Скласці партрэт сучаснага куратара вучэбных груп УВА днямі паспрабавалі на І Рэспубліканскім форуме куратараў на пляцоўцы РІВШ.
“Асноўная мэта нашага форуму — актывізацыя і ўдасканаленне дзейнасці куратараў у агульнай сістэме выхаваўчай работы ва УВА. Нам было важна падштурхнуць куратараў да павышэння эфектыўнасці сваёй работы, сфарміраваўшы прафесійную суполку куратараў, якой ім так не хапала”, — паведаміла начальнік упраўлення выхаваўчай работы РІВШ Іна Галавач.
У час форуму былі выяўлены найбольш паспяховыя практыкі і напрацоўкі, творчыя ініцыятывы куратараў. Яны складуць “Метадычную скарбонку”, якая ў хуткім часе з’явіцца на сайце РІВШ, і імі змогуць карыстацца ўсе куратары. “У кожнай УВА нашай краіны штогод праводзіцца конкурс на лепшага куратара, але агульнага форуму не было. Калі мы аб’явілі аб яго правядзенні, да нас прыйшло каля 100 заявак, аднак нам прыйшлося выбраць толькі найбольш цікавыя. Былі адабраны 75 куратараў. Яны старанна рыхтаваліся і вельмі хваляваліся, бо не кожны рызыкне прадставіць сваю ідэю на рэспубліканскім узроўні. У выніку ў нас каля 30 пераможцаў у трох намінацыях. Форум атрымаўся сапраўдным святам адукацыі і зносін, і яго ўдзельнікі папрасілі зрабіць форум традыцыйным”, — дадала Іна Мікалаеўна.
На палях форуму адбыўся семінар “Работа куратара: сучасныя выклікі” з удзелам прадстаўнікоў Мінадукацыі, БПЦ, РІВШ, рэспубліканскіх цэнтраў і вядучых УВА краіны. Удзельнікі абмеркавалі актуальныя падыходы ў арганізацыі работы куратараў — нарматыўна-прававое забеспячэнне і арганізацыйна-метадычныя аспекты. Закранулі таксама пытанні фарміравання пачуцця патрыятызму ў моладзі, духоўна-маральных каштоўнасцей і павагі да нацыянальных традыцый. Абмеркавалі і псіхолага-педагагічныя аспекты ў рабоце куратара, у тым ліку сацыяльна-псіхалагічную адаптацыю першакурснікаў.
Чытайце матэрыял Вольгі Антоненкавай у нумары ад 11 лістапада 2022 года.