Субота ў “Сіняклубе”

- 14:51Адукацыйная прастора

Прагляд анімацыйных і мастацкіх фільмаў на французскай мове, цікавыя факты з гісторыі кінематографа, знаёмства з вядомымі французскімі акцёрамі і іх фільмамі — усё гэта магчыма ў “Сіняклубе”, які дзейнічае на базе абласнога рэсурснага цэнтра французскай мовы ў сярэдняй школе № 8 Гродна.

Што лепш: паглядзець фільм дома ці ў кампаніі аднагодкаў, да таго ж на французскай мове? Суботнія пасяджэнні “Сіняклуба” збіраюць шмат жадаючых. Асноўная мэта суботніх мерапрыемстваў гэтага навучальнага года — зацікавіць вучняў французскім кінематографам і французскай мовай.

На чарговым пасяджэнні аматараў французскага кіно чакаў займальны свет французскіх коміксаў: інфармацыя пра самыя вядомыя коміксы, знаёмства з гісторыяй стварэння, героямі і акцёрамі анімацыйнага фільма “Астэрыкс і Абелікс”, яго прагляд і абмеркаванне, конкурсы і віктарыны. Мерапрыемствы суботняга дня нікога не пакінулі абыякавымі, а прыемны сюрпрыз у выглядзе папкорну стварыў асаблівую атмасферу кінатэатра.

Добры настрой і задавальненне ад праведзенага разам часу аб’ядналі вучняў рознага ўзросту. Яны стварылі адну вялікую і дружную каманду, дэвізам якой сталі словы: “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Мы аматары французскага кіно”.

Удзельнічаць у рабоце “Сіняклуба” можна і дыстанцыйна. Для вучняў вобласці арганізоўваюцца дыстанцыйныя віктарыны, прысвечаныя французскаму кіно.

Святлана АНТРОПАВА,
настаўніца сярэдняй школы № 8 Гродна.