На ўроках настаўніка гісторыі Лошніцкай гімназіі Андрэя Марозава да дошкі выходзяць не проста вучні, а тыя асобы, якія стваралі мінулае. Прымяраючы на сябе гістарычныя ролі, дзеці дэталёва запамінаюць даты і падзеі, якія з імі звязаны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У тым, што больш дзейснага спосабу захапіць школьнікаў вывучэннем гісторыі не існуе, настаўніка не пераканае ніхто. Менавіта так, праз гульні і развіццё вобразнага ўяўлення, Андрэй Марозаў сам захапіўся гісторыяй.
Калі маленькі Андрэй прыходзіў дадому з дзіцячага сада, яны з татам і старэйшым братам гулялі ў настольныя гістарычныя гульні. А пасля таго як хлопчык вывучыў літары і навучыўся чытаць, ён адразу ўзяў у рукі гістарычныя кнігі. Так у бацькі і сына з’явілася адно захапленне на дваіх.
З кожным годам прага да ведаў расла, таму ў 5 класе, калі ў раскладзе з’явілася гісторыя, Андрэй Марозаў пачаў яе вывучаць больш глыбока. Веды, якімі валодаў, былі трывалымі, але цікаўнаму хлопчыку хацелася пашыраць базу. Каб гэтага дасягнуць, ён паглыблена вывучаў прадмет і штогод прымаў удзел у алімпіядах па гісторыі.
“Вялікі ўплыў, акрамя бацькі, на мяне аказала настаўніца гісторыі Галіна Міхайлаўна Галуза, — працягвае малады педагог. — Менавіта яна заўважыла маю цягу да прадмета і прапанавала наведваць дадатковыя заняткі. Дзякуючы заўсёды цікавым урокам, імкненню даведвацца новае, я задоўга да заканчэння школы вызначыўся з тым, што хачу стаць настаўнікам гісторыі”.
Пасля заканчэння Лошніцкай гімназіі Андрэй Марозаў паступіў на гістарычны факультэт БДПУ. За час вучобы ва ўніверсітэце малады чалавек яшчэ больш паглыбіўся ў прадмет, а пасля з багатым багажом ведаў прыехаў па размеркаванні ў родную Лошніцкую гімназію.
“З лёгкім хваляваннем успамінаю свой першы ўрок, — прыгадвае Андрэй Марозаў. — Тады я прыйшоў выкладаць у 7 клас мастацтва, якое вёў па сумяшчальніцтве. Усе 45 мінут прасядзеў за настаўніцкім сталом, бо не знайшоў смеласці выйсці і стаць ля дошкі. З цягам часу скаванасць прайшла, але першы ўрок атрымаўся менавіта такім”.
Разважаючы наконт таго, ці можна захапіць навучэнцаў такім прадметам, як “Мастацтва”, Андрэй Марозаў кажа, што ўсё залежыць ад методыкі выкладання і матывацыі дзяцей.
“Захапіць мастацтвам складаней, чым астатнімі прадметамі, бо на ім прымяняецца безадзнакавая сістэма ацэнкі, — разважае А.Марозаў. — Тым не менш гэта правільна, бо мастацтва — суб’ектыўны прадмет, а значыць, мы не можам аднолькава ацаніць дзяцей. У любым выпадку заўсёды стараюся зрабіць урок цікавым і прыцягваць да ўзаемадзеяння ўсіх навучэнцаў”.
Матывацыя на 9
Для таго каб заняткі былі максімальна карыснымі і прадукцыйнымі, педагог карыстаецца простым прыёмам: стварае ў класе сітуацыю тэматычнай дыскусіі, да якой прыцягвае ўсіх. Андрэй Марозаў упэўнены, што сучасны ўрок — гэта дыялог, падчас якога дзеці павінны задаваць пытанні.
“Так мы працуем у дачыненні да кожнай тэмы па гісторыі, — заўважае настаўнік. — Сёння стараюся ўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства і напаўняць урок новымі формамі падачы інфармацыі. Гэта важна і для мяне як для настаўніка, і для вучняў, якія прывыклі атрымліваць максімум карысных ведаў”.
Знайсці падыход да тых, хто не хоча вучыць прадмет, і зацікавіць іх гісторыяй настаўніку дапамагае індывідуальны падыход.
