Стымул для развіцця, або Думкі пра першую алімпіяду

- 14:36Спартыўныя падзеі

З 25 па 29 сакавіка прайшоў заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, якая праводзілася ўпершыню. 15 членаў журы (прафесарска-выкладчыцкі склад з усіх абласцей краіны, а таксама некалькі настаўнікаў) забяспечвалі судзейства, выконваючы галоўныя прынцыпы алімпізму. Роўныя патрабаванні былі да кожнага 71 прадстаўніка — 35 юнакоў і 36 дзяўчат з 7 рэгіёнаў. Сярэдняя школа № 14 Маладзечна, на базе якой праходзілі выпрабаванні, стварыла максімальна камфортныя ўмовы для ўдзельнікаў каманд і членаў журы. Не раз даводзілася чуць ад навучэнцаў-алімпіяднікаў, што ім усё вельмі падабалася, асабліва атмасфера, якой была прасякнута алімпіяда. Было прыемна чуць словы падзякі, адрасаваныя і членам журы.

Пасля падвядзення вынікаў можна з упэўненасцю сказаць, што, мабыць, самая складаная алімпіяда сярод вучэбных прадметаў прайшла на самым высокім узроўні. Як член журы раскажу пра яе падрабязней, таксама паспрабую вылучыць плюсы і мінусы. Тут будзе шмат плюсоў, а з мінусаў хутчэй невялікія недахопы, паколькі алімпіяда — гэта не проста чарговыя спаборніцтвы, а па­дзея, што павышае цікавасць як да прадмета “Фізічная культура і здароўе”, так і да заняткаў фізічнай культурай. Пачаць варта з таго, што каманда, якая правяла алімпіяду, выканала вялікі аб’ём працы. Большасць незнаёмых адно з адным да гэтага часу членаў журы — прадстаўнікоў розных сфер педагагічнай дзейнасці была аб’яднана адной мэтай. Яны адразу знайшлі агульную мову, працавалі разам у любыя, нават самыя складаныя, моманты правядзення алімпіяды.

Першы дзень. I тур (тэарэтычны). Ён праводзіўся ў пісьмовай форме і прадугледжваў выкананне тэставых заданняў па раздзеле “Асновы фізкультурных ведаў” вучэбнай праграмы (50 заданняў у рознай форме: закрытай, адкрытай і на адпаведнасць). Працягласць тура складала 3 астранамiчныя гадзiны. Акрамя дэманстрацыі агульных ведаў па розных спартыўных дысцыплінах, навучэнцам неабходна было паглыбіцца і вывучыць тэорыю ў новых для іх відах спорту, разабрацца ў новых значэннях і фармуліроўках. Тут вялікую ролю адыгралі трэнеры, якія рыхтавалі абласныя каманды да фінальнага этапу. У цэлым варта адзначыць досыць высокі ўзровень падрыхтоўкі вучняў у першым відзе выпрабаванняў, які мог стаць нават для самага фізічна падрыхтаванага атлета перашкодай у выніковым заліку.

II тур (практычны, плаванне). Ён прадугледжваў выкананне за­дан­ня па пераадоленні 50 метраў у ба­сей­не. Стыль плавання — вольны. Удзельнікі стартавалі згодна з жараб’ёўкай. Плаванне — від спорту, які пашы­рае гарызонты фізічнага развіцця. Аднак гэта адзін з самых спрэчных элементаў. Настаўнікі фізічнай культуры і здароўя па­дзяліліся на два лагеры. Адны сцвяр­джаюць, што плаванне варта выклю­чыць са школьнай алімпіяды, паколькі не паўсюль ёсць магчымасці ву­чыць яму дзяцей. А школы, у якіх ёсць плавальны басейн, знаходзяцца ў больш выйгрышным становішчы. На мой погляд, пазбаўляць алімпіяду плавання не варта. Хочацца спадзявацца, што пасля правя­дзення першай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі ва ўсіх куточках краіны з’явіцца магчымасць адкрываць басейны. На гэта варта звярнуць увагу, каб вырашыць пытанне на дзяржаўным узроўні. Непасрэдна перад правядзеннем абласных спаборніцт­ваў, а таксама пры падрыхтоўцы да рэспубліканскіх для ўдзельнікаў фінальнага этапу алімпіяды неабходна адшукаць рэзервы, каб даць магчымасць бясплатна рыхтавацца да спаборніцтваў.

Другі дзень. III тур (практычны, тэсціраванне ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці). У III туры для кожнага ўдзельніка прадугледжана выкананне ў спартыўнай зале наступных тэставых практыкаванняў: чаўночны бег 4х9 м, скачок у даўжыню з месца, падцягванне ў вісе на перакладзіне (юнакі), падыманне і апусканне тулава за 1 мін (дзяўчаты), нахіл наперад з зыходнага становішча седзячы на падлозе. Наогул, гэта стандартная працэдура, якую двойчы ў год праходзяць навучэнцы асноўнай групы здароўя. Аднак калі гаворка ішла пра выяўленне наймацнейшага на рэспубліканскім узроўні, неабходна было ўдзяліць увагу нюансам.

Мне давялося быць галоўным суддзёй на УФП (тэсціраванне ў­зроўню фізічнай падрыхтаванасці), і, абапіраючыся на вопыт су­дзейства абласнога тура, я прапанаваў вызначаць вынік па чаўночным бегу па трох секундамерах. Меркавалася, што на такім высокім узроўні большасць навучэнцаў бу­дзе знаходзіцца ў блізкім часавым дыяпазоне, аддзяляц­ь іх будуц­ь дзясятыя і нават сотыя долі секунды. Верагоднасць памылкі або некарэктнага ацэньвання ў выпадку з трыма секундамерамі зводзілася да нуля. Скачкі ў даўжыню, як і нахілы наперад, недакладнасцей у вызначэнні не выявілі. А вось сілавая гімнастыка і ў юнакоў, і ў дзяўчат патрабуе пэўных дапрацовак. Лічу, што ў палажэнні аб правядзенні алімпіяды варта больш пазначаць абмежаванні, якія могуць пазбавіць падыспытнага пэўнай колькасці паўтораў. У матэрыяле, які выйшаў у нумары “Настаўніцкай газеты” за 4 красавіка, я звярнуў увагу на праблему, што ўзнікла пры ацэньванні такога элемента, як падцягванне. Як на гарадскім, абласным, так і на рэспубліканскім узроўні не менш чым у паловы юнакоў былі цяжкасці, звязаныя з правільнасцю выканання базавага практыкавання. Гэтую праблему можна вырашыць толькі адным спосабам — пераглядам тэхнікі выканання практыкавання падчас трэніровачнага працэсу. Нам, настаўнікам фізічнай культуры і здароўя, варта звярнуць асаблівую ўвагу на такі аспект.

Трэці дзень. IV тур (практычны, гульнявыя віды спорту). У дзень адкрыцця алімпіяды кіраўнікі каманд прадстаўлялі ў аргкамітэт інфармацыю пра тое, у якім гульнявым відзе спорту з чатырох (валейбол, гандбол, футбол, баскетбол) будзе прымаць удзел навучэнец. Ён выконвае адно заданне, на якое даецца адна спроба. Гэтае пытанне хвалюе не толькі мяне. Многія, з кім даводзілася абмяркоўваць ход і вынікі алімпіяды, лічаць, што такое вызначэнне лепшага ў гульнявых відах спорту не можа быць карэктным. Адзіным правільным спосабам вызначэння лепшага гульца можа стаць комплекс, які ўключае ўсе чатыры прапанаваныя віду спорту.

Хочацца яшчэ раз падкрэсліць, што алімпіяда мае вялікае значэнне для развіцця фізічнай культуры ў краіне. Яна дае магчымасць рэалізавацца не толькі навучэнцам, якія імкнуцца да максімуму сваіх магчымасцей, але і настаўнікам, што змогуць атрымаць высокую ацэнку сваёй працы. Алімпіяда дапаможа праявіць сябе вучням з розных куточкаў краіны, якія не шукаюць апраўданняў сваім няўдачам, а шмат працуюць, не заўсёды маючы для гэтага адпаведныя ўмовы. Адным з такіх прыкладаў з’яўляецца Ула­дзіслаў Шапель, навучэнец 11 класа Абідавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна, уладальнік дыплома ІІІ ступені. Дзякуючы сваёй настойлівасці, працавітасці, дапамозе настаўніка фізічнай культуры і здароўя Ула­дзіміра Сямёнавіча Пазнякова, юнак дасягнуў высокіх вынікаў.

Андрэй БЯЗЛЕПКІН,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя вышэйшай катэгорыі Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.
Фота з архіва аўтара.