчаслівая настаўніца. І гэтае шчасце — не ў нейкіх асабістых намаганнях. Яго ствараюць унутраная шчырасць і дабрыня жанчыны, чысціня душы, любоў да людзей і да прафесіі — усё тое, што даступна кожнаму з нас. Неабходна толькі захацець быць шчаслівым.

“Мацуй, настаўнік, свайго вучня ў веры, надзеі і любові. Будзь мудрым дарадцам на яго жыццёвым шляху, бо ты жывая вада для свайго вучня, мора духоўнага багацця, жыццёвая зорка, па якой ён звярае свой шлях на зямлі. І ты назаўсёды застанешся ў сэрцы свайго вучня”, — такі наказ адрасуе напярэдадні прафесійнага свята сваім маладым калегам Марына Уладзіміраўна Барысава. А па сутнасці, дзеліцца сакрэтам, як стаць сапраўдным настаўнікам.

Наталля ЛУТЧАНКА.