“Працуючы ў школе, я ўжо не раз упэўніўся ў тым, што кожнае дзіця ўнікальнае, — падкрэслівае Андрэй Марозаў. — Нягледзячы на тое, што ў дачыненні да кожнага можна прымяніць базавыя метады матывацыі — адзнакі, часам і яны не працуюць. Але ў мяне ёсць свае бонусы. Было многа прыкладаў, калі навучэнец, які не вельмі добра паспявае па прадмеце, упершыню стараецца і выконвае пэўнае заданне на аб’ектыўныя 7 балаў. Ведаючы, колькі намаганняў гэтыя дзеці зрабілі над сабой, каб атрымаць такую адзнаку, я стаўлю ім на некалькі балаў вышэй. Гэта дапамагае матываваць дзіця. Я на ўласным прыкладзе бачыў, і не раз, як такія навучэнцы, атрымаўшы ўмоўныя 9 балаў, на наступны ўрок прыходзілі адухаўлёнымі і стараліся пацвердзіць адзнаку, якую зарабілі. Яны стараюцца адказваць на пытанні, выказваюць свае меркаванні і такім чынам уцягваюцца ў тэму”.
Найбольш складана ўтрымаць цікавасць да гісторыі ў навучэнцаў старшых класаў: яны ўжо вызначыліся з будучай прафесіяй і робяць ухіл на вывучэнне тых дысцыплін, якія спатрэбяцца пры паступленні. Астатнія ўрокі для іх становяцца другаснымі.
“Дзецям, якія ведаюць, што ім для будучыні патрэбна матэматыка, а не гісторыя, стараюся даць тую базу інфармацыі, якой яны ў абавязковым выпадку павінны валодаць згодна са школьнай праграмай, — працягвае настаўнік. — Я не буду патрабаваць тых ведаў, якія пераўзыходзяць іх узровень. Каб усё атрымлівалася менавіта так, настаўнік павінен правільна будаваць падыход да правядзення ўрока. Лекцыйны варыянт падачы інфармацыі ў такім выпадку адназначна будзе правальным”.
Лошнік-квест
Матываваныя дзеці — аднадумцы Андрэя Марозава. Калі педагог бачыць, што вучням цікавы яго прадмет, ён прапануе ім дадатковыя заняткі. З такімі навучэнцамі настаўнік пастаянна на сувязі. Калі трэба растлумачыць нейкае пытанне альбо знайсці інфармацыю па той ці іншай тэме, вучні пішуць свайму Андрэю Сяргеевічу ў Telegram.
“Я ўпэўнены, што настаўнік павінен быць адкрытым са сваімі навучэнцамі і заўсёды падтрымліваць іх, — выказвае меркаванне выкладчык гісторыі. — Дадатковыя заданні, тэматычныя дыскусіі, а таксама абмеркаванне вучэбных праектаў — гэта асноўныя запыты, з якімі дзеці звяртаюцца да мяне ў пазаўрочны час”.
Адной з паспяховых сумесных ініцыятыў, якую развівалі настаўнік і вучні, стала распрацоўка экскурсійна-адукацыйнага праекта для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе па грамадзянска-патрыятычным выхаванні “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Створаны праект — гэта сайт, прысвечаны Лошніцы. Над ідэяй разам з настаўнікам працаваў навучэнец Андрэй Крывашэенка, які сёлета стаў студэнтам гістарычнага факультэта БДУ.
“Падчас удзелу ў конкурсе ў намінацыі “Край.by” Андрэй Крывашэенка прэзентаваў праект “Лошнік-квест”, — дзеліцца дасягненнямі сваіх вучняў настаўнік. — Тут сабраны матэрыялы аб гісторыі населенага пункта, звесткі пра вядомых выхадцаў з Лошніцы. Мы не проста сабралі вядомую інфармацыю, але і знайшлі многа новых цікавых фактаў, якія сістэматызавалі і прадставілі ў даступным выглядзе. Большую частку інфармацыі шукалі ў бібліятэцы, пасля апрацоўвалі сабраныя звесткі і факты. Калі ўжо мелі пэўны фундамент, пачалі працаваць над праектам, пры гэтым карысталіся шматлікімі платформамі. Сёння на сайце ёсць гульня з інтэрактыўнай картай. У сёлетніх планах — папаўненне платформы новымі звесткамі. Што тычыцца праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, то ён накіраваны на прыцягненне навучэнцаў да вывучэння гісторыі, культуры і прыроды малой радзімы”.
Зараз настаўнік рыхтуецца да фіналу рэспубліканскага конкурсу “Педагагічны дэбют” у намінацыі “Малады настаўнік” і стараецца эфектыўна сумяшчаць выкладанне з падрыхтоўкай да прафесійнага спаборніцтва.
“Удзел у конкурсе — гэта магчымасць яшчэ раз нагадаць самому сабе, што сучасны настаўнік павінен імкнуцца да самаўдасканалення і любіць сваю прафесію. Напэўна, гэта і ёсць падмурак, на якім грунтуецца прафесіяналізм”, — адзначае педагог.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА