Міністэрства эканомікі прагназуе ў 2018 годзе рост рабочых месцаў у сектары малога і сярэдняга бізнесу, заявіў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі ў інтэрв’ю газеце “Рэспубліка”, паведамляе БелТА.
“У 2018 годзе будзе зменена тэндэнцыя мінулых гадоў, калі колькасць занятых у эканоміцы скарачалася. Паводле прагнозаў урада, яна павялічыцца, а ў дзяржсектары прадоўжыцца працэс стварэння новых рабочых месцаў. І ў выніку прынятых мер па стымуляванні дзелавой актыўнасці будзе ажыўленне ў іншых сектарах. Сёння ў нас у краіне можна працаваць па найме, можна займацца бізнесам, а можна проста працаваць на сябе, не з’яўляючыся прадпрымальнікам, працуючы сваімі рукамі, — інакш кажучы, быць самазанятым. Дарэчы, Міністэрства па падатках і зборах за два месяцы дзеяння ўказа па самазанятых грамадзянах канстатуе: іх колькасць вырасла значна. А мы чакаем росту рабочых месцаў і ў сектары малога і сярэдняга бізнесу”, — падкрэсліў ён. Гэта адбудзецца ў тым ліку дзякуючы рэалізацыі пакета мер па паляпшэнні дзелавога клімату.
У канцы мінулага года ў Беларусі быў прыняты дэкрэт № 8. “Калі кажуць, што дэкрэт створаны толькі для айцішнікаў, гэта цалкам памылковы погляд на тэму. З прыняццем дэкрэта ў нас створаны спрыяльныя ўмовы для пранікнення інфармацыйных тэхналогій у прамысловасць, сельскую гаспадарку і сацыяльную сферу і стварэння на іх аснове новых бізнес-мадэлей. Што тычыцца хуткага эфекту, я думаю, што спектр інавацыйных і высокатэхналагічных стартапаў, якія рэалізуюцца ў краіне, у найбліжэйшыя гады істотна ўзрасце. Прычым абсалютная большасць іх арыентавана на вядзенне бізнесу на знешніх рынках. Гэта пасадзейнічае ўмацаванню пазіцый Беларусі ў сістэме міжнароднага падзелу працы, прычым у найбольш прывабных нішах”, — канстатаваў міністр.
Акрамя таго, паводле слоў Уладзіміра Зіноўскага, рэалізацыя дэкрэта № 8 і развіццё ў сувязі з гэтым стартап-руху ствараюць сацыяльныя ліфты для таленавітай моладзі. “Ім не трэба будзе шукаць шчасце ў іншых краінах, іх інтэлект і прадпрымальнасць будуць працаваць на карысць Беларусі. Гэта значны сацыяльны аспект”, — заявіў ён